Сейчас загружается

“Жадаю гораду квітнець і разрастацца!”

Фашысты пагрузілі нас у таварны вагон. Давезлі да Клецка... Калі горад вызвалілі ад гітлераўцаў, наш выхавальнік адшукаў уцалелае памяшканне. Яго прыстасавалі пад дзіцячы дом...”. Для мяне як музейнага работніка і краязнаўцы невялічкі артыкул у газеце “Культура”, радкі з якога прыведзены вышэй, стаў тэмай для цікавай пошукавай работы і новых даследаванняў. Пошук прынес плён. Быў знойдзены аўтар артыкула – цікавая, энергічная жанчына Яніна Кірылаўна Філонава. Гэта яна апісвала падзеі, якія адбываліся на клецкай зямлі ў гады яе дзяцінства. Пачалася перапіска, завязалася сяброўства.

Лёс Яніну Кірылаўну не песціў. Яе асабістыя ўспаміны кранаюць сэрца. Частка іх была змешчана некалькі гадоў назад у адным з нумароў раённай газеты “Да новых перамог”. Але не магу не вярнуцца ў мінулае гэтай жанчыны яшчэ раз: “Вясновай раніцай 1944 года карнікі вынайшлі зямлянкі, у якіх хавалі­ся людзі ля вёскі Швабы, недалёка ад Ганцавіч. Пачалі зганяць людзей і грузіць у машыны. У гэтай мітусні здарылася самае страшнае: разам з малодшым братам і сёстрамі я згубіла маці. Як шчанят, разам з дарослымі нас пакідалі ў грузавікі. Мы доўга плакалі і клікалі сваю маму, пакуль не страцілі голас і прытомнасць. Ачунялі ўжо ў Барысаўскім канцлагеры... Прабылі там усё лета. А потым нас пагрузілі і павезлі да Клецка...”. Так Яніна апынулася ў горадзе свайго дзяцінства, як сама пазней назаве наш Клецк. Жыла тут у дзіцячым доме да 1945 года. Мама адшукала іх і забрала ў родныя Ганцавічы. Але скора бацькоў не стала, і дзеці зноў апынуліся ў дзіцячым доме ў Плешчаніцах. Пасля школы скончыла тэхнічнае вучыліш­ча, працавала токарам на заводзе, пазней – у заводскім медпункце, у паліклініцы ўчастковай медсястрой. Выгадавала дзвюх дачок, мае трох ўнукаў. Жыве ў Мінску. У свае 74 гады застаецца энергічнай і добразычлівай, спрабуе свае сілы ў творчасці: піша апавяданні, гумарэскі, вершы. У дні святкавання 880-годдзя Клецка Яніна Кірылаўна наведала наш горад і такім чынам праз год паштовай перапіскі ўпершыню ўбачылася з музейшчыкамі, з людзьмі, якія праз 63 гады прадаставілі магчымасць зноў пабываць у Клецку, але ўжо ў мірным і прыгожым...

Наша сяброўства працягваецца. Кожны год супрацоўнікі музея з радасцю і хваляваннем атрымліваюць віншаванні да свят ад Яніны Кірылаўны, рады чуць яе ціхі, спакойны голас. І кожны раз рады дасылаць жанчыне, а ў яе вобразе ўсім малалетнім ахвярам Вялікай Айчыннай, пажаданні моцнага здароўя на доўгія гады. Яны – апошнія сведкі тра­гічных падзей. З іх дапамогай памяць вайны перадаецца наступным пакаленням. І гэта надзвычай важна.

Напярэдадні 65-годдзя Вялікай Перамогі мы атрымалі віншаванне ад Яні­ны Кірылаўны, адрасаванае кляччанам:

“Любы мой горад Клецк!

Я без слёз не магу ўспамінаць тое, што мне давялося перажыць у тваіх сценах у гады ваеннага ліхалецця. Але ж хіба я такая адна? Я вельмі рада, што ты падняўся з руін, аднавіўся, стаў прыгожым, чыстым, з мноствам зелені і кветак. У 2007 годзе я  пабывала на святкаванні горада – яму споўнілася 880 гадоў. (Дарэчы, тады я была ўпершыню ў пасляваенным горадзе.) Ішла па чыстых, прыгожых вуліцах, любавалася іх убранствам, углядалася ў твары людзей і ўсюды бачыла добразычлівыя ўсмешкі. Вельмі многа моладзі. І гэта так добра! Значыць, у горада ёсць будучыня.

Сэрца маё поўнілася радасцю і гонарам за людзей і за горад.  Ад’язджаючы дадому,  я забрала з сабой часцінку таго святла і чалавечай радасці, якую ўбачыла тут. І цяпер часта ўспамінаю Клецк і яго жыхароў.

Жадаю гораду з кожным годам квітнець і разрастацца, а кляччанам – жыць заможна, шчасліва і не ведаць гора ніколі”.

Мы – пасляваеннае пакаленне, моладзь і падлеткі -–  павінны нізка схіляць галаву перад такімі людзьмі як Яніна Філонава. Перад памяццю ахвяр, перад складаным лёсам людзей, якія перажылі нечалавечую трагедыю, перад пакаленнем Пераможцаў і перад будучыняй.

Марына Бобка, дырэктар

ДУ “Музей гісторыі Клеччыны”.

Отправить комментарий

Возможно, пропустили