Сейчас загружается

Сейбіты

Вось на што не разлічвалі сёлета сейбіты СВК "Кухчыцы", так гэта на неабходнасць правядзення дзвюх (па аб'емах) вясенніх пасяўных. Злосна пажартавала надвор'е, падкінуўшы аграрнікам столькі клопатаў і дадатковых затрат, што ўладкоўваць іх давядзецца яшчэ доўга. А водгаласы знішчаных пасеваў азімых рапсу і пшаніцы накладуць свой адбітак на валавым зборы збожжа.

У дадатак да планавых на яравую сяўбу 840 га збожжавых і зернебабовых даводзіцца яшчэ амаль столькі ж перасейваць рапсу і пшаніцы. Іх у "Кухчыцах" загінула 420 і 210 гектараў адпаведна. І калі пад яравы рапс ужо заняты 104 га, то вось з "узнаўленнем" пшанічных плошчаў паўстала праблема – пошукі насеннага матэрыялу вядуцца па ўсёй краіне. Вырошчваннем яравой пшаніцай не многа хто займаецца, у кухчыцкіх хлебаробаў ёсць такая практыка і вопыт, але вось пра тое, што давядзецца яе зноў выкарыстоўваць – ніхто нават і падумаць не мог. Хоць і адчай ад страт сціскае душу, але хлебаробы не апускаюць рукі. Лічаць: калі ўжо так склалася сітуацыя, то выйсця з яе патрэбна шукаць самыя аптымальныя. І пакуль вырашаюцца агранізацыйныя моманты, сейбіты з ранку да позняга вечара – увесь светлавы дзень – на палектах. Заняты ўнясеннем арганічных і мінеральных угнаенняў у глебу, рыхтуюць яе да сяўбы і закладваюць насенне трыма пасяўнымі агрэгатамі. Ігар Паўлавіч Кандратовіч на трактары "Фендт-930" з "Турбадрыл", Віктар Леанідавіч Сіцька на "МТЗ-2822" з "Амазоне" і Аляксандр Міхайлавіч Войцік на "МТЗ-3022" з "АПП-6Д" штодня засейваюць 240-280 гектараў збожжавымі і зернебабовымі. Такім чынам, планавая пасяўная ў СВК "Кухчыцы" пераўзышла свой экватар і склала па стану на 16 красавіка 57%. Другая гутарка пра перасеў палеткаў. Тут сейбітам спатрэбіцца яшчэ некалькі дадатковых светадзён.

Прыродныя катаклізмы, як адзначыў галоўны аграном гаспадаркі Сяргей Паўлавіч Здрок, "падкінулі" ім сёлета яшчэ адну праблему. З-за лакальных падтапленняў пасеваў азімых і сенажацей не было магчымасці своечасова падкарміць іх КАСам  самастойна (для гэтых мэтаў у СВК маецца самаходны апырсквальнік). Менавіта таму гаспадарнікі прыбеглі да дапамогі авіяцыі. Верталётам тут за тыдзень апрацавана амаль 1400 гектараў. На такую больш затратную тэхналогію давялося пагадзіцца, толькі б  дагледзець азімыя, на ўраджайнасць якіх сёлета стаўка надзвычай высокая.

Размерана, прадумана і без аўралаў ідзе пасяўная ў Кухчыцах. Працуе на палетках тэхніка, забяспечаны пад патрэбу на бліжэйшую перспектыву палівам, добрасумленна адносяцца работнікі да выканання сваіх абавязкаў. Вядома ж, зімовае зацішша змянілася віхурай вясновых клопатаў, а значыць, у вяскоўцаў з'явіліся магчымасці зарабіць. Гатовы ў гаспадарцы да пасадкі бульбы, рыхтуюць палеткі да сяўбы цукровых буракоў. Дарэчы, СВК "Кухчыцы" сёлета вызначаны базавым у раёне па вырошчванні гэтай культуры, пад якую тут адведзена 705 га.

- Чатырыста з іх яшчэ з восені былі запраўлены фосфарам, каліем – уся пасяўная плошча, - расказвае С.П.Здрок. – Працягваецца ўгнаенне глебы, закуплены пад патрэбу насенны матэрыял сартоў "КWS" і "Даніска". Перавагу аддалі найбольш ураджайным, вырошчваннем якіх займаліся папярэднія гады.

Зацікаўленасці ў своечасовым правядзенні пасяўной кампаніі ў гаспадарцы, захаванні тэхналагічных патрабаванняў, арганізацыі работ у гэтым сельгаскааператыве можна толькі парадавацца. На сваім месцы знаходзіцца кожны работнік – ад механізатара да галоўнага спецыяліста, кожны перажывае і імкнецца на асабістым рабочым участку ўсё выканаць да толку, правільна і, што немалаважна, граматна. І відаць гэта не на словах, а на справе. Разам з сейбітамі на палетках пастаянна знаходзяцца брыгадзіры, спецыялісты агранамічнай службы, нясуць вахту не дзеля кантролю за падначаленымі, а таму, што нераўнадушныя да той вялікай справы, якая сёння дзеецца на палетках. Сапраўдныя сейбіты: і па прафесіі, і ў душы.

На здымках: 1. Літаральна на хвіліну спыніў свой магутны "Фендт" І.П.Кандратовіч (у цэнтры), каб абмеркаваць некалькі бягучых пытанняў з галоўным аграномам С.П.Здрокам (злева) і брыгадзірам П.А.Яфімчыкам (справа). 2. Сейбіты В.Л.Сіцька і А.М.Войцік.

Ірына Шаг.

Фота Яўгеніі Семянчук.

Отправить комментарий

Возможно, пропустили