Сустрэча калег – гэта заўсёды значная падзея ў жыцці прадстаўнікоў тых ці іншых прафесій. Маладыя і пачынаючыя з задавальненнем пераймалі майстэрства і вопыт у сталых бібліятэкараў, вучыліся ў іх зносінам з людзьмі ў час правядзення семінара "Роля краязнаўства ў захаванні культурных традыцый рэгіёна", які адбыўся на базе Галавацкай СБ.
Задачы семінара ва ўступным слове акрэсліла дырэктар цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Л.У.Цімавец.
Тых, хто даўно не быў у гэтай бібліятэцы, прыемна ўразіў будынак – адноўлены ў рамках будаўніцтва аграгарадка Галавачы. Адбыліся змены і ў рабоце самой культурнай установы. Аб іх паведаміла, а заадно і правяла экскурсію бібліятэкар Г.В.Карсюк. Удзельнікі семінара атрымалі задавальненне ад новага, з густам аформленага пакоя, дзе ўсё падпарадкавана зручнаму і аператыўнаму абслугоўванню маленькіх чытачоў. Там размясціліся кніжны фонд, вырабы, створаныя рукамі ўдзельнікаў клуба дзіцячай творчасці "Самоделкин". І на нейкі момант, напэўна, здалося, што любімыя казачныя героі, прыгожы церамок, кораб казак, неверагодная драўляная кніга перамясціліся з кніжных старонак на палічкі гэтага дзіцячага пакоя.
Затым удзельнікам семінара быў прапанаваны вечар успамінаў "Прекрасное далеко" з мультымедыйным суправаджэннем. На сустрэчу з бібліятэкарамі прыйшлі людзі, якія шмат гадоў аддавалі свае веды і вопыт вучням. Гэта настаўнікі Павел Пятровіч і Лілія Адамаўна Шостакі, Ніна Антонаўна Янава, Галіна Сцяпанаўна Шыкуць – з непаўторным лёсам, авеяным ваенным ліхалеццем, раннім сіроцтвам, пазбаўленыя дзяцінства. Але, нягледзячы ні на што, гэтыя людзі вывучыліся, атрымалі патрэбную грамадству прафесію, радаваліся кожнаму дню. Радуюцца жыццю яны і сёння.
Усё ўбачанае і пачутае, уключаючы паказальнае мерапрыемства "Прекрасное далёко", не пакінула нікога раўнадушнымі. А.І.Войцік, Г.К.Пільневіч – загадчыкі Сіняўскай і Кухчыцкай СБ і бібліятэкар Тучанскай В.І.Здрок абмяняліся вопытам работы ў рамках вучобы кадраў і выказалі свой пункт гледжання наконт тэмы семінара. Шмат карыснага для сябе перанялі прысутныя і з выступлення загадчыка аддзела маркетынга ЦБ Л.А.Рудэнка "Бібліятэка – цэнтр адраджэння нацынаяльнай культуры, літаратуры, гісторыі свайго краю".
У рабоце семінара прымалі ўдзел начальнік аддзела культуры райвыканкама С.А.Чалык, якая падагульніла вынікі, і вядучы спецыяліст Н.К.Зуйкевіч.
Ірына Уласень.
Отправить комментарий