Свята ўсіх святаў. Як хораша сказана пра Вялікдзень. Для ўсіх нас – не мае розніцы: каталікоў, праваслаўных ці вернікаў іншых канфесій – свята Уваскрэсення Сына Божага з’яўляецца светлым, чыстым, святым днём. У гэты радасны час Вялікадня сваімі адносінамі да яго з намі падзяліліся простыя жыхары Клеччыны.
Ванда Карлаўна Масько:
– Прыемна, што сёлета мы – каталікі – адзначаем вялікае свята разам з праваслаўнымі вернікамі. Святы Вялікдзень, на маю думку, уключае ў сябе не толькі ачышчэнне цела праз пост, але і душы праз малітву.
Валерый Уладзіміравіч Ільюкевіч:
– Сапраўды, для ўсіх людзей гэты дзень з’яўляецца радасным, урачыстым. Лічу, што патрэбна як мага больш увагі надаваць памяці продкаў, ездзіць на іх магілы.
Марыя Паўлаўна Чэркас:
– Абавязкова патрэбна наведаць царкву. Памятаю, некалі ў дзяцінстве мы з нецярпеннем чакалі бацькоў з Велікоднай службы. Напярэдадні прыбіралі хату, двор, мыліся ў Чысты чацвер, а на само свята сядалі за стол, маліліся, дзякавалі Богу.
Сяргей Мар’янавіч Гаргасевіч:
– Безумоўна, усе людзі заўжды з нецярпеннем чакаюць гэтае свята, рыхтуюцца да яго грунтоўна: фарбуюць яйкі, гатуюць мяса, шынку, пякуць пірагі. Усе вясёлыя, усміхаюцца, ва ўсіх добры настрой, душа радуецца.
– Сёлета Вялікдзень наша сям’я адзначала як ніколі ўрачыста і весела: перад святам, у апошні дзень сакавіка Бог падарыў мне ўнучку. Прыбралі ў доме, сустрэлі сваякоў, шчыра падзякавалі Усявышнему за такі падарунак.
Яўген Кішко.
Фота аўтара.
Отправить комментарий