У народзе кажуць: “Сакавік рыхтуе дарогу вясне, а красавік вясну пачынае”. Раніцай яшчэ холадна, магчыма, ідзе снег, і ўсё ж набліжэнне вясны ўжо адчуваецца.
Першай прыкметай абуджэння раслін ад зімовага сну можна лічыць пачатак руху соку ў ствалах дрэў. У Беларусі гэта з’ява ў асноўным прыпадае на сакавік, што і дало назву месяцу. 21 сакавіка – дзень вясновага раўнадзенства, пачатак астранамічнай вясны. Яна толькі ўступае ў свае правы, а земляроб хоча ведаць, якое яго чакае лета. Таму назіральныя людзі гавораць: “Сухі сакавік, цёплы красавік, мокры май – жыта будзе ўраджай”, “Сухі марац, мокры май – будзе жыта нібы гай”, “Сакавіцкі снег каштуе паловы ўгнаенняў”, “Ранняя вясна нічога не вартая”. Па сакавіку нярэдка мяркуюць аб надвор’і ў іншыя вясеннія і летнія месяцы: “Якая другая палова сакавіка – такая першая палова красавіка”, “У сакавіку туман – у жніво дождж пан”. Даўно прыкмецілі: калі на Фядота (4 сакавіка) снежны занос – да позняй травы, якая Еўдакія (14 сакавіка) – такое і лета.
Отправить комментарий