Сейчас загружается

Так не павінна быць…

Як і папярэднім героям акцыі “Я шукаю цябе, мама!”, 12-гадоваму  выхаванцу Клецкага дзіцячага дома Пашу Шыдлоўскаму няма чаго расказваць пра сваю сям’ю: маці з бацькам – хранічныя алкаголікі,  пазбаўленыя бацькоўскіх правоў. У размове хлопчык іх нават не ўспомніў.

Для Пашы ўжо не існуе таго, што было да дзіцячага дома, ёсць толькі “тут” і “зараз”: клапатлівыя выхавальнікі і настаўнікі, надзейныя сябры, пакойчык з любімымі цацкамі, догляд. З’явіліся мары, планы на будучае, поўнае адкрыццяў, прыйшло ўсведамленне ўласнага “Я”. Родныя людзі гэтага даць не маглі і, мяркуючы па ўсім, не хацелі.

Паша да свайго “мінулага” адносіцца па-філасофску: “Не пашанцавала з бацькамі, затое трапіў у Клецкі дзіцячы дом, дзе давялося  адчуць, што такое вялікая дружная сям’я”. Дзякуючы свайму няшчасцю, ён пазнаёміўся з Андрэем Бразгоўкам – нядаўнім выхаванцам дзіцячага дома, цяпер ужо студэнтам Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў – які стаў надзейным таварышам, старэйшым настаўнікам і самым неабходным чалавекам у жыцці. Андрэй некалі настойліва шукаў сваю маці (пазбаўлена бацькоўскіх правоў за злоўжыванне алкаголем).  Адзінай марай яго жыцця было сустрэць роднага чалавека. І ён дамогся свайго. Але, калі ўбачыў жанчыну, якая нарадзіла яго і брата Сяргея, зразумеў: назваць яе маці наўрад ці здолее.

Канешне ж, Паша хацеў бы мець сапраўдных бацькоў, родных, але, калі і не спраўдзіцца яго жаданне, ён ведае, што не застанецца адзін, што заўсёды зможа разлічваць на дапамогу выхавальнікаў і настаўнікаў дзіцячага дома.

А пакуль што хлопчык спасцігае шматграннасць жыцця: з задавальненнем вывучае матэматыку, беларускую мову і гісторыю (у будучым ён марыць стаць настаўнікам гісторыі), гуляе ў футбол, а з дапамогай старэйшага сябра Андрэя, калі той прыязджае на выхадныя з універсітэта, Паша знаёміцца з асновамі камп’ютарнага майстэрства. Як і ўсе дзеці, ён любіць салодкае, Новы год і падарункі, спагадліва і вельмі чула адносіцца да тых, каму патрэбна дапамога, ніколі не грэбуе працоўнымі заняткамі.

– Вы хочаце забраць яго ў сям’ю? – усхвалявана пытаецца ў нас выхавальніца дзіцячага дома. – Прабачце, калі ласка, я, вядома, разумею, кожнаму дзіцяці патрэбны бацькі, але такіх, як Паша, вельмі шкада кудысьці аддаваць.

Сапраўды, шчыры, адкрыты і надзвычай добры хлопчык вылучаецца сярод равеснікаў не па гадах дарослай удумлівасцю і разважлівасцю. Ён ніколі не пакрыўдзіць слабага і заўсёды прыйдзе на дапамогу. У свае 12 гадоў ужо ўмее выслухаць, падтрымаць добрым словам, паспачуваць.  Уражвае выхаванасцю, тактоўнасцю і добрымі манерамі. У стасунках з людзьмі хлопчык цэніць праўдзівасць, вернасць і надзейнасць. А ў цэлым, па жыцці Паша – аптыміст, адкрыты да людской ласкі, пяшчоты і любові… Ён упэўнены ў тым, што “так не бывает на свете, чтоб были потеряны дети…». А гэта значыць, што і яго – чарговага ўдзельніка нашай акцыі “Я шукаю цябе, мама!” – наперадзе чакае шмат сюрпрызаў і падарункаў, падрыхтаваных лёсам. Галоўнае – верыць, спадзявацца і чакаць.

Кацярына Канановіч,

першы сакратар Клецкага РК ГА “БРСМ”.

Отправить комментарий

Возможно, пропустили