Пра Бону Сфорцу, жонку караля і вялікага князя Жыгімонта І, якая валодала Клеччынай з 1523 да 1556г. напісана нямала. Аднак пераважная большасць звестак датычыцца яе гаспадарчай і палітычнай дзейнасці. Нам жа хочацца згадаць тыя падзеі, якія характарызуюць яе не як дзяржаўнага дзеяча, а як чалавека і жанчыну. Увазе чытача прапануецца 5 малавядомых фактаў пра каралеву Бону.
Па мерках XVI ст. Бона выйшла замуж неверагодна позна - у 23 гады. Яе жаніх Жыгімонт І быў больш чым у два разы старэйшы за яе. Яму было 50 гадоў. Упершыню Жыгімонт і Бона ўбачылі адзін аднаго толькі праз чатыры месяцы пасля вяселля. Справа ў тым, што па традыцыях таго часу жаніху спачатку прывезлі партрэт нарачонай, абмеркавалі ўмовы шлюбу і толькі потым за нявестай для манарха з Польшчы адправілася цэлае пасольства. Пры гэтым сам Жыгімонт застаўся дома. Афіцыйны шлюб адбыўся 6 снежня 1517г. у г.Бары ў Італіі. Караля замяняў адзін з прыдворных – Станіслаў Астрарог, які сядзеў побач з нявестай. Кожны раз, калі справа даходзіла да пацалункаў, Астрарог цалаваў свае пальцы, а потым дакранаўся імі да маладой. Такім чынам захоўваўся і шлюбны рытуал і цнота нявесты. Пад канец снежня Бона ў суправаджэнні 300 італьянцаў рушыла ў Польшчу. 11 красавіка 1518г. яна перайшла мяжу сваёй новай радзімы. Першы начлег каралевы выпаў на Асвенцым. На жаль, падзеі Другой сусветнай стварылі гэтаму месцу зусім іншую рэпутацыю. А праз нейкі час каля Кракава кароль і вялікі князь нарэшце сустрэў сваю законную жонку.
Дзякуючы Боне, у Польшчы і Беларусі вельмі хутка распаўсюдзіўся заходнееўрапейскі палацавы касцюм. Яна прывезла з сабою атрыманы ад маці багаты пасаг, у якім была вялікая колькасць адзення. У прыватнасці – сто дзённых кашуль з фламандскага і італьянскага палатна, вышытых золатам і шоўкам; дваццаць адна сукенка з італьянскага аксаміту і атласу, аздобленая ўзорамі і залатымі бляшкамі; а таксама 120 невялікіх тонкіх хустачак-насовак, багата ўпрыгожаных вышыўкай. Звычай жанчын вышэйшага саслоўя Італіі пастаянна трымаць у левай руцэ такую хустачку, якая прапітвалася духамі, паступова быў пераняты ва ўсіх каралеўскіх дварах Еўропы і стаў абавязковай часткай палацавага этыкету.
Італьянка Бона Сфорца некалькі змягчыла грубыя норавы, што панавалі ў палацах Кракава і Вільні. Яна істотна абмежавала абжорства і п’янства на афіцыйных прыёмах, скараціла час, які адводзіўся на застольныя бяседы. Яна ж завяла звычай есці відэльцам. Гэта новаўвядзенне спачатку пашырылася ў арыстакратычных колах, а пасля дайшло як да сярэдняй шляхты, так і да мяшчан. І яшчэ адна цікавая акалічнасць: менавіта Бона прынесла на нашы землі моду на ўтрыманне пакаёвых птушак. Пры ёй у каралеўскім палацы ўпершыню загучалі галасы невядомых раней папугаяў.
Будучы вялікай рэфарматаркай, каралева, тым не менш, так і не змагла пераламаць адну з найбольш устойлівых традыцый, якая датычылася жаночага адзення. У Італіі на той час панавала мода на адкрытыя валасы, якія збіраліся ў залатую сетку. Гэты звычай Бона спрабавала распаўсюдзіць і на сваёй новай радзіме. Аднак у шляхецкім асяроддзі існаваў непарушны звычай – поўнасцю хаваць валасы пад галаўным уборам, таму да наватарства ў гэтай галіне аднесліся вельмі непрыхільна. З часам каралева і сама была вымушана падпарадкавацца старадаўняму звычаю. На партрэце ў сталыя гады Бона прадстаўлена ўжо з поўнасцю пакрытай галавой.
Праз 38 гадоў Бона была вымушана пакінуць Рэч Паспалітую і вярнуцца ў Італію. Адбылося гэта пасля смерці мужа і ў выніку сваркі з сынам. На Жыгімонта Аўгуста каралева ўскладала найбольшыя надзеі, але гэты пусты і няздольны да дзяржаўных спраў чалавек іх не апраўдаў. Пакідаючы краіну, якой яна столькі гадоў кіравала, Бона “прыхапіла” з сабою 24 вазы са срэбрам, золатам і іншымі каштоўнасцямі. Сярод іншага там быў і скарб Алены Іванаўны, жонкі вялікага князя Аляксандра, які доўгія гады захоўваўся ў віленскіх францысканцаў (манахаў каталіцкага ордэна), а потым пераходзіў па спадчыне да каралеўскіх жонак. Гэты скарб сучаснікі ацэньвалі ў 400 тысяч дукатаў – даход польскіх каралёў за восем гадоў! Жыгімонт Аўгуст рабіў усё, каб перашкодзіць маці пакінуць краіну з такім багаццем, але беспаспяхова. Грошы не прынеслі Боне шчасця. З-за свайго багацця яна была атручана і памерла ў 63 гады, пакінутая ўсімі. Сын доўгі час судзіўся за яе маёмасць, аднак вярнуў толькі частку грошай. Яго нашчадкі не раз уздымалі пытанне аб вяртанні на радзіму “спадчыны каралевы Боны”, але безвынікова.
На здымку: такой Бона Сфорца прыехала ў Вялікае княства Літоўскае (партрэт 1517г.),
а такой вярнулася ў Італію (партрэт 1556г.) – пад фото.
Отправить комментарий