Самы кароткі месяц года і заканчваецца хутчэй за астатнія. Але гэта не перашкаджае насыціць яго падзеямі. І ніколі не позна іх ўспомніць, калі мелі яны неардынарны характар. Люты адметны для мужчын усіх узростаў, таму што ў ім мы адзначалі Дзень абаронцаў Айчыны. А што можа быць больш ганаровым для сапраўдных патрыётаў! Адчуць гэта – такая мэта штогадовых месячнікаў абаронна-масавай работы, якія праводзяцца ў Лазавіцкім НПК.
Удзел у месячніку прымалі вучні ўсіх класаў: ад першага да адзінаццатага. У класах праходзілі гутаркі на тэму дэкады грамадзянска-патрыятычных спраў “Пераможныя і легендарныя”. Акрамя таго, была арганізавана экскурсія ў вайсковую часць 5448 Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь. На тэрыторыі часці знаходзіцца музей Унутраных войск. Экспанаты не толькі цікавыя, але, не пабаюся сказаць, унікальныя: мячы XVI стагоддзя, штандарт Радзівілаў таго ж часу, манекены, апранутыя ў кальчугі X-XI стагоддзя. Прадстаўлена ў музеі гісторыя ўзнікнення і развіцця вартавой службы, як яна называецца з тых даўніх часоў па сённяшні дзень. Ваеннаслужачыя наведанай намі часці нясуць патрульна-паставую службу на вуліцах нашай сталіцы, на іх рахунку не адзін затрыманы злачынец. Дапамагаюць людзям у пагонах службовыя сабакі: нямецкія аўчаркі, лабрадоры, ратвейлеры.
Вучням былі прадэманстраваны ўзоры спецыяльнай экіпіроўкі, ўзбраення, яны змаглі патрымаць у руках аўтамат і кулямёт, гранатамёт і бронежылет са шчытом. Не менш уразіла казарма: чысціня і парадак ва ўсім. На календары XXI стагоддзе, і ўмовы быту вайскоўцаў гэтаму адпавядаюць.
З чаго пачынаецца Радзіма? З многага, што чалавеку люба і дорага: роднага дома, сям’і, сяброў, школы, малюнкаў, песень, казак і яшчэ многа з чаго іншага. Але найперш Радзіма пачынаецца з грамадзянскай пазіцыі маладога чалавека, якому давядзецца стаць салдатам, абаронцам, грамадзянінам. Думаю, што нашы вучні ў час экскурсіі гэта зразумелі, зрабілі пэўныя вывады і рэальна ацанілі сябе. І, магчыма, нехта вырашыў стаць прафесійным ваенным ці міліцыянерам. У добры шлях!
У выхаванні сучаснага падрастаючага пакалення важна выкарыстоўваць усе формы ўздзеяння на падлеткаў. І падказаць ім неабходнасць усведамлення сябе як паўнапраўных членаў грамадства – задача важная і актуальная. Вялікі дзякуй начальніку аддзела адукацыі райвыканкама А.М.Клімовічу, дырэктару Лазавіцкага НПК А.А.Касачу, намесніку камандзіра в/ч 5448 па баявой падрыхтоўцы падпалкоўніку І.М.Крыжыку за дапамогу ў ажыццяўленні гэтай задачы.
Сяргей Чабатар,
выкладчык дапрызыўной падрыхтоўкі Лазавіцкага НПК, афіцэр запасу Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь.
Отправить комментарий