Люблю раёнку. Люблю шмат за што. І за тое, што дакладна адлюстроўвае жыццё Клеччыны. І за тое, што змяшчае дастаткова вялікую колькасць матэрыялаў аб жыхарах раёна – цудоўных працаўніках, цікавых асобах, проста добрых людзях. І за тое, што дакладна і ёмка інфармуе аб эканамічных і грамадска-палітычных навінах. Люблю многія рубрыкі і тэматычныя старонкі. Люблю «прамыя лініі», якія даюць адказы на шматлікія пытанні, што часам з’яўляюцца ў свядомасці. Шмат цікавага можна даведацца з «Жыццяпіса», «Радзімы». Люблю спецвыпуск «Маладыя крылы». Асабліва спадабаўся ён за 23 сакавіка, у якім найбольш удала спалучыліся як матэрыялы, так і аўтары: малады журналіст Юрый Мысліцкі і пазаштатны аўтар Ігар Канановіч. А як хораша ўсё праілюстравала Яўгенія Семянчук!
Раёнка для мяне – сродак сувязі з чалавецтвам, як бы напышліва гэта не гучала. А што? Хіба ж мае землякі – насельнікі роднага раёна – не з’яўляюцца мадэллю чалавецтва? Тым больш: іх клопат і праблемы для мяне – шмат цікавейшыя, чым, скажам, праблемы жыхароў якога-небудзь Беніна ці Заходняга Самаа. Не буду лгаць, што раёнка для мяне – адзінае акно ў свет. Ёсць шмат перыядычных выданняў, багацейшых зместам за нашу газету – і інфарматыўна, і мастацка-культурна. Але тут нічога не зробіш: нашым «фармат» не дазваляе. Затое раёначка – родная і цёплая. Таму і люблю яе. А яшчэ – за людзей, якія яе ствараюць. А яшчэ – за тое, што ў перабудовачны час не кінулася, як многія раённыя газеты, у крайнасці, не змяніла назвы, захавала вернасць сабе. І за тое, што яна пастаянна абнаўляецца, знаходзіцца ў творчым пошуку.
Ну і, нарэшце, не буду грашыць: люблю раёнку за маю крэатуру – «Літаратурную старонку». А яшчэ за тое, што часам на нейкай газетнай плошчы знаходзіцца месцейка і для маёй аўтарскай калонкі ці іншых публікацый. Што ні кажы, прыемна бачыць штосьці табой напісанае – надрукаваным.
Лілія Мялешка.
Отправить комментарий