Чалавек, якім бы ўладаром прыроды сябе ні ўяўляў, усё ж напрамую залежыць ад яе распісання. Яно, не парушаючы чарговасць змен адной пары года другой, нярэдка які-небудзь сюрпрыз ды дабавіць у планы аграрнікаў. Веснавая пасяўная кампанія таксама стартуе строга па сігналу нябеснай канцэлярыі: як толькі глеба на глыбіні 10 см прагрэецца да 8-10 градусаў. Але пры гэтым фальшстартаў, якімі могуць саграшыць некаторыя гаспадаркі, дапусціць нельга. Аб усім гэтым толькі менш вобразна, канкрэтна, з аналізам гатоўнасці сельгаспрадпрыемстваў да адказнай падзеі вялася размова на чарговым разгорнутым пасяджэнні райвыканкама ў мінулую пятніцу. А.І.Пляшэвіч, першы намеснік начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама, у сваім дакладзе ахапіў усе бакі будучай пасяўной. (Падрабязную інфармацыю чытайце ў інтэрв’ю Аляксандра Іванавіча нашаму карэспандэнту.)
Старшыня райвыканкама А.С.Бойка падкрэсліў, што сёлета неабходна рэзка дабавіць да раней атрыманага, каб выканаць запланаванае на пяцігодку. "Якасна праведзеная пасяўная ў вялікай ступені ўплывае на канчатковы вынік, патрэбна выходзіць у поле, - запатрабаваў Анатолій Сцяпанавіч, - як толькі на тое будуць спрыяльныя ўмовы надвор’я, не забываць пра неабходнасць укласціся ў сціслыя тэрміны, завяршыць падрыхтоўчыя аперацыі там, дзе яшчэ не паспяшаліся ўсё як след зрабіць". Давялося трымаць слова за пэўную неразваротлівасць дырэктарам ПУП "Арда" А.У.Чэкану і МАУ ПГП "Зубкі" І.С.Ільюкевічу.
Па другім пытанні, разглядаемым на пасяджэнні райвыканкама “Аб ходзе выканання мерапрыемстваў па паляпшэнні умоў і аховы працы ў арганізацыях Клецкага раёна на 2006-2010гг. і стане аховы працы ў 2009 годзе” перад прысутнымі выступілі А.М.Мялюк, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, і А.М.Мікуліч, галоўны спецыяліст аддзела механізацыі будаўніцтва і кантролю ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання. Яркай ілюстрацыяй безадказных адносін да сваіх абавязкаў спецыялістаў па ахове працы і кіраўнікоў служылі слайды, зробленыя ў ходзе рэйду па сельскагаспадарчых арганізацыях. Мірыцца з падобным становішчам немагчыма. Пытаннем няшчасных выпадкаў на вытворчасці займалася і пракуратура раёна. У адным з наступных сваіх нумароў газета прадставіць чытачам аналіз, зроблены пракурорам. Каб сітуацыю кардынальна змяніць у лепшы бок, рашэнне, прынятае райвыканкамам, носіць строгі і прынцыповы характар, а яго выкананне будзе знаходзіцца на кантролі.
Жанна Гардзіевіч.
Отправить комментарий