Віталі мы літаральна пазаўчора сейбітаў ЗП "Налібокі-Нёман". Вось ужо некалькі гадоў запар першымі ў раёне распачынаюць яравую сяўбу збожжавых культур менавіта ў гэтай гаспадарцы. Нарэшце глеба падсохла, тэхніка выйшла ў поле, за глебаапрацоўчым "Цэнтаўрам" (на здымку 2) майстар-хлебароб А.І.Перапечка (на здымку 1) на трактары МТЗ-1523 з сеялкаю "Ферабокс-300" закладвае насенне ў глебу на першых "налібокскіх" гектарах. Сімвалічна і прыемна бачыць распачынальнікам такой важнай кампаніі ў раёне славутага камбайнера зямлі клецкай – Анатолія Іванавіча Перапечку. Падчас жніва мы з ім – як адным з перадавых хлебаробаў – сустракаемся разоў пад сем, а цяпер ён яшчэ і сее: закладвае падмурак будучай працы на ліпень-жнівень. Такі ж добразычлівы, спакойны і разважлівы, як ведала яго раней. Па-ранейшаму заўзята зацікаўлены ў сваёй справе, адданы зямлі і хлебу, адказны і мэтанакіраваны.
- Учора спрабавалі выйсці ў поле, з амаль паловы пятага вечара і да цямна засеяў 7 гектараў, сёння – з васьмі і да таксама да пазна, думаю, за дзень гектараў 17 будзе, - распавядае пра першыя крокі сяўбы ў "Налібоках" Анатолій Іванавіч. – Пасяўны агрэгат невялікі, усяго тры метры шырыня захвату, вось далучыцца на днях Мікалай Кальчыцкі на "Джон Дзіры" з сеялкаю "Тэрадрыл", справа пойдзе хутчэй. З боку кіраўніцтва кампанія агранізавана зладжана: забяспечаны палівам, запчасткамі на ўсякі выпадак, пачалі абеды дастаўляць у поле, таму разлічваем за дзён 10-12 адсеяцца. У планах: 800 га заняць яравымі збожжавымі культурамі.
І сапраўды, вясенняя пасяўная кампанія на прадпрыемстве арганізавана да толку. Працуе звяно па ўнясенні арганічных угнаеняў, якімі глеба ў "Налібоках" запраўлена на 22% ад патрэбы, што на кожны гектар складае па 48 тон. Перадпасяўной падрыхтоўкай заняты Анатолій Крыцук з камбінаваным энегранасычаным агрэгатам "Цэнтаўр", якіх у раёне ўсяго некалькі адзінак. За смену ён апрацоўвае 25-30 га. Закрыццё вільгаці на МТЗ-1221 з КШП-8 вядзе Дзмітрый Хітроў, на такім жа трактары, толькі з раскідвальнікам мінеральных угаенняў "Амазоне", уносіць калій, фосфар і азот Аляксандр Куніцкі. Днямі распачнуць аграрыі гаспарадкі першую падкормку пасеваў рапсу. Сёлета гэтая культура перазімавала са значнымі стратамі. Ад таго аграномы ў роспачы: раннімі бясснежнымі марозамі пашкоджана 241 га пасеваў з 280. На іх хаця б частковае аднаўленне налібокаўцы спадзяюцца пасля рэзультатаў ўнясення сульфату амонія. Ці спраўдзяцца спадзяванні, пакажа час. Пакуль жа – азадачаны выратаваннем алейнай культуры.
Віхура вясенніх клопатаў толькі пачынае набіраць абароты. Можна адзначыць, што ў ЗП "Налібокі-Нёман" яны разгортваюцца комплексна, дарэчы, як тут і было разлічана, пра што яшчэ напярэдадні сяўбы на старонках нашай газеты расказваў галоўны аграном М.М.Касач у сваім інтэрв'ю.
Не за гарамі летне-пашавы перыяд, да якога гаспадарнікі рыхтуюцца таксама своечасова – вядуць догляд за пашамі. У прыватнасці, механізатар Іван Міхайлік (на здымку 3) заняты баранаваннем пасеваў траў "Агра 3", пад якія ў "Налібоках" адведзены 131 га.
Старт узяты ўдалы. Сейбіты мэтанакіравана настроены на аператыўную і зладжаную сяўбу, у сабе ўпэўнены дакладна, спадзяюцца, што і надвор'е не падвядзе. Пасяўны раённы клін сёлета складае 20710 гектараў. Тэрміны – 10-12 дзён. Мэта пастаўлена і будзе строга выканана – завяраюць аграрыі раёна.
Ірына Шаг.
Фота Яўгеніі Семянчук.
Отправить комментарий