Клецкая перамога над татарамі ў жніўні 1506г., даўно стала сваеасаблівым “брэндам” мінуўшчыны нашага горада. Яна трывала ўвайшла ў падручнікі па гісторыі, знайшла адлюстраванне ў мастацкай літаратуры. Сёння кожны кляччанін хоць што-небудзь ды ведае пра гэту падзею. А вось імя і лёс чалавека, які здабыў тут перамогу, мала каму вядомы. А між тым біяграфія князя Міхаіла Глінскага настолькі насычана падзеямі, што на яе аснове можна было б стварыць выдатны раман і найцікавейшы гістарычны серыял. Пакуль жа абмяжуемся артыкулам.
Па іроніі лёсу ў жылах чалавека, які здабыў сабе славу як пераможца крымскіх татар, цякла менавіта татарская кроў. Свой род ён вёў ад вядомага хана Мамая, адзін з унукаў якога - Лекса - напрыканцы XIV ст. выехаў у Вялікае княства Літоўскае. Ён перайшоў у праваслаўе і атрымаў ад князя Вітаўта невялікі гарадок Глінск, адсюль і пайшло прозвішча Глінскіх. Цюркскія карані падкрэсліваў і родавы герб, які паходзіў ад татарскай тамгі (знака ўлады) і сімвалізаваў княжацкі пасад. На працягу XV ст. Глінскія верай і праўдай служылі новай радзіме. Род разрастаўся, мацнеў, атрымліваў новыя землі, але на першыя месцы ў княстве яго прадстаўнікі ніколі не выходзілі. Найбольшых вяршынь было наканавана дасягнуць менавіта Міхаілу Львовічу Глінскаму.
Можа б і яго чакаў непрыкметны лёс служывага князя, каб не ўдалае замужжа сястры. Фядора Глінская стала жонкай Марціна Храптовіча, чый род займаў высокае месца пры двары. Калі адзін з Храптовічаў быў накіраваны паслом у Свяшчэнную Рымскую імперыю, ён узяў з сабою і Міхаіла. Юнацтва і маладосць князь правёў за мяжой. Ён перайшоў у каталіцтва, жыў у Германіі, Італіі, Іспаніі, добра засвоіў нямецкую мову, заходнееўрапейскія манеры, прыдворныя норавы. За храбрасць, праяўленую пад час службы ў войску, здабыў прыхільнасць імператара Максімільяна. На радзіму Міхаіл вярнуўся вопытным ваяводам і палітыкам. Не дзіўна, што ён хутка стаў сябрам і дарадцам вялікага князя Аляксандра. Заняў пасаду маршалка дворнага (кіраўніка гаспадарчымі справамі вялікага князя), кіраваў манетным дваром. У перыяд ад’ездаў Аляксандра ў Кракаў (ён быў і каралём польскім) Глінскі фактычна замяшчаў яго ў ВКЛ. Адпаведна расло і багацце пана Міхаіла. Ён атрымаў Тураў, маёнткі на Падляшшы (сучасная Польшча) і каля Ліды, шэраг іншых уладанняў. Здабываў пасады і землі і для сваіх братоў.
Імклівае ўзвышэнне рода выклікала незадавальненне старой арыстакратыі. Нядобразычліўцы ўсяляк імкнуліся адхіліць іх ад двара. Асабліва стараўся гродзенскі ваявода Ян Забярэзінскі. Хадзілі чуткі, што варожасць паміж вяльможамі ўспыхнула з-за жанчыны. Глінскі, нібыта, прывёў да сябе прыгожую грачанку, якая цудоўна спявала, грала на арфе і танцавала, а Забярэзінскі яе выкраў. Дараваць гэтага Міхаіл не змог. Так гэта было ці не, мы ніколі не дазнаемся. Важна іншае. Першыя асобы дзяржавы сварыліся паміж сабой у час, калі адзінства было патрэбна як ніколі. На ўсходзе вялікія землі захапіла Маскоўскае княства, з поўдня штогод урываліся орды крымскіх татар. А спрэчкі паміж панамі пагражалі перарасці ва ўзброенае супрацьстаянне. Толькі вялікі князь Аляксандр яшчэ мог неяк прымірыць сапернікаў, але яго здароўе ўсё больш пагаршалася.
Чарговы татарскі набег летам 1506г. застаў вялікага князя зусім хворым. Арганізаваць абарону дзяржавы Аляксандр даручыў Міхаілу Глінскаму і гетману Станіславу Кішку. Ад палонных правадыры войска дазналіся, што галоўныя сілы татар стаяць пад Клецкам, куды і павялі свае харугвы. Клецкая выправа завяршылася поўным разгромам крымчакоў. У лісце да вармійскага біскупа Глінскі пісаў: “пры дапамозе найдабрэйшага Бога, а таксама дзякуючы шчаслівай фартуне, якая спрыяе Каралеўскай Вялікасці, усе войскі татар… у паспяховай бітве за ракой Лань… нашым падрыхтаваным войскам цалкам разбіты і знішчаны. Людзі ж, колькасць якіх перасягае сорак тысяч чалавек, што імі ў палон былі ўзяты, усе здаровымі дадому вернуты”. У якасці падарунка да біскупа быў накіраваны палонны татарын: “з намерам выставіць яго на агляд хрысціянам, каб яны, згадваючы і само такое вялікае дабрадзейства, і перамогу, падзякі ды хвалу Богу збаўцу нашаму, узносілі”. Пра свае заслугі ў бітве Глінскі маўчаў, падкрэсліваючы мужнасць ваяроў, кожны з якіх “двадцаць ці трыццаць ворагаў да ўцёкаў прымушаў”. А між тым, ён быў у самай гушчы бою, пад ім тройчы забівалі каня, і толькі цудам князь застаўся жывы і нават непаранены. Больш таго, менавіта Глінскі, а не Кішка, камандаваў войскам. Не па сваёй волі ён прыняў камандаванне, але выбару не меў.
Справа ў тым, што ў ноч перад бітвай гетман раптам так моцна захварэў, што не мог нават сесці на каня. Камандаванне было вырашана перадаць Глінскаму. Ён жа добра разумеў, што хаваецца за гэтым рашэннем. У выпадку паражэння на яго можна будзе зваліць усю віну і выставіць перад вялікім князем у самым горшым выглядзе. Таму Міхаілу Львовічу была патрэбна толькі перамога, якую ён і здабыў. Праўда, скарыстаўся магчымасцю аслабіць аднаго са сваіх ворагаў: раўнадушна назіраў, як татары высякалі аддзел Забярэзінскага, што пераправіўся на другі бераг без падтрымкі; а потым насадзілі голаву яго камандзіра Копця на кап’ё і з рогатам насілі перад войскам.
Вестку пра клецкую перамогу яшчэ паспелі перадаць Аляксандру, а 20 жніўня кароль і вялікі князь памёр. Трон перайшоў да яго брата Жыгімонта. Для Глінскага наступіў цяжкі час. Паддаўшыся нагаворам Забярэзінскага, новы гаспадар адабраў у яго кіраванне манетным дваром, пасаду маршалка, Падляшскія ўладанні. Яго брата Івана пазбавілі Кіеўскага ваяводства. Міхаіл спрабаваў дабіцца справядлівага суда, але манарх праігнараваў скаргу. І тады Глінскі вырашыў дзейнічаць самастойна. У лютым 1508г. ён захапіў маёнтак Забярэзінскага і забіў свайго галоўнага ворага. Гэта стала пачаткам мецяжу. Міхаіл рушыў на Палессе і распачаў баявыя дзеянні супраць законнага ўладара. Жадаючы прыцягнуць на свой бок як мага больш людзей, ён абвясціў, што змагаецца за праваслаўную веру, супраць насаджэння каталіцтва, але гэтыя словы з вуснаў католіка гучалі непераканаўча. Да таго ж, яго палкі лютавалі так, што хутка сталі выклікаць жах у насельніцтва. Мяцежнікі захапілі Тураў, Бабруйск і Мазыр, дзейнічалі пад Копылем, Слуцкам, Менскам. У гэты час Глінскі сватаецца да Анастасіі Слуцкай, аднак рухаў ім выключна палітычны разлік. Анастасія паходзіла з роду былых кіеўскіх князёў, ажаніўшыся з ёю, Глінскі на законных падставах мог прэтэндаваць на кіеўскі пасад. У марах ён ужо бачыў сябе гаспадаром асобнай Кіеўскай дзяржавы, пад пратэктаратам крымскага хана, але Анастасія яму адмовіла. Помсцячы за няўдачу, Глінскі цалкам спустошыў Случчыну. Сучаснікі адзначалі, што не ведалі такой шкоды нават ад татар.
Хутка князь зразумеў, што мяцеж праваліўся. Праваслаўнае насельніцтва яго не падтрымала, большасць шляхты засталася на баку Жыгімонта. Пад сцягамі былога маршалка змагалася не больш дзвюх тысяч войнаў. І тады Глінскі заключыў пагадненне з маскоўскім паслом. Ён прызнаў сябе васалам Васіля ІІІ. За гэта яму абяцалі ваенную падтрымку і перадачу ва ўладанне ўсіх заваяваных гарадоў і замкаў. Неўзабаве атрады мяцежнікаў сумесна з маскоўскімі палкамі ўзялі ў аблогу Менск. “Агонь пускалі і шкоды чынілі” пад Слуцкам, Слонімам, Клецкам, Навагрудкам. Даходзілі нават да Вільні, але поспеху нідзе не дасягнулі. Летам 1508г. мяцежнікі былі вымушаны адступіць за Днепр. Неўзабаве Глінскі, яго браты і паплечнікі па паўстанню пераехалі ў Маскоўскую дзяржаву. Князь атрымаў новыя землі – Малаяраславец і Бароўск – але гэта не ішло ні ў якое параўнанне з тым, што ён страціў на радзіме.
Міхаіл Львовіч не супакоіўся, ён падбухторваў маскоўскага ўладара да новай вайны з Вялікім княствам Літоўскім. Актыўна шукаў яму саюзнікаў на захадзе, спрыяў паразуменню з імператарам Максімільянам, пры двары якога некалі служыў. У выніку было заключана таемнае пагадненне паміж Свяшчэннай Рымскай імперыяй і Масквой аб падзеле зямель Вялікага княства і Польшчы. Новая вайна выбухнула ў 1512г. Галоўнай мэтай быў захоп Смаленска, які Васіль ІІІ абяцаў перадаць Глінскаму. Двойчы маскоўскія войскі бралі горад у аблогу і двойчы адступаліся ад яго сцен. Смаляне мужна адбівалі ўсе штурмы. Сведка тых падзей здзіўлена пытаўся:“Хто і калі чуў пра такую аблогу, якая так доўга і моцна працягвалася?!”. У трэці раз, летам 1514г., пад Смаленск падышло 80-тысячнае войска з трымя сотнямі гармат. Пасля артылерыйскага абстрэлу горад капітуліраваў. Не апошнюю ролю ў гэтым адыгралі ўгаворы Глінскага. Князь добра ведаў усіх кіраўнікоў абароны, абяцаў ім выгадныя ўмовы здачы і асабістыя гарантыі бяспекі. І вось дабіўся свайго. Аднак яго чакала расчараванне. Васіль ІІІ нават не збіраўся аддаваць яму Смаленск. Калі ж Глінскі нагадаў пра абяцанні, пачуў здзеклівы адказ:“Дару табе ўсё Вялікае княства Літоўскае!”. Пакрыўджаны князь рашыўся на чарговую здраду. Ён накіраваў таемны ліст да Жыгімонта, прасіў дараваць ранейшую віну і абяцаў дапамогу ў вайне з маскавітамі. Акрамя таго, даваў некаторыя парады адносна далейшых баявых дзеянняў. Узрадаваны Жыгімонт прыслаў былому мяцежніку ахоўную грамату, але так і не дачакаўся яго ў сваім лагеры. Маскоўскія ваяводы выкрылі здраду. Глінскага пад вартай адвезлі на царскі суд. Прыняўшы праваслаўе, князь уратаваў сабе жыццё, аднак быў закаваны ў кайданы і кінуты ў турму.
На гэтым можна было б паставіць кропку. Але неспакойнага князя яшчэ чакалі павароты лёсу. У 1526г. Васіль ІІІ ажаніўся другі раз. Новай абранніцай стала Алена Глінская - пляменніца Міхаіла. Яна ўгаварыла мужа выпусціць дзядзьку з вязніцы. Праз 13 гадоў ён выйшаў на волю. Здавалася, Васіль забыўся пра яго ранейшыя інтрыгі. Глінскі нават узначаліў войска ў паходзе на Казань. А ў 1533г., незадоўга да сваёй смерці, Васіль паклікаў яго да сябе і папрасіў быць апекуном пры малалетнім спадкаемцу трона да часу дасягнення ім паўналецця. На той момант Івану - будучаму цару Івану Жахліваму - было толькі тры гады. Глінскі зноў узняўся на вяршыню ўлады. Але, як і некалі ў ВКЛ, старая знаць не жадала яго ўзвышэння. Нават вялікая княжна Алена выступіла супраць дзядзькі, абвінаваціўшы яго ў змове і намеры самому стаць на чале дзяржавы. Па загаду Алены Глінскага асляпілі і зноў кінулі ў турму. Пляменніца забараніла яго карміць і неўзабаве Міхаіл Львовіч Глінскі – нашчадак ханаў Залатой Арды, былы маршалак Вялікага княства Літоўскага, прыдворны імператара Свяшчэннай Рымскай імперыі, славуты воін - памёр ад голаду. Яму было 64 гады.
Немагчыма адназначна ацаніць ролю М.Глінскага ў нашай гісторыі. У яе назаўсёды ўпісана і славутая перамога пад Клецкам, і ганебная здрада радзіме. А можа, і не трэба нічога ацэньваць? Дастаткова проста ведаць і помніць.
Отправить комментарий