12 сакавіка адбылося пасяджэнне фінансава-эканамічнай камісіі раённага Савета дэпутатаў. У цэнтры ўвагі было выкананне патрабаванняў Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №21 “Аб павышэнні ролі органаў мясцовага кіравання і самакіравання ў рашэнні пытанняў жыццязабеспячэння насельніцтва”. Па гэтым пытанні да членаў камісіі і старшынь сельвыканкамаў з інфармацыяй звярнулася дэпутат Мінскага абласнога і Клецкага раённага Савета дэпутатаў, начальнік фінансавага аддзела райвыканкама С.А.Апанасевіч. Сваю размову яна пабудавала на пытаннях складання і выканання бюджэта сельскіх Саветаў. У сувязі з тым, што адбыліся змены ў налічэнні некаторых падаткаў, якія з’яўляюцца асноўнай крыніцай папаўнення вышэйзгаданых бюджэтаў, гэту работу патрэбна будаваць па-новаму. “разам з тым неабходна памятаць аб забеспячэнні павелічэння ўзроўню ўласных прыбыткаў, шукаць дадатковыя іх крыніцы: развіваць аграэкатурызм, здаваць у арэнду зямельныя ўчасткі, рэалізоўваць безгаспадарчую маёмасць, прадаваць грамадзянам зямельныя ўчасткі”, - падкрэсліла Святлана Аляксандраўна.
Бурнае абмеркаванне адбылося ў час разгляду пытання перадачы на баланс РКУП “Клецкая ЖКГ” вадаправодных і каналізацыйных сістэм, артэзіянскіх свідравін, воданапорных вежаў. У ходзе яго старшыня раённага Савета дэпутатаў С.У.Чакун падкрэсліла, што без пэўнага кампрамісу некалькіх бакоў і большых разваротлівасці і аператыўнасці вырашыць яго ў пастаўлены тэрмін – за бягучы год - наўрад ці атрымаецца.
У час пасяджэння ўзнімаліся таксама пытанне штатнай колькасці сельвыканкамаў, а таксама кантрольныя: “Аб стварэнні раённага фонду пажарнай бяспекі” і “Аб рабоце транспартнай галіны па развіцці і паляпшэнні пасажырскіх перавозак на тэрыторыі Клецкага раёна”. Апошняе, дарэчы, узята пад строгі кантроль па той прычыне, што транспартнае абслугоўванне выклікае асаблівую незадаволенасць мясцовага насельніцтва, на што звяртала ўвагу і раённая газета ў адной са сваіх нядаўніх публікацый.
Жанна Гардзіевіч.
Отправить комментарий