Дзеці – наша будучыня. Для краіны. Для асобнай сям'і. Для сваіх бацькоў. Наведваючы ў час праводзімых рэйдаў неблаганадзейныя сем'і нашага раёна, часта даводзіцца браць пад сумненне гэту прапісную ісціну. Агульнавядома, што добрай лічыцца тая сям'я, дзе камфортна сябе адчуваюць як дарослыя, так і дзеці. Бацькі працуюць, клапоцяцца аб дабрабыце сваёй сям'і, займаюцца належным выхаваннем дзяцей: галубяць-песцяць іх, забяспечваюць сваім сынкам і дачушкам бесклапотнае дзяцінства, дапамагаюць ім ажыццяўляць мары, дабівацца пастаўленай мэты, трывала стаць на ногі. І дакладна ведаюць, хто падасць ім кубак вады, калі надыдзе старасць. Але ці задумваліся аб гэтым Т.В.Нікульская, Т.У.Шнайдэр, Н.П.Курчанава і іншыя няўдалыя бацькі, якія жывуць на тэрыторыі Чырваназоркаўскага сельскага Савета. Некаторыя з іх мы -- метадыст раённага аддзела адукацыі Наталля Цімавец, інспектар інспекцыі па справах непаўналетніх РАУС Сяргей Пявец, участковы інспектар Чырваназоркаўскага сельскага Савета Валерый Аскерка і аўтар гэтых радкоў – наведалі і ў чарговы раз упэўніліся ў іх падабенстве. Своеасаблівай "візіткай" асобных з іх былі антысанітарыя, п'янства, неналежнае выхаванне дзяцей, а дзесьці - і наогул абыякавыя адносіны да іх лёсу. Нярэдка само знаходжанне ў такіх сем'ях становіцца небяспечным для жыцця і здароўя дзяцей. І тады прымаецца адзінае правільнае рашэнне – змяшчэнне іх у сацыяльны прытулак.
Пакуль не адумаецца і не возьмецца за розум маці, вымушаны жыць у аддзяленні прытулку дзевяцігадовы Герман і чатырохгадовы Дзяніс Нікульскія. Чужыя людзі акружылі хлопчыкаў клопатам і пяшчотай. Але ім усё роўна хочацца дамоў, бо там засталася мама – самы родны для іх чалавек. Калі яна здолее стаць на шлях выпраўлення – адмовіцца ад заганнай звычкі піць і будзе сумленна працаваць у паляводчай брыгадзе племзавода "Чырвоная зорка", Герман і Дзяніс вернуцца ў сваю сям'ю.
Не спяшаецца пераглядваць сваё жыццё і Таццяна Уладзіміраўна Шнайдэр. Жанчына ўжывае спіртныя напоі, адмоўна ўплывае на выхаванне дачок. У выніку - старэйшая не жыве дома і не імкнецца падтрымліваць зносіны з маці. Не адчувае бацькоўскай падтрымкі і сын, які вучыцца ў Белдзяржуніверсітэце. Малодшая Віка пакуль знаходзіцца дома, ходзіць у школу, але ўжо ў поўнай меры адчувае на сабе дэфіцыт матулінага выхавання і клопатаў. Дома – антысанітарыя, калейдаскапічная змена сужыцеляў, якія не прагнуць працаваць, але надта любяць прывольнае, не абцяжаранае праблемамі жыццё. Што возьмуць у самастойную дарогу дзеці Т.У.Шнайдэр, маці не хвалюе.
"Всё смешалось в доме том!" - зайшоўшы ў кватэру І.М.Новік, напэўна, усклікнуў бы Леў Талстой у сваім рамане "Анна Каренина". І меў бы рацыю. Толькі пераступілі парог, як адразу ўбачылі бруд, неахайнасць, скінутае ў кучу каля печы скамечанае адзенне. У памыйным вядры валялася дзіцячая лялька. За тэлевізарам бавіла час нецвярозая кампанія: сужыцель і двое незнаёмых мужчын. Непадалёку ад іх прытулілася на канапе дзесяцігадовая дачка Інны Міхайлаўны - Даша. Заставалася толькі здагадвацца, як жывецца малой у гэтай сям'і. Нашы ўшчуванні на гаспадыню кватэры не дзейнічалі.
- Ну, што мне ваша газета? Што вы фатаграфуеце? Выходзьце… Мафія ў зборы!.. -- заходзілася ў крыку жанчына.
Чаму навучыцца дзяўчынка ў такой сям'і? Які "духоўны пасаг" дасць Дашы родная маці?
Гэтыя пытанні можна было б цалкам адрасаваць і маці Аляксандры Апанасевіч. Ірына Уладзіміраўна жыве ў Мінску і добраахвотна пазбавіла сябе клопатаў аб роднай крывіначцы, наведваецца да дачкі нячаста, не цікавіцца яе школьнымі поспехамі. Выхаванне Сашы пераклала на плечы сваіх ужо немаладых бацькоў, якія схільны да ўжывання спіртнога. А сямігадовай дзяўчынцы, адчувалася, вельмі патрэбны ласка і пяшчота, якімі звычайна адорваюць сваіх дзяцей клапатлівыя бацькі.
Праблемнай з'яўляецца сям'я Ніны Пятроўны Курчанавай, у якой выхоўваюцца двое малых дзяцей. Раней яна лічылася неблаганадзейнай. У хаце панаваў бруд і антысанітарыя. Бацькі дзецям удзялялі недастаткова ўвагі. У апошні час у гэтай сям'і намеціліся станоўчыя зрухі: у хаце пачысцела, малыя дачушкі накормленыя і апранутыя ў вымытае адзенне. Адно хвалюе: Карына і Валерыя па-ранейшаму не могуць наведваць дзіцячую дашкольную ўстанову, бо бацькі не паклапаціліся, каб яны… мелі пасведчанні аб нараджэнні.
Ёсць "прарэхі " ў выхаванні дзяцей у сем'ях В.І.Базылёвай, Н.І. і С.П.Жукоўскіх, Т.К.Сазановіч, Т.К. і А.П.Адамовіч. Асноўнай задачай Дэкрэта № 18 з'яўляецца абарона дзяржаўнымі органамі дзяцей, якія аказаліся ў сацыяльна небяспечным становішчы. Каб такога не адбылося, клапаціцеся, бацькі, аб сваіх крывіначках, якім вы далі жыццё. Знайдзіце ў сабе сілы, каб азірнуцца назад і ўбачыць той паварот, з якога жыццё можа пайсці не па тым накірунку. За ім – бяда вашых дзяцей. Ды і вас саміх…
Ірына Уласень.
Фота Яўгеніі Семянчук.
1 комментарий