Кожны дзень набліжае нас да значнай падзеі – выбараў дэпутатаў у мясцовыя Саветы дэпутатаў. Гэта пытанне было ў цэнтры ўвагі ўдзельнікаў семінара-нарады, які прайшоў на мінулым тыдні ў зале пасяджэнняў райвыканкама.
На арганізацыі работы ў раёне па падрыхтоўцы да выбараў мясцовых Саветаў дэпутатаў, садзеянні райвыканкама і раённых арганізацый сканцэнтраваў увагу прысутных – старшынь, сакратароў сельскіх і ўчастковых камісій, а таксама членаў раённай і акружных, наглядальнікаў – ва ўступным слове намеснік старшыні райвыканкама М.М.Мацуль. Пытанням арганізацыі датэрміновага галасавання і галасаванню ў дзень выбараў прысвяціла сваё выступленне намеснік старшыні акружной камісіі Н.М.Лісюк. Не менш важныя аспекты закранула і сакратар раённай камісіі В.І.Яфімчык. Яны датычылі падрыхтоўкі да падліку і самога падліку галасоў, складання пратаколаў, правядзення праверкі гатоўнасці участковых камісій да работы 25 красавіка гэтага года. На адміністрацыйнай адказнасці за парушэнне выбарчага заканадаўства засяродзіў увагу ўдзельнікаў старшыня раённай камісіі І.І.Майсейчык.
– Усім грамадзянам Беларусі вядома, што падрыхтоўка і правядзенне выбараў (любых: і Прэзідэнта, і дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, і тых, што адбудуцца 25 красавіка 2010 г., – дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў) ажыццяўляецца адкрыта і публічна, – зазначыў у сваім выступленні начальнік аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама Г.М.Буйвіла. – Пры правядзенні пасяджэнняў камісій, датэрміновага галасавання і галасавання непасрэдна ў дзень выбараў маюць права прысутнічаць прадстаўнікі СМІ, а таксама назіральнікі. Назіранне на ўчастку для галасавання рэгулюецца артыкуламі 13 і 155 ВК Рэспублікі Беларусь. На сённяшні дзень на ўчасткі для галасавання, у выбарчыя камісіі Клецкага раёна накіравана 116 назіральнікаў: 6 – ад Камуністычнай партыі Беларусі, 12 - працоўных калектываў, 8 – групы выбаршчыкаў шляхам збору подпісаў, 22 – Беларускага саюза жанчын, 10 – ГА «БРСМ», 7 – грамадскай арганізацыі ветэранаў, 23 – беларускіх прафсаюзаў, 3 – Саюза афіцэраў, 21 – раённай арганізацыі «Белая Русь», 4 – ад дэпутацкіх корпусаў.
Генадзій Мікалаевіч падрабязна спыніўся на парадку работы назіральніка, яго правах і паўнамоцтвах, назіранні за датэрміновым галасаваннем і дзеяннях пры галасаванні на выбарчым участку 25 красавіка. Вопытам работы ў якасці назіральніка падзяліліся Н.І.Анішчык і Л.А.Асмалоўская.
У рабоце семінара-нарады прымаў удзел і выступіў старшыня раённага выканаўчага камітэта А.С.Бойка.
Ірына Уласень.
Отправить комментарий