Інвентары старадаўняга Клецка пералічваюць 85 самых разнастайных прафесій. Пра некаторыя з іх мы ўжо расказвалі. Асобную групу ўтвараюць спецыялісты, якія займаліся лячэннем нашых продкаў. На працягу XVI-XVIII ст. у інвентарах названа 24 чалавекі, чые заняткі былі звязаны з медыцынай. Сярод іх 5 бальвераў, 12 цырульнікаў, 1 крывапуск, 3 аляйкары, 1 доктар, лекар і фельчар. Лёгка заўважыць, што сярод тых, да каго кляччане ішлі за медыцынскай дапамогай, бальверы і цырульнікі складаюць абсалютную большасць. Што ж гэта за прафесіі такія? І чым адрозніваецца цырульнік XVIІ ст. ад сучаснага майстра? Бальверы сустракаюцца ў інвентарах 1575, 1626 і 1641 гг. Гэта слова паходзіць ад грэчаскага і лацінскага “барба” – барада. Барберы-бальверы займаліся стрыжкай валос і галеннем барады, але акрамя гэтага валодалі і пэўнымі медыцынскімі навыкамі. У прыватнасці, умелі пускаць кроў, вырываць зубы, рабіць хірургічныя аперацыі. Па тагачаснай іерархіі на прафесійнай лесвіцы яны займалі сярэднюю ступень паміж дактарамі і лазебнікамі. Дактароў з універсітэцкімі дыпломамі налічвалася мала. Яны павінны былі разважаць над прычынай хваробы, метадамі яе лячэння, даваць парады хворым. Працаваць рукамі – пускаць пацыенту кроў, рабіць масаж, або перавязку – для такога дыпламаванага спецыяліста было недапушчальна. Гэтыя аперацыі праводзілі бальверы, якія не мелі дыпломаў, затое валодалі багатай практыкай. Ніжэй бальвераў стаялі лазебнікі, якія згадваюцца ў дакументах кан. XV – пач. XVI стст. Ім дазвалялася ставіць банкі, накладваць пластыры, рабіць масаж, але толькі ў лазнях. Заўважу, што ў інвентарах нашага горада такая прафесія не згадваецца.
З сяр. XVII ст. бальвераў усё часцей сталі называць цырульнікамі. Гэта слова ўтварылася ад скажонага грэчаскага “хейрургас” – той, хто працуе рукамі. Такім чынам падкрэслівалася розніца паміж цырульнікамі і дактарамі. Па іншай версіі тэрмін утварыўся ад лацінскага “цырус” – локан, паколькі цырульнікі не раставаліся з нажніцамі, брытвай і памазком. Як адзначаў сучаснік, “па ўсёй Рэчы Паспалітай знікла розніца паміж брадабрэямі і хірургамі, усе яны называліся цырульнікамі, усе мелі свабоду лячэння”. У дакументах XVII ст. у Клецку згадваюцца два цырульнікі, у дакументах XVIII – 10. Адзін раз цырульнік названы фельчарам.
Атрымаць права на лячэнне хворых можна было пасля абучэння ў адпаведным цырульніцкім цэху. У Клецку падобнага аб’яднання не было з-за малой колькасці лекараў, але яны існавалі ў буйных гарадах: Вільні, Брэсце, Менску, Гродна, Полацку. Падчас вучобы навучэнцы праходзілі некалькі этапаў ад вучня (хлопца) да майстра. Хлопец вучыўся 3-5 гадоў, потым пераходзіў у разрад таварышаў. Пасля некалькіх гадоў яны праходзілі практыку ў падарожжы – “вендровке”. Толькі пасля таго, маючы салідны багаж ведаў і вопыту, маглі здаваць экзамен на званне майстра. Дакументы захавалі некаторыя “экзаменацыйныя пытанні” таго часу. Так, у статуце Віленскага цэха сказана, што кожны павінен: “умець навастрыць брытву і нажніцы – згодна звычаю нашага рамяства, павінен таксама прыгатаваць шэрую мазь і бурую, і рускую мазь, і чорную, і зялёную мазь, і парашок падрыхтаваць для лячэння зламанай косці”. Акрамя таго, экзаменуемым трэба было ведаць любую частку чалавечага цела “ад макушкі да стапы”. Асобы, якія пакідалі цэх раней тэрміну, не вытрымаўшы суровых цэхавых парадкаў, або па іншай прычыне, называліся “партачамі”. Ім немагчыма было практыкаваць у гарадах, дзе існавалі цырульніцкія цэхі, майстры дабіваліся іх выгнання з горада. Але такія “партачы” маглі асесці ў невялікіх гарадах кшталту Клецка, дзе для іх не было канкурэнцыі і ганенняў з боку буйных цэхаў.
Цырульнікі мелі даволі высокую кваліфікацыю. Яны накладвалі пластыры, ставілі банкі, вымалі абломкі костак з ран, рабілі масаж, перавязкі, лячылі нарывы, язвы, спецыяльным інструментам – флебатомам – рабілі крывапусканне; умелі рыхтаваць і выкарыстоўваць розныя мазі, супрацьапёкавыя і крываспыняючыя сродкі і г.д. Лячылі пераломы і вывіхі. Каля 1700г. клецкі цырульнік Ёзэфовіч вылечыў зламаную нагу егера Малахоўскага. Як правіла, спецыяльна падрыхтаваных памяшканняў для лячэння не было. Цырульнік мог прымаць кліента ў сябе дома або прыйсці да яго. У некаторых выпадках лячэнне адбывалася проста на вуліцы або на Рыначнай плошчы.
Сваеасаблівую канкурэнцыю цырульнікам складалі аляйкары. Так (ад слова “алей”) называлі вандроўных гандляроў лекамі. Першыя аляйкары былі выхадцамі з акругі Падграддзе ў Цэнтральнай Славакіі, якая ўваходзіла ў склад Венгерскага каралеўства. Таму іх часам называлі “венгерцамі”. Жыхары Падграддзя здаўна вырошчвалі лекавыя расліны, а з часам сталі імі гандляваць у іншых краінах. Гэтыя вандроўнікі выступалі адначасова і як купцы, і як лекары-кансультанты. Вобраз аляйкара трапіў нават у народны тэатр – батлейку. Апісаны касцюм лялькі-“венгерца” з батлейкі ў Нясвіжы: чорная вопратка, капялюш з пяром, на плячах - скрынка з таварам.
Дакументы XVII ст. згадваюць у Клецку двух аляйкараў; XVIII ст. – аднаго. Магчыма, гэта сапраўды былі выхадцы са Славакіі, якія аселі ў нашым горадзе, а магчыма – іх вучні, якія перанялі мастацтва вырошчвання лекавых траў і выкарыстоўвалі яго на сваёй радзіме.
Отправить комментарий