Галасы ў двары разбудзілі Васіля на досвітку. Хлопец хуценька падхапіўся і кінуўся да акна. “Ух, свае!”, – убачыўшы маладых мужчын у цывільнай вопратцы з аўтаматамі на плячах, ён з палёгкаю ўздыхнуў і, апрануўшыся, выйшаў з хаты. Сямнаццацігадоваму юнаму было цікава пагутарыць з «ляснымі гасцямі». Як высветлілася, група вярталася з далёкага рэйду, і тут, у акружанай лясамі, незанятай на тую раніцу фашыстамі, Морачы, народныя мсціўцы вырашылі крыху адпачыць. Маці ўвіхалася па гаспадарцы, разам ім гатавалі сняданак. Праз нейкі час яна папрасіла Васіля збегаць да калодзежа за вадой. Толькі ўзяўся хлопец за “журавель”, як убачыў на другім канцы завулка шумную кампанію паліцаяў. Кінуўшы вядро, подбегам паспяшаўся на двор, дзе снедалі змораныя доўгай дарогай партызаны:
– Хутчэй у лес! Паліцаі! Іх там шмат, – яшчэ здалёк кінуў Васіль.
Для прыняцця бою не было ні зброі, ні патронаў, ні сіл. Таму камандзір, разважыўшы сітуацыю, спакойна сказаў:
– Адыходзім.
За лічаныя хвіліны партызаны, падхапіўшы аўтаматы і раскіданую па плоце мокрую вопратку, апынуліся ў схованцы за зялёнымі шатамі. У двары Ульяна Андрэеўна разам з сынам хуценька навялі парадак, прыбралі посуд, падмялі сені, а калі зайшлі ў хату – гаспадыня ледзь не самлела: пад лавай стаяў паўразабраны кулямёт і невялічкая скрыначка з патронамі.
– Васіль, хутка запіхай пад печ, – не разгубілася яна, – а сам схавайся дзе.
…У той дзень морацкай сям’і Кулік проста пашчасціла: паліцаі не зайшлі ў хату, а толькі спыталіся ў жанчыны, што корпалася ў градах, ці не бачыла тая партызанаў:
– Адкуль ім тут быць? – спакойна адказала, не паказваючы хвалявання.
Толькі праз два дні ноччу зноў наведаліся ў хату на ўскрайку Морачы партызаны, забралі кулямёт і шчыра дзякавалі за дапамогу. Пасля таго выпадку яны яшчэ не аднойчы заходзілі да У.А.Кулік, распытвалі пра абстаноўку ў Морачы і бліжэйшых вёсках, давалі дробныя даручэнні. Так карцелася юнаму Васілю пайсці разам з імі ў лес, але маці вельмі прасіла дапамагчы ёй гадаваць пяцёра малодшых братоў і сясцёр, даглядаць 60 сотак зямлі-карміцелькі…
Толькі пасля вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў 20-гадовы Васіль Андрэевіч Кулік трапіў у дзеючую армію. Разам з аднавяскоўцам Сцяпанам і іншымі мясцовымі хлопцамі іх даставілі пад Кіеў, 200 кіламетраў далей да лініі фронту ішлі пешшу, затым апынуліся ва Усходняй Прусіі, на перадавой. Навабранцам-сябрам даверылі кулямёт. Яскрава памятае ветэран бой пад Кёнігсбергам, за які атрымаў медаль “За адвагу”.
Тры кулямёты ў шахматным парадку выстраіліся насупраць ідучых сцяною ворагаў.
– Падпусціць бліжэй! Не страляць, – даносіўся голас камандзіра.
– Ты, Сцяпан, толькі не марудзячы, стужкі падавай. Зараз мы гэтых гадаў…
Нямала палягло фашыстаў у тым баі. Замаўчалі і два нашыя кулямёты, толькі Васіль страчыў і страчыў… Але і яго знайшла варожая куля, вострым болем пранізала нагу. Прыйшоў у прытомнасць Васіль, калі наўкола было ўжо ціха, а поруч з ім валтузаліся пяцёра сабак, звычайных дварняг, выдрысіраваных адшукваць параненых і выцягваць іх з поля бою. Яны перакацілі салдата на нейкі паддон і пацягнулі да ракі, удала пераправіліся на другі бераг.
Рабілі аперацыю ў Каўнасе, амаль два месяцы правёў у шпіталі, а потым – на абарону Балтыйскага мора, а там – да самай Перамогі і яшчэ тры гады пасля. У мірны час В.А.Кулік таксама, як з павагай гаворыць сам, “служыў”: 28 гадоў – лясніком. Да ваенных медалёў далучылася і за працоўныя заслугі – “Ветэран працы”. А напярэдадні свята 9 Мая старшыня райвыканкама А.С.Бойка ўручыў удзельніку вайны юбілейны медаль “65 год Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне”.
Вольга Русіновіч.
Фота Яўгеніі Семянчук.
Отправить комментарий