Яўген Аляксандравіч Кішко
Жэня планаваў у аўторак здаць матэрыял… Артыкул так і застаўся недапісаным. А колькі трапных замалёвак, цікавых карэспандэнцый, узнёслых вершаў, глыбокіх па зместу баек і гумарэсак з-пад яго пяра так і не народзяцца ўжо ніколі. Трагічная выпадковасць зламала яго лірычнае пяро, на паўслове абарвала вершаваны радок, адабрала само жыццё, якое толькі расцвітала, набірала моцы і абяцала свету падарыць шматгранную таленавітую асобу.
Яўген супрацоўніцтва з газетай пачаў яшчэ ў школьныя гады юнкораўцам: спачатку пісаў вершы, потым перайшоў і на больш сур’ёзныя тэмы. Быў актыўным членам клуба маладога журналіста, літаратурнага аб’яднання “Голас” пры рэдакцыі. Яшчэ ў гады навучання ў ДУА “Клецкі СПЛ” юнак займаў прызавыя месцы ў абласных конкурсах маладых журналістаў “Беларусь Родная Сінявокая Маладая”, “БРСМ – 5 гадоў разам”, “Роднай зямлі прысвячаецца”. За аўтарскую творчасць, выканальніцкае майстэрства стаў ён і дыпламантам абласнога фестывалю гумару “Я – пякучка крапіва”.
З ліпеня 2008 года Яўген Кішко стаў працаваць карэспандэнтам раённай газеты. Як апантана шукаў наш малады калега сюжэты пад рубрыку “З паэтычным фотапрыцэлам” і ствараў да іх вершы, неардынарных субяседнікаў для сваёй галерэі фотазамалёвак, вострыя тэмы для праблемных публікацый… Яўген нястомна ўдасканальваў сваё прафесійнае майстэрства, работу над словам і стылістыкай матэрыялаў, вучыўся вылучыць галоўную фабулу з атрыманай у рэспандэнта інфармацыі. Каб дасканала авалодаць журналісцкай справай, дапытлівы, цікаўны юнак паступіў на завочнае аддзяленне Інстытута журналістыкі БДУ. Але экзаменацыйная сесія праз тыдзень пачнецца без яго ўдзелу… 10 мая сэрца вясёлага, камунікабельнага, кампанейскага, улюбёнага ў беларускую мову і сваю Радзіму юнака перастала біцца. Светлая памяць пра Яўгена застанецца назаўсёды ў нашых сэрцах і ўсіх тых, хто яго ведаў. Выказваем глыбокае спачуванне маме Зоі Канстанцінаўне ў сувязі з непапраўнай стратай сына, усім блізкім і родным ЯЎГЕНА.
Калектыў рэдакцыі газеты
“Да новых перамог” і члены літаратурнага аб’яднання «Голас».
15 comments