У 1680 г. па ініцыятыве ўніяцкага Мітрапаліта Кіпрыяна Жахоўскага пачалася візітацыя (інспекцыя) цэркваў Навагрудскага і Мінскага паветаў. Для яе правядзення былі важкія прычыны. Беларусь яшчэ не паспела аднавіцца ад наступстваў вайны з Маскоўскай дзяржавай (1654-1667 гг.), у час якой многія ўніяцкія цэрквы былі спалены ці разрабаваны, архівы знішчаны, прыхаджане загінулі або вывезены ў палон. Каб паспяхова кіраваць епархіяй, неабходна было, прынамсі, ведаць сапраўдны стан рэчаў. Для гэтага на месцы і былі накіраваны ўпаўнаважаныя прадстаўнікі Мітрапаліта. Храмы Навагрудскага сабора, куды адносілася і Клеччына, аглядаў святар Аляксандр Валасовіч. У снежні 1680 г. ён наведаў усе ўніяцкія бажніцы Клецкай пратапопіі (царкоўнай акругі) і зрабіў іх апісанне, зафіксаваўшы назвы, стан будынкаў, царкоўнае начынне, кнігазборы і г.д.
Усяго Клецкая пратапопія ўключала ў сябе 22 царквы і 7 капліц. Агульная колькасць прыхаджан складала 8310 чалавек (пры гэтым няма звестак па 6 парафіях). Найбольш аддаленымі ад цэнтра пратапопіі былі прыходы цэркваў мястэчка Лахва і вёскі Чучавічы (сучасны Лунінецкі раён). Амаль палова прыходаў знаходзілася на тэрыторыі сённяшніх Капыльскага і Ганцавіцкага раёнаў. Адзін – у в.Хорастава (Салігоршчына). У межах сучаснага раёна знаходзілася 9 цэркваў і 3 капліцы.
У самім Клецку было дзве царквы: Уваскрасенская (настаяцель Пётр Ракевіч) і Вазнясенская. У Брыкаўшчыне (цяпер частка в.Садовая) – Спаская царква (наст. Сцяпан Бутовіч). У Малой Цапры (Цапэрка) – Троіцкая царква; Грыцэвічах – Петрапаўлаўская (наст. Васіль Асташкевіч), яе прыходу належала і капліца ў Пласкавічах (суч. в.Нагорнае); Макранах – царква Нараджэння Найсвяцейшай Дзевы Марыі (наст. Павел Юркевіч); Морачы – Вазнясенская царква (наст. Ян Юркевіч), якой належала капліца Св. Гальяша ў Астроўчыцах; Галынцы – Петрапаўлаўская царква (наст. Ян Савіч). У Дунайчыцах – Пакроўская царква (дакумент называе яе новазбудаванай), а ў Машуках – безыменная капліца.
Найбольш значнымі былі прыходы дзвюх Цімкавіцкіх цэркваў (1300 чалавек) і царквы ў Лахве (1000 чалавек). Прыход Клецкай Уваскрасенскай царквы уключаў у сябе ўласна горад, вёскі Кухчыцы, Лукаўцы, Сякерычы, Бабаевічы, Сухлічы, Цыцкавічы (сучасная Рассветная), Гарбуноўшчыну, Парабкі (цяпер не існуе) і Капланавічы і налічваў 1000 душ. На жаль, дакумент не ўтрымлівае ніякіх звестак пра Вазнясенскую царкву, акрамя яе назвы. Досыць шматлюднымі былі Макранскі і Морацкі прыходы (адпаведна 400 і 430 прыхаджан). Самым малым ва ўсёй пратапопіі з’яўляўся Грыцэвіцкі прыход. Ён уключаў тры вёскі – Грыцэвічы, Цясноўку і Пласкавічы і налічваў 160 душ. Лёгка заўважыць, што ва ўсіх выпадках візітатар стараўся акругліць лічбы. У незайздросным становішчы апынуліся прыхаджане Троіцкай царквы ў Малой Цапэрцы. Яе настаяцель Аляксандр Пашкоўскі, відаць, не задаволены мясцовымі ўмовамі, кінуў прыход і пераехаў у Салтанаўшчыну. Візітатару нават не ўдалося зрабіць падрабязны вопіс бажніцы.
Уяўляюць цікавасць і аб’ёмы царкоўных кнігазбораў. Ва ўсіх цэрквах Клецкай пратапопіі налічвалася 83 кнігі (з іх 53 – друкаваныя). Адзначу, што гэта найменшы паказчык ва ўсім Навагрудскім саборы. Найбольш было “Евангелляў”, “Службоўнікаў” (тэксты для нядзельнага і святочнага набажэнства), “Паўуставаў” (зборнікі службаў, малітваў, канонаў і інш), “Трэбнікаў” (трэбы – службы, якія адпраўляюцца на патрэбу вернікаў, напрыклад, паніхіда або малебен). Зафіксаваны нават знешні выгляд некаторых кніг. Так у Галынцы захоўвалася “Евангелле друку віленскага ў аксаміце і срэбнай аправе”; у Васкрасенскай царкве – “Евангеллі два друкаваных, у срэбра апраўленых”; у Макранах – “Евангелле, у срэбра апраўленае, вокладка з пяцi дошак і 5 пуклаў з клаўзурамі” (пукла – падстаўка-ножка на ніжняй дошцы вокладкі кнігі; клаўзура – зашпілька).
Нядаўна надрукаваныя матэрыялы візітацыі цікавыя тым, што дапамагаюць узнавіць невядомую раней старонку царкоўнага жыцця Клеччыны.
(Паводле выдання “Візіты ўніяцкіх цэркваў Мінскага і Навагрудскага сабораў у 1680-1682 гг.”. Укл. Дзяніс Лісейчыкаў. Мн. 2009.)
Отправить комментарий