Белае, ружовае і блакітнае, кветкі, музыка, радасць і ўсмешкі… Усё гэта – вяселле…І ўсё гэта было ў іх жыцці. І цяпер, праз прайшоўшыя гады, ізноў для іх урачыста іграла музыка, гучала вясёлае "горка", свяціліся радасцю твары родных і знаёмых. А яны самі, усхваляваныя і расчуленыя, не маглі знайсці словы, каб выказаць удзячнасць і прызнанне за наладжаную для іх урачыстасць яе арганізатарам – дырэктару Тучанскага СДК Валянціне Мікалаеўне Здрок і мастацкаму кіраўніку Святлане Міхайлаўне Клубовіч, загадчыцы Тучанскай сельскай бібліятэкі Валянціне Іосіфаўне Здрок.
Ушанаванню сямейных пар, якія жывуць на тэрыторыі Тучанскага сельскага Савета, было прысвечана мерапрыемства, прымеркаванае да раённага семінара-практыкума работнікаў культуры. Вядучыя, якія цудоўна справіліся з ролямі "мужа" і "жонкі", -- аператар мясцовага аддзялення сувязі Ірына Гаўрыс і настаўнік Тучанскага ВВК Васілій Белы - запрасілі прысутных у глядзельную залу Тучанскага сельскага Дома культуры. Іх увагу прыцягнуў прыгожа аформлены плакат "От ситцевой – до бриллиантовой".
Першымі на сцэну падняліся і адказвалі на дасціпныя і адначасова каверзныя пытанні вядучых Дзмітрый Аляксандравіч і Ала Казіміраўна Войцік, сумесная жыццёвая дарога якіх пачалася 7 жніўня 2004 г. Няхай яна будзе такой, як у Пятра Васільевіча і Зінаіды Уладзіміраўны Аскерка, за плячыма якіх 50 сумесна пражытых гадоў. Яны сталі мужам і жонкай у далёкім 1959 годзе.
У працяглым сумесным жыцці заўсёды імкнуліся да разумення адзін другога, шанавання і падтрымання ў самых розных жыццёвых сітуацыях, выхавалі дастойных дзяцей – дачушку і двух сыноў, адзін з якіх – старшыня СВК "Лазавічы" нашага раёна, -- сваю надзейную старасць і апору. А цяпер дапамагаюць гадаваць пяцёра ўнукаў і праўнучку. На мерапрыемстве Пётр Васільевіч і Зінаіда Уладзіміраўна падзяліліся сакрэтамі шчаслівага шлюбу, мудрымі парадамі, як захаваць любоў і лад на доўгія гады.
У сумесным жыцці Казіміра Іосіфавіча і Валянціны Фёдараўны Мардасевіч няма старонак, за якія б ім было сорамна. Галава сям'і да 78 гадоў працаваў у сельскай гаспадарцы: фуражырам, брыгадзірам, кладаўшчыком. За шматгадовую і бездакорную працу неаднаразова ўзнагароджваўся ганаровымі граматамі, мае медалі "Ветэран працы", "Ветэран ДНД". Але асноўнай узнагародай для Казіміра Іосіфавіча з'яўляюцца людская павага і ўдзячнасць. 38 гадоў налічвае працоўны стаж яго жонкі Валянціны Фёдараўны. За сваю нялёгкую працу – спачатку загадчыка гаспадарчай часткі дзіцячага сада, а затым вагаўшчыка ў мясцовай сельскай гаспадарцы – яна ўдастоена звання "Ветэран працы". Найвышэйшы тытул "муж" і "жонка" гэта сям'я праверыла на трываласць і вернасць на працягу 55 сумесна пражытых гадоў. Дастойна прайшоўшы праз усе выпаўшыя на іх долю выпрабаванні і цяжкасці, яны захавалі ўзаемную любоў і адданасць, і, як эстафетную палачку, перадалі гэта сваім дзецям, 3 унукам і праўнуку.
Добра ведаюць у Тучы працавітую і дружную сям'ю Аляксандра Аляксандравіча і Марыны Аляксееўны Шлапаковых, якія ўжо 20 гадоў ідуць побач у каханні і згодзе, выхавалі добрых дзяцей, перадалі ім любоў да працы і павагу да людзей. Цяпер сын – студэнт медыцынскага каледжа, а дачка – навучэнка Тучанскага ВВК. У сваім жыцці яны бяруць прыклад з бацькоў, паважаных у сваёй вёсцы людзей. Аляксандр Аляксандравіч – дастойны прадаўжальнік хлебаробскіх традыцый свайго бацькі Аляксандра Апанасавіча. Іх сямейны экіпаж быў лепшым у гаспадарцы, у яго гонар неаднаразова ўзнімаўся сцяг Працоўнай Славы. Аляксандр Аляксандравіч таксама навучыўся атрымліваць высокія намалоты збожжавых, а ў 2000 г. па працоўных паказчыках выйшаў на першае месца ў вобласці і быў узнагароджаны аўтамабілем "Жыгулі". "Под стать" мужу і Марына Аляксееўна. Педагог па адукацыі і прызванні, яна – не толькі цудоўная жонка і маці, але і добры дарадца ва ўсіх справах і пачынаннях свайго мужа.
30 гадоў пражылі разам Міхаіл Міхайлавіч і Валянціна Васільеўна Лісавец. Сёлета гэта сям'я адзначыла жамчужнае вяселле. Міхаіл Міхайлавіч здолеў знайсці сваю каштоўную жамчужыну, якая 30 гадоў асвятляе яго жыццёвы шлях каханнем, узаемнымі клопатамі, самаахвярнасцю. Ён працуе галоўным інжынерам - энергетыкам у СПФ "Туча" РУП "Мінск-Крышталь", а Валянціна Васільеўна – настаўніца. Яна не аднаму пакаленню дапамагла атрымаць веды, стаць на самастойны шлях. А дома – гэта ўважлівая, клапатлівая жонка, матуля, гаспадыня. Бацькі – добры прыклад для дзяцей, якія ўжо знайшлі свае працоўныя сцяжыны ў самастойным жыцці. Сын Аляксандр – старшы дазнаўца РАУС, маёр міліцыі. Дачка Вольга – галоўны бухгалтар аўтабазы райспажыўтаварыства.
На мерапрыемстве шмат гучала песень, якія сагравалі людскія сэрцы не менш, чым шчырыя віншаванні і ўспаміны мінулых гадоў. Для віноўнікаў урачыстасці спявалі Наталля і Таццяна Крыцук, Галіна Буката, Вераніка Картамышава, Сяргей Дучынскі, Павел Лембіеўскі, Сяргей Клубовіч, Алёна Касцюкевіч. М.А.Пуляк – дырэктар Янавіцкага СДК і Н.М.Войцік – дырэктар Кухчыцкага СДК – ад імя культработнікаў, якія прысутнічалі на мерапрыемстве, далі яму найвышэйшую адзнаку, выказалі захапленне ад убачанага.
Як бачна, на тэрыторыі Тучанскага сельскага Савета жыве нямала моцных і шчаслівых сем'яў, якія пражылі ў каханні і згодзе не адно дзесяцігоддзе. І каму, як не прадстаўніку мясцовай улады, ведаць, як жывуць людзі, у якіх дамах пануюць лад і дабрабыт, а дзе – непакой і бяда. Сямейных юбіляраў цёпла і пранікнёна павіншавала і ўручыла памятныя дыпломы сакратар Тучанскага сельвыканкама Наталля Леанідаўна Бурак. Віншавальныя словы віноўнікам урачыстасці адрасаваў таксама дырэктар СПФ "Туча" РУП "Мінск – Крышталь" С.А.Урбановіч. Кожная юбілейная сямейная пара, якая прысутнічала на мерапрыемстве, атрымала адметныя падарункі.
"Як добра мець дружную сям'ю, здаровых і шчаслівых дзетак", - напэўна, так падумалася не аднаму ўдзельніку мерапрыемства. Бо, дзе б чалавек ні аказаўся, куды б яго ні закінуў лёс, яго заўсёды будзе чакаць надзейная прыстань – бацькоўскі дом, цяпло, спагада і разуменне родных людзей. Дык няхай у ім заўсёды свеціць агеньчык надзеі і дабра.
Ірына Уласень.
Отправить комментарий