Сейчас загружается

Узнаўленне – “козыр” вытворчасці

Паказчыкі работы малочнага цэха жывёлагадоўчай галіны на завяршальным этапе зімова-стойлавага ўтрымання пагалоўя – гэта як лакмусавая паперка, якая яскрава праяўляе і наяўныя тэхналагічныя хібы, і недапрацоўкі, дапушчаныя падчас корманарыхтоўкі, дае магчымасць прагназіраваць, з якім патэнцыялам статкі ўвойдуць у перыяд “вялікага малака”. Аналіз вынікаў работы за студзень-люты дае падставы сцвярджаць, што прадукцыйнасць працы ў параўнанні з адпаведным перыядам мінулага года не толькі не знізілася, але і апярэджвае іх. Напрыклад, валавая вытворчасць малака ўзрасла на 5,5 %, надой на карову пераўзышоў леташні на 48 кг і склаў 997. Здавалася б, у клецкіх жывёлаводаў ёсць усе падставы адпачываць на лаўрах. Аднак на прайшоўшай днямі нарадзе кіраўнікоў і спецыялістаў сельгасарганізацый раёна размова вялася ў даволі катэгарычным і напружаным тоне. Што выклікала такую занепакоенасць спецыялістаў упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання? Найперш, тая акалічнасць, што за студзень-люты не ўдалося забяспечыць выкананне даведзеных прагнозных паказчыкаў па вытворчасці малака. А таксама тое, што за апошнія тры дні да нарады намецілася тэндэнцыя зніжэння яе тэмпаў росту. Сітуацыя патрабавала прыняцця неадкладных мераў па стабілізацыі становішча. Тым больш, як канстатаваў, распачынаючы работу семінара, першы намеснік старшыні райвыканкама начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання І.М.Часнок, на месцах яшчэ адзначаюцца факты парушэнняў тэхналагічнай дысцыпліны, нескаардынаванай работы заатэхнічнай, ветэрынарнай, інжынернай службаў, часам ігнаруецца правядзенне прафілактычных мерапрыемстваў з пагалоўем, выяўляюцца парушэнні пры вядзенні дакументацыі. Як пазбегнуць такіх нядбайнасцей? Дзяліліся вопытам работы ў гэтым накірунку, паказвалі на практыцы, дзякуючы чаму ўдаецца атрымліваць тэхналагічныя прывагі і высокія надоі, як весці вырошчванне цялушак і папаўняць асноўны дойны статак высокапрадукцыйнымі каровамі, кіраўнік і спецыялісты СВК “Кухчыцы” ў ходзе наведвання малочнатаварных фермаў гэтай гаспадаркі. Не буду падрабязна расказваць аб уражаннях, атрыманых пасля ўбачанага і пачутага, прывяду толькі некалькі выказванняў, “падслуханых” у размовах сярод удзельнікаў нарады: “Вось гэта спецыялісты! Ад зубоў адлятае! Напэўна, разбудзіўшы іх сярод ночы ад “А” да “Я” таксама без запіначкі маглі б расказаць усю тэхналогію”; “Не цялушкі, а прыгажуні”; “Эталон – не інакш!”. У пацвярджэнне іх слоў прывяду толькі адну лічбу: вытворчасць малака ў гаспадарцы ў параўнанні з леташнім склала 111,2 %.

Высокія вытворчыя паказчыкі непарыўна звязаны з пытаннямі ўзнаўлення статкаў. Гэтаму накірунку работы ўдзельнікі нарады надалі асаблівую ўвагу. А тое, як яе можна арганізаваць нават у старых вытворчых памяшканнях, паказалі спецыялісты СВФ “Туча” РУП “Мінск Крышталь”. Падзяліўся вопытам правядзення рэканструкцыі жывёлагадоўчых будынкаў з мінімальнымі фінансавымі ўкладаннямі дырэктар філіяла С.А.Урбановіч. За папярэднія два гады тут адрамантаваны такім чынам чатыры фермы, сёлета на чарзе яшчэ дзве. Аб выніковасці праведзенай работы сведчыць той факт, што ў “старых сценах” тучанцам удаецца сярэднясутачныя прывагі пагалоўя давесці да кілаграмовага паказчыка, а з сакавіка па лістапад весці догляд за жывёлай без выкарыстання электрычнай энергіі. Чым ні падстава для зніжэння сабекошту прадукцыі?

А вось на старых фермах СВК “Грыцэвічы” такую работу яшчэ толькі плануюць правесці. Упэўнена, спецыялісты гаспадаркі пасля ўбачанага актывізуюць гэты працэс і адладзяць тэхналагічныя пытанні.

Пабывалі ўдзельнікі нарады і на МТФ “Загорнае” РУСП “Племянны завод “Чырвоная зорка”. Прызнацца, кантраст (і не ў лепшы бок) ад убачанага пры наведванні папярэдніх гаспадарак відавочны: не ў поўнай меры вырашаны санітарныя пытанні і тэхналогія ўтрымання пагалоўя, калектыву не ўдаецца працаваць з’яднанай камандай, і, як вынік, нізкая прадукцыйнасць пагалоўя, “заваленая” праграма вырошчвання цялушак, вялікая выбракоўка жывёлы. Племзавод знаходзіцца на той мяжы, калі далейшае падзенне проста недапушчальна.

Прынцыповая вялася размова і на плянарным пасяджэнні. Аналіз вынікаў работы жывёлагадоўчай галіны за студзень-люты зрабіла выконваючая абавязкі начальніка аддзела ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання В.А.Бурак. Ахарактарызавала стан спраў па ўзнаўленні статкаў дырэктар райплемстанцыі А.Я.Мароз. Далажыў аб мерах, якія прымаюцца па захаванасці пагалоўя жывёлы, галоўны дзяржветінспектар Клецкай РВС М.М.Ільюкевіч. Раду спецыялістаў сельгаспрадпрыемстваў раёна давялося трымаць справаздачу аб стане спраў і акрэсліваць канкрэтныя крокі па ліквідацыі маючых месца недапрацовак. Акцэнтаваў увагу прысутых на актуальных на дадзены момант пытаннях вядзення сельгасвытворчасці старшыня райвыканкама А.С.Бойка.

Вольга Русіновіч.

Отправить комментарий

Возможно, пропустили