Іх у УП "ПМК "Сельспецмантаж" – сем: абаяльных, жаноцкіх, непаўторных і непадобных адна на другую. Але такіх неабходных і патрэбных у сваім мужчынскім калектыве. І кожная з іх – асоба: са сваім характарам і індывідуальнасцю. Галіна Іванаўна Новік – энергічная жанчына і цудоўная маці, а да таго ж - выдатны спецыяліст сваёй справы: вядзе кадры і бухгалтэрыю. Ніна Мікалаеўна Халецкая – інжынер па тэхніцы бяспекі і ахове працы, вясёлая, ініцыятыўная, добрая паплечніца мужу і маці сваім дзецям, якую пашукаць. Усё жыццё аддала прадпрыемству Тэрэза Фёдараўна Зубовіч. Доўгі час яна загадвала складам, цяпер, знаходзячыся на заслужаным адпачынку, працуе ў ахове "Сельспецмантажа". Лёс не песціў гэту жанчыну. Але, нягледзячы на гэта, Тэрэза Фёдараўна – па-ранейшаму чулая, спагадлівая, заўсёды гатовая прыйсці на дапамогу, маральна падтрымаць калектыў, асабліва маладых. У іх ліку Наталля Пятроўна Горбач, якой Т.Ф.Зубовіч перадала свае абавязкі кладаўшчыка. Побач з Тэрэзай Фёдараўнай працуе ў ахове Людміла Іванаўна Шыш. Старанная працаўніца і адмысловая маці дачкі-студэнткі, якую, дарэчы, выхоўвае адна. Самая маладая сярод калег – Святлана Пятроўна Паўлоўская. Чысціня і парадак у кабінетах і вытворчых памяшканнях – гэта яе заслуга. А дома Святлану Пятроўну, яе клопатаў і пяшчоты чакаюць муж і двое маленькіх дзетак.
Здолела аб'яднаць жанчын у адзінае цэлае энергічная, добразычлівая жанчына, якая добра ведае свой калектыў і яго патэнцыяльныя магчымасці, Надзея Іванаўна Прыблоцкая – галоўны бухгалтар УП "ПМК "Сельспецмантаж" і ў адной асобе старшыня прафсаюзнага камітэта, старшыня жаночага савета. І па роду дзейнасці, і па закліку душы яна блізка да сэрца прымае жаночыя праблемы.
- Я пераканана, што ў жаночым руху заключана вялікая сіла, - гаворыць Надзея Іванаўна. – Мы аб'ядналіся ў яго не дзеля інтрыг, нейкай асабістай выгоды, а дзеля рашэння ўзнікаючых сацыяльных праблем. Калі раней жаночыя арганізацыі ў многім капіравалі партыйныя і прафсаюзныя органы: заслухоўвалі справаздачы, адзначалі недахопы, ушчувалі парушальнікаў працоўнай і выканальніцкай дысцыпліны, то цяпер на першым плане – жанчына са сваімі інтарэсамі, клопатамі, а іншы раз і няўпэўненасцю ў заўтрашнім дні. Стала больш творчага пошуку, ініцыятывы, сучаснага падыходу да вырашэння праблем. На ўсе 180 градусаў павернута да жаночых праблем кіраўніцтва нашай арганізацыі. Вельмі ўважлівы да працаўніц калектыву, разумее іх, прыкладае намаганні для вырашэння праблем і паляпшэння жыцця начальнік Сяргей Міхайлавіч Халецкі. І мы, жанчыны, рады працаваць у такім мужчынскім калектыве, які разумее нас і пастаянна падтрымлівае.
У полі зроку жансавета "Сельспецмантажа" – ахова правоў жанчын-працаўніц, паляпшэнне ўмоў іх працы і быту, ахова здароўя, сям'і, мацярынства і дзяцінства, зыходзячы з рэалій сённяшняга дня. Асабліва хвалююць неблаганадзейныя, малазабяспечаныя і няпоўныя сем'і, паводзіны падлеткаў.
На рахунку жансавета шэраг карысных спраў. Пры падтрымцы кіраўніцтва наладжваюцца святочныя мерапрыемствы, прымеркаваныя да Дня жанчын, Дня маці, Новага года. У сувязі з неспрыяльным на высокую ўраджайнасць мінулым годам калектыў быў забяспечаны гароднінай: бульбай, буракамі, морквай. Не абыходзяцца ўвагай юбіляры. Вядома, гэта – кропля ў моры. Але
наперадзе ў жансавета – шмат цікавых, захапляючых і аб'ядноўваючых калектыў у адзінае цэлае спраў. За абмеркаваннем адной з іх жанчыны УП "ПМК "Сельспецмантаж" і сабраліся разам.
Ірына Уласень.
Фота Яўгеніі Семянчук.
Отправить комментарий