Спецыялісты агранамічнай службы раёна замацавалі ў практыцы сваёй дзейнасці цеснае супрацоўніцтва з вучонымі-аграрыямі. Практыка і навука крочаць разам – так можна дакладна вызначыць тактыку плённага тандэма. Літаральна за некалькі дзён да пачатку веснавой сяўбы аграномы, кіраўнікі сельгаскааператываў сустрэліся з супрацоўнікамі РУП "Навукова-практычны цэнтр НАН Беларусі па земляробстве". Гаворка тычылася асноўных накірункаў удасканалення структуры пасяўных плошчаў на прыкладзе нашага раёна (РУСП "Племянны завод "Чырвоная зорка") ў разрэзе рэспубліканскага паказчыка. Асабліва важным пытаннем стаяла абмеркаванне тэхналогіі вырошчвання рапсу, чым на Клеччыне займаюцца прынцыпова, рэзультатыўна і прыбыткова. Звярнуліся вучоныя і да падбору сартоў і відаў шматгадовых траў для пашаў, эканамічнай эфектыўнасці іх вырошчвання і спажыўнасці травяных кармоў.
Абмеркаваныя накірункі дзейнасці для нашых аграрыяў напачатку вясенняй пасяўной кампаніі аказаліся дарэчы.
Інкрустацыйны падыход
Самыя хвалюючыя надзённыя пытанні пасяўной абмяркоўвалі аграномы гаспадарак у сераду на семінары-нарадзе, асноўнай тэмай якога было вывучэнне і замацаванне спецыялістамі тэхналогіі пратручвання насення. Прайшло мерапрыемства на базе зернясклада СВК "Лазавічы" з дэманстрацыяй на практыцы работы пратручвальніка "Віал ТТ", што нядаўна быў пастаўлены ў гаспадарку праз Мінаблаграсервіс. Зазначу, што ўсяго ў СВК раёна маецца і дзейнічае рэальна 21 пратручвальная машына, на якіх будзе апрацавана 2520 тон насення збожжавых яравых культур. У дадатак да гэтага – 530 тон страхавальнага фонду. Гэта ўся патрэба яравой сяўбы-2010. У працэсе пратручвання кожнае зерне апрацоўваецца мікраэлементамі экаліст медзь і прыліпальнікам "Хелком-П". Наогул, сейбіты закладваюць у глебу увесь насенны матэрыял не ніжэй чым І рэпрадукцыі: ёю, у прыватнасці, будзе засеена каля 70% палеткаў, да таго ж 13% - элітай, а астатнія прыпадаюць на суперэліту.
У працэсе семінара, які вёў першы намеснік начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі райвыканкама А.І.Пляшэвіч, абмяркоўваліся тонкасці і патрабаванні тэхналогій вырошчвання яравых збожжавых і прапашных культур прыймальна да нашага клімату, глебаў і ўмоў.
Ірына Шаг.
Отправить комментарий