Сейчас загружается

Трэба быць гаспадарамі!

Вясна ўжо схавала сухую парыжэлую траву і раскінула па лугах сакавітыя зялёныя дываны. Прымяраюць новыя ўборы дрэвы і кусты, а алыча, як тая нявеста, нават увабралася ў бела-ружовую квецень. А які непаўторна-чысты вясновы водар паветра! Словам, вясна пасля зімовай хлюпоты і шэрані грунтоўна наводзіць парадак на зямлі. Дапамагаюць ёй у гэтым і дбайныя гаспадары, на падведамасных тэрыторыях і прысядзібных участках якіх ужо выграблена-падмецена… Прайшоўшыя ў красавіку суботнікі садзейнічалі добраўпарадкаванню населеных пунктаў, паркаў, грамадскіх месцаў адпачынку і вы­творчых зон. Аднак, як высветлілася пасля наведвання рэдакцыйнай групай шэрагу малочнатаварных фермаў сельгас­прадпрыемстваў, не паўсюль. Прапануем і чытачам з аб’ектыва лічбавай камеры “зазірнуць” за брамкі некаторых “фабрык” малака і мяса. Менавіта зазірнуць, бо мы спецыяльна не “лезлі” ўглыб вытворчых зон, а рабілі фотаздымкі практычна з дарогі, што, як кажуць, навідавоку.

Удзень выезду вецер разгуляўся не на жарт. Па бяскрайняй (аўт.: межы вытворчай зоны фермы не абнесены плотам) тэрыторыі МТФ “Заастравечча” аднайменнага вытворчага кааператыва ён без перашкод “ганяў” салому, смецце. Ды што салому? Як маятнік, гойдалася на адным цвічку прама над уваходам у кароўнік дошка. А да перакошаных вялізных дзвярэй увогуле страшна было падысці: трымаліся яны літаральна на адной пятлі, другая створка проста прыстаўлена да сцяны. Памятаючы аб інструкцыі па тэхніцы бяспекі, прасіла фотакарэспандэнта зрабіць здымак здалёку: хаця ж каб свавольнік-вецер не сарваў аб’ект фотаздымкі ўвогуле. Да бяды ж недалёка. Ды і гэта аказалася праблематычным: літаральна ў 10-15 м ад уваходу высіліся горы гною. Склалася ўражанне: у гаспадарцы дэфі­цыт цвікоў. Як жа інакш растлумачыць тое, што нават “фірмены знак” “МТФ “Заостровечье” аказаўся сарваным (на здымках 1-3). Цікава, колькі разоў за дзень праходзяць праз цэнтральны ўваход работнікі фермы? Думаю, абыдземся без дакладных разлікаў і ўсё ж скажам – нямала. Няўжо яны так прызвычаіліся да рэчаіснасці, што не заўважаюць відавочнага беспарадку?

Тэрыторыя МТФ “Даматканавічы” СВУ “Шчэпічы” ААТ “Клецкі камбікормавы завод” заасфальтавана, агароджана, невысокі металічны плоцік унутры двара нават пафарбаваны, знойдзена месца для альтанкі і кантэйнера для смецця. Неблагі знешні выгляд і вытворчых памяшканняў. Але ж чаму не давесці распачатую добрую справу да канца: зрабілі рамонт – вывезіце смецце і ламачча, прыбярыце тэрыторыю. Не атрымалася, аб чым сведчаць здымкі 4 і 5.

Доўга чакалі работнікі МТФ “Навадворкі” асфальтавага пакрыцця на прыфермскай тэрыторыі. Урэшце дачакаліся, боты паздымалі… Але ці надоўга, бо прама пасярод двара ён ужо "ўзарваны". Не надае ўтульнасці параскіданы наўкола гной, дровы ў вуглу каля цэнтральнага ўваходу, нявыкарыстаны сянаж над траншэяй...

Не парадаваў выгляд МТФ “Шчэпічы” ўжо з дарогі, на пад’ез­дзе да прыфермскай тэрыторыі (здымак 6): неахайна, брудна, зямля выкарыстоўваецца не па-гаспадарску.

Бачна, што працэс добраўпарадкавання на МТФ “Урведзь” СВК “Морач” не пушчаны на самацёк. Тут вядзецца рэканструкцыя вытворчых памяшканняў, уваходныя дзверы  акуратныя, чыстыя, падасланыя саломай дворыкі для выгулу жывёлы. Тэрыторыя абмежавана жалезабетонным плотам, але з тыльнага боку фермы за яго лепш не заглядаць, так як зрабіла гэта наш фотакарэспандэнт (здымак 7): гной, салома, вада – усё ў кучы разам.

Вя­дзецца рэканструкцыя вытворчых памяшканняў і на МТФ “Загорнае” РУСП “Племзавод “Чырвоная зорка”. Толькі шкада, што, зноў жа, будаўнічыя адходы скіданы прама ля “чырвонага” ўваходу (здымак 8, з другага боку дарогі складзіруецца гной у дзвюх рытвінах, пасярод іх – салома. Скажу шчыра, выгляд малапрыемны.

Калі гаварыць увогуле, то на ўсіх фермах, дзе мы пабылі, беспарадку хапае. Насцярожвае той факт, што веснавая пасяўная ўжо завяршылася, а на прыфермскіх тэрыторыях засталося вельмі многа гною, які тэхнолагі палеткаў называюць “эліксірам урадлівасці”. І гэты “эліксір” аказаўся незапатрабаваным, а значыць, карысці сёлета ўжо не прынясе. А як жа павышаць аддачу палеткаў, тым больш, што “мінералка” каштуе так дорага? Псуюць гэтыя “горы” і знешні вы­гляд, бо мала дзе ёсць тыпавыя гноя­сховішчы, таму складзіруецца арганіка ледзь ці не ў некалькіх метрах ад уваходных дзвярэй.  А з надыходам цяпла гной стане спрыяльным месцам для размнажэння мух, мошак, якія разносяць інфекцыі розных за­хворванняў і, тым самым, зніжаюць прадукцыйнасць жывёлы. Многія прыфермскія тэрыторыі не агароджаныя, вялікія ўчасткі зямлі выкарыстоўваюцца неэфектыўна. Шмат смецця, нейкага ламачча, словам, беспарадку. Кіраўнікі  вытворчых падраздзяленняў спасылаюцца на тое, што не хапае грошай. А хіба яны патрэбныя, каб прыбіць шыльду ці дошку, якая ў любы момант гатова траўміраваць кожнага? Ці вялікія затраты неабходны, каб адвесці пляцоўкі пад арганіку і салому не з пярэдняга боку фермы, а з тыльнага, і своечасова падбуртоўваць, а не ствараць рукатворнае возера з малапрыемным выглядам? На маю думку, для вырашэння многіх праблемных пытанняў дастаткова было б спецыялістам, адказваючым за даручаны ўчастак работы, навучыцца ставіцца да яе выканання па-гаспадарску, як дома.

Вольга Русіновіч.

Фота Яўгеніі Семянчук.

Отправить комментарий

Возможно, пропустили