Cвяточныя мерапрыемствы з нагоды Дня Вялікай Перамогі ў аграгарадку Сіняўка прайшлі 8 мая. Яго жыхароў і гасцей сабрала канцэртная праграма, якую ладзіў Русінавіцкі СДК. Сяброўства з суседнім Ляхавіцкім раёнам у сіняўчан даўнішняе, і такія “абменныя” праграмы ўжо сталі добрай традыцыяй.
А ў 17 гадзін, пасля ўрачыстай прамовы старшыні Сіняўскага сельвыканкама М.М.Гадуна, святочная калона рушыла да помніка воінам, загінуўшым на тэрыторыі сельсавета ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Спынілася тэхніка, што рухалася па цэнтральнай шашы, саступіўшы дарогу ветэранам і ўдзельнікам вайны, жыхарам Сіняўкі і навакольных вёсак. Яны прыйшлі, каб ушанаваць памяць аб загінуўшых, нізка пакланіцца і ўскласці кветкі да абеліска каля Вечнага агню. Асаблівую ўрачыстасць мерапрыемству прыдаў адноўлены ў Сіняўцы духавы аркестр, пад марш у выкананні якога ішла святочная калона.
Кожны, стоячы каля брацкай магілы, пад запіс голаса Левітана ўспомніў жудасныя малюнкі ваеннага ліхалецця. Той, хто ваяваў, выціраў вільготныя ад слёз вочы, а моладзь – узнаўляла ў памяці пачутае ад ветэранаў вайны, прачытанае ў кнігах і ўбачанае ў фільмах.
Усхваляваныя і ўзрушаныя, прадстаўнікі мясцовых арганізацый ускладалі кветкі і вянкі на халодныя пліты, сагрэтыя ў той дзень майскім сонцам і людской памяццю. І толькі аддаўшы даніну павагі, выканаўшы святы абавязак грамадзяніна сваёй краіны, дарослыя і дзеці накіраваліся да канцэртнай пляцоўкі, дзе з шыкоўным канцэртам чакалі сваіх землякоў самадзейныя артысты Сіняўскага СДК. А ў 22 гадзіны начны небасхіл разарвалі каляровыя выбухі святочнага салюту, які быў дадзены ў гонар Дня Перамогі. Дня, які падарыў будучыню нам, нашым дзецям і ўнукам…
Валянціна Сянкевіч.
Фота аўтара.
Отправить комментарий