Кажуць, калі тэатр пачынаецца з вешалкі, то, горад - з гасцініцы. І як бы ні быў зачараваны славутасцямі і прыгажосцю пейзажных ландшафтаў прыезджы чалавек, мясцовы жыллёвы сервіс выклікае ў яго не менш моцныя ўражанні.
У Клецку гасцей прымае гасцініца, дзе для іх пражывання створаны неабходныя ўмовы: ёсць санвузел, дзе можна прыняць душ, шафа, радыёкропка, мяккая мэбля… У нумарах чыста, утульна, камфортна. Такім чынам, патрэбы нават самых прыдзірлівых часовых пастаяльцаў задавальняюцца. У фае і на калідорах – кветкі. Займаюцца імі самі работнікі: прыносяць адусюль, дзе бываюць, перасаджваюць, перастаўляюць, падбіраюць кампазіцыі. Таму нават зімнім марозным днём ці слотнай восенню трапляеш сюды, як у экзатычны зялёны аазіс. Людзі, якія ад'ехалі па службовых справах ад дому і часова жывуць у гасцініцы, цэняць гэта, набліжанае да хатняга, абсталяванне.
Добра ладзяцца тут працоўныя справы. Калектыў гасцініцы па паказчыках мінулага года сярод вытворчых падраздзяленняў РКУП "Клецкая ЖКГ" заняў першае месца.
- Летась засяляльнасць склала 58 працэнтаў, – зазначае кіраўнік калектыву В.П.Смычкоўская. – Прыезджым было прадастаўлена 13,7 койка-сутак. Выручка склала 364 мільёны рублёў, прыбытак - 64 млн., рэнтабельнасць – 28 %.
Камандзіраваных абслугоўвае калектыў з дзесяці чалавек, які ўжо 13 гадоў ўзначальвае Валянціна Паўлаўна Смычкоўская. Чацвёра работнікаў - дзяжурныя, якія выконваюць функцыі адміністратараў, ажыццяўляюць засяленне ў гасцініцу, афармляюць
неабходныя дакументы. Пакаёўкі прыбіраюць у нумарах, сочаць за станам інтэр'ера, ствараюць добрыя ўмовы для пражывання гасцей горада.
Працоўны стаж работнікаў гасцініцы розны. Звыш дзесяці гадоў працуюць Т.Ф.Лашко (на здымку) і А.М.Пальчык, каля 20 – кастэлянак Т.В.Філіпчык, 15 - на рахунку А.Я.Алісевіч, больш 5 гадоў - Г.А.Кендыш, Г.І.Аляксейчык, З.М. Тарабеш, А.М.Гадун. У сёлетнім лютым улілася ў дружны і зладжаны калектыў А.І.Веліган. Кожная жанчына старанна і сумленна адносіцца да выканання сваіх службовых абавязкаў, ветліва і ўважліва – да людзей, якія не скупяцца на словы падзякі. І, накіроўваючыся ў чарговую камандзіроўку ў наш горад ці ў суседні Нясвіж, яны ахвотна засяляюцца ў клецкую гасцініцу, бо ведаюць, што жыллёвы сервіс тут – па вышэйшаму класу.
Ірына Уласень.
Фота Яўгеніі Семянчук.
Отправить комментарий