Сейчас загружается

Рачулка людской дабрынi не мяле

Непрыкметна праляцелі зімовыя дні. І вось ужо на ўсю моц  гаспадарыць на зямлі вясна. Яе турботамі і клопатамі жывуць і вясковыя працаўнікі, і гараджане. Хочацца спадзявацца, што за гаспадарчымі праблемамі кляччане знойдуць час і на су­працоўніцтва з раённай газетай. Увогуле за першы квартал гэтага года рэдакцыя атрымала 228 пісьмаў – неаднолькавых па тэматыцы. Пішуць людзі розных прафесій і пасад. Кожны допіс па-свойму цікавы, а ўзнятая ў ім праблема – не другарадная. Самае цёплае і прыемнае ўражанне  пакідаюць прасякнутыя павагай і любоўю пісьмы пра добрых, чулых і спагадлівых людзей,  якія нават у нялёгкія гадзіны не губляюць свае лепшыя якасці, здольныя падтрымаць іншых, уласнай энергіяй і аптымізмам дапамагаюць тым, хто аказаўся ў складаных умовах жыцця.

Пісьмо Ніны Іванаўны Сітанасіцкай з в.Заастравечча якраз з разраду такіх. «Я очень болею. Зоб дал мне осложнение на все органы. 1 февраля сильно заболела и никогда не думала, что буду жить. В тяжёлом состоянии попала в хирургическое отделение центральной районной больницы. От смерти спас меня хирург Николай Иванович Мостович, которому я очень благодарна. Сердечное спасибо милым медсёстрам, которые при всей занятости уделяли мне достаточно внимания, – Н.А.Апанасевич, С.В.Чернобай, а также  Е.В.Гурин, Т.Н.Сидоренко, Г.В.Камёнка». І столькі, напэўна, у гэтых людзей душэўнай чуласці, жадання дапамагчы  іншым сваім вопытам і ведамі, што ў радках пісьма Ніны Іванаўны — ні кроплі фальшу. У іх — шчырая ўдзячнасць людзям, якія выратавалі жанчыну, усялілі веру ў выздараўленне. Гэта і ёсць наша жыццё – з яго святамі і буднямі, клопатамі і праблемамі.

Першы месяц вясны быў азнаменаваны святам, да якога мае дачыненне кожны чалавек. 8 сакавіка цудоўнай палове чалавецт­ва мужчыны адрасавалі душэўныя словы і дарылі кветкі, прызнаваліся ў каханні і выказвалі захапленне. А вучні Нагорнаўскай ДАСШ падрыхтавалі для сваіх матуль, бабуль, сястрычак і ўсіх жанчын сапраўднае свята. Аб гэтым паведаміла ў рэдакцыю настаўніца Нагорнаўскай ДАСШ В.І.Іванейчык: «Шмат цёплых і ласкавых слоў і віншаванняў прагучала са святочнай, прыгожа аформленай сцэны школы, – чытаем у пісьме. – Вучні падрыхтавалі цудоўны  канцэрт. Са шчырымі ўсмешкамі матулі назіралі за сваімі дзецьмі, якія спявалі песні, чыталі вершы. Асабліва прыемна было паслухаць прыпеўкі ў выкананні хлопчыкаў. Акрамя таго, прысутныя ўбачылі цікавыя сцэнкі з сямейнага і школьнага жыцця. Напрыканцы свята ўсіх чакаў сюрпрыз. Асабліва крануў сэрцы момант, калі дзеці ўручалі матулям падарункі, зробленыя сваімі рукамі. Яны жадалі ім моцнага здароўя, якога часта не хапае, доўгага жыцця, шчасця на кожны дзень. І ўсім стала ясна адно: колькі б ні было гадоў, заўсёды патрэбна маці. Таму неабходна берагчы яе».

У Тучанскім сельскім Доме культуры працуюць цудоўныя жанчыны, шчырыя працаўніцы – дырэктар В.М.Здрок і мастацкі кіраўнік С.М.Клубовіч. Валянціна Мікалаеўна і Святлана Міхайлаўна клапоцяцца пра адпачынак вяскоўцаў, не прапускаюць ніводнага свята. Выключэннем не сталі і тыя, што былі пры­свечаны Дню абаронцаў Айчыны і Дню жанчын. На фермах "Дунайчыцы" і "Рудкі", а таксама ў машынна-трактарным парку для мужчын былі наладжаны канцэрты. Самадзейныя артысты выконвалі песні аб каханні, мужнасці, вернасці, родным краі і Радзіме. Стварылі святочны настрой В.М.Здрок і С.М.Клубовіч і для жанчын напярэдадні 8 сакавіка. На канцэрт­ную праграму «Са святам, мілыя жанчыны!», якая адбылася ў Тучанскім СДК, былі запрошаны артысты мастацкай самадзейнасці, якія вельмі прыгожа спявалі, па-майстэрску  дэкламавалі вершы  і байкі, смяшылі дасціпнымі інсцэніроўкамі: Наталля і Таццяна Крыцук, Вераніка Картамышава, Галіна Буката, Сяргей Клубовіч, Ганна Драчан, Ганна Шлапакова, Павел Лембіеўскі і іншыя. Цудоўна адпачылі ў той святочны сакавіцкі дзень і атрымалі асалоду для душы не толькі жыхары Тучы, але і навакольных вёсак – Дунайчыц, Масцілавіч і Рудкоў. Яны змаглі дабрацца да СДК на транспарце, якім іх забяспечылі дырэкцыя і прафсаюзны камітэт СВФ «Туча» РУП «Мінск Крышталь». Аб усім гэтым нам, у рэдакцыю, паведамілі жыхары в.Туча. Напэўна, удзячныя гледачы, якія пабывалі на тым канцэрце.

Парадаваліся мы і за жыхарак вёскі Масці­лавічы – жанчын, якія знаходзяцца на сацыяльным абслугоўванні. Цудоўныя святочныя хвіліны ім падарылі работнікі ТЦСАН – загадчык аддзялення сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва В.І.Кірнажыцкі і інспектар па асноўнай рабоце Г.А.Студэнт. Вяскоўкі з цікавасцю праслухалі выступленне старшыні сельвыканкама У.Р.Вайтовіча, цікавую інфармацыю пра аддзяленне сацабслугоўвання насельніц­тва, якую паведаміў В.І.Кірнажыцкі, атрымалі адказы на хвалюючыя пытанні. А работнікі Цэнт­ра ўручылі ім падарункі, мясцовыя артысты парадавалі змястоўным канцэртам.

Думаецца, што на жыццёвым шляху кожнага чалавека ёсць такія шчырыя працаўнікі і проста добрыя, спагадлівыя людзі. Пішыце пра іх, не шкадуйце цёплых, сардэчных слоў. А, ўвогуле, старонкі нашай раёнкі адкрыты для розных тэм. Чакаем вашых допісаў, сябры. І няхай шматлікія  вясновыя клопаты не стануць для гэтага перашкодай.

Ірына Уласень.

Отправить комментарий

Возможно, пропустили