Яшчэ ў самым пачатку 70-х гадоў давялося пабываць у Хатыні. (Як даўно гэта было!..). І хоць шмат гадоў прайшло з таго часу, а душа і памяць яшчэ і зараз захоўваюць тое шчымлівае пачуццё бясконцага болю і скрухі, якое прыйшлося перажыць мне ў час наведвання мемарыяльнага комплексу. Памятаецца, бяжыць імкліва наперад асфальтаваная стужка шашы Мінск-Віцебск. Звычайныя дарожныя знакі па баках. І раптам на 54-м кіламетры ўказальнік - “Хатынь”. Адразу ж мяне ахапіла нейкае незвычайнае хваляванне: едзеш, нібыта ў госці да сваіх бацькоў, і раптам даведваешся, што іх няма ў жывых…
Прайшлі дзесяткі гадоў, а я з вялікім хваляваннем дрыготкімі рукамі перагортваю старонкі паблеклага блакнота з занатаванымі тады радкамі.
Стварэнне мемарыялу пачалося ў 1966 годзе. У канцы 1968 было закончана будаўніцтва яго першай чаргі, а праз некалькі тыдняў пачалося ўзвядзенне другой. Работы вяліся хуткімі тэмпамі – натхненне і патрыятычны ўздым будаўнікоў садзейнічалі гэтаму. 5 ліпеня 1969 года, у дзень святкавання 25-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, адбылося адкрыццё мемарыялу ў Хатыні – аднаго з найважнейшых твораў савецкага манументальнага мастацтва. Члены творчай групы за яго стварэнне былі ўдастоены Ленінскай прэміі.
Мемарыял займае плошчу 50 га. Комплекс мае планіроўку былой вёскі Хатынь і складаецца з асобных фрагментаў. У цэнтры ўзвышаецца бронзавая скульптура Няскоранага Чалавека з забітым хлопчыкам на руках. Справа ад яе ўвекавечана месца спальвання хатынцаў. Чорныя гранітныя пліты сімвалізуюць абваленую страху хлява. Вобразна, моваю пластыкі расказана аб страшэннай трагедыі, якая адбылася тут 22 сакавіка 1943 года. Клінападобная дарога з белага мармуру, абрываючыся каля краю страхі-пліты, напамінае пра апошні шлях жыхароў Хатыні…
… 22 сакавіка 1943 года невялічкую беларускую вёсачку акружыў карніцкі батальён войск СС асобага прызначэння. На Хатынь батальён накінуўся як на чарговую безабаронную і нявінную ахвяру. Фашысты ўрываліся ў сялянскія хаты і выкідалі людзей на вуліцу. Жыхароў сагналі ў хлеў. У ім станавілася ўсё цясней і цясней. Матулі спрабавалі супакоіць дзяцей, але, прадчуваючы нешта страшнае, самі не маглі стрымаць слёз. Спачатку людзі не здагадваліся, што з імі запланавалі зрабіць фашысты. Але адчуўшы, як шуганула гарэць салома над імі, зразумелі: іх спальваюць жывымі!.. Полымя хутка ахапіла будынак. Многія спрабавалі вырвацца з агню. Дарэмна! Эсэсаўцы спакойна, без промаху расстрэльвалі іх з аўтаматаў.
Для 149 жыхароў Хатыні той дзень стаў апошнім у іх жыцці… Пакутніцкую смерць прынялі 75 дзяцей… Але не ўсе сагнаныя ў хлеў загінулі, як гэта запланавалі карнікі. Хоць яны рабілі ўсё, каб ніхто не ўратаваўся ад кулі і агню, тром жахарам удалося-такі ўцалець: дзецям Віктару Жалабковічу, Антону Бараноўскаму і вясковаму кавалю Іосіфу Камінскаму, які стаў правобразам для манументальнай скульптуры Няскораны Чалавек. Ён, паранены і абгарэлы, знайшоў у сабе сілы, каб выжыць, калі карнікі пакінулі вёску. Падняўся і сярод трупаў адшукаў змардаванае цела свайго сына Адама. Той паміраў…
Былая вясковая вуліца выкладзена шэрымі, пад колер попелу, жалезабетоннымі плітамі. На месцы кожнага з 26 згарэлых дамоў ляжыць першы вянец зруба, зроблены з бетону шэра-попельнага колеру. Унутры – абеліск у выглядзе пячнога коміна, увенчанага звонам. На абеліску – мемарыяльная пліта з прозвішчамі і імёнамі зажыва спаленых хатынцаў.
Гаворачы пра Хатынь, нельга не ўспомніць, што падобны лёс напаткаў і нашу вёску Колкі. Жудасным болем сціскалася тады і сціскаецца цяпер сэрца ад таго, што нямецка-фашысцкія акупанты знішчылі ў рэспубліцы 186 вёсак разам з іх жыхарамі. У Беларусі з 9200 населеных пунктаў, знішчаных фашыстамі, 5295 былі сцёртыя з твару зямлі з усімі жыхарамі ці з часткаю насельніцтва. Асабліва зверствавалі фашысты ў 1943 годзе, калі найбольш шырокае прымяненне атрымала тактыка “Выпаленай зямлі”. У прадчуванні хуткага канца і непазбежнай расплаты азвярэлыя акупанты спраўлялі сапраўдную крывавую бойню. Дастаткова прывесці хаця б такі факт: з агульнай колькасці знішчаных вёсак 63 працэнты прыпадае на ў 1943 годзе.
Каля 70 гадоў прайшло з таго страшнага дня, калі знікла з твару зямлі Хатынь. За гэты час шматпакутная беларуская зямля не толькі залячыла крывавыя раны, нанесеныя ёй акупантамі, але стала яшчэ прыгажэйшай і багацейшай. Хатынь, хоць і не ўзнавілася, але яна не забыта. Наадварот, сёння вёску ведае ўвесь свет. Дваццаць шэсць званоў звоняць, заклікаючы нас вечна помніць пра ахвяры Вялікай Айчыннай вайны. Звоняць званы ноччу і днем…
Хатынскі рэквіем
Пабывала ў Хатыні…
Сэрца болем баліць…
Хоць фашызм і загінуў,
Жах вайны не забыць.
Абеліскі зацята
І самотна маўчаць…
Рану ў сэрцы па стратах
Не злячыць, не суняць.
Хат няма, толькі зрэдку
Там стаяць каміны…
Як трагедыі сведкі
Звоняць сумна званы.
Нібы рэквіем у сэрцы
Аддаецца іх звон:
Людзі, у добрае верце,
Шліце зверствам праклён!
Вольга Лабажэвіч,
г.Клецк.
Отправить комментарий