У сферы культуры сёння ўстаноў нямала – гэта цэнтры і дамы культуры, клубы, бібліятэкі… І кожная ў той ці іншай ступені забяспечвае пэўныя культурныя, эстэтычныя запатрабаванні насельніцтва, стварае ўмовы для правядзення вольнага часу людзей, дае ім магчымасць пастаянна павышаць свой агульна-адукацыйны і мастацка-асветніцкі ўзровень. Сваю пачэсную місію ў гэтым выконвае і раённы музей, які дапамагае наведвальнікам усебакова знаёміцца з гісторыяй роднага краю, усведамляць сваё нацыянальнае паходжанне, далучацца да культуры і побыту сваіх продкаў. Акрамя гэтага музей адыгрывае вялікую ролю ў грамадзянскім станаўленні моладзі, выхаванні пачуцця гонару за сваіх продкаў, пашаны да чалавека, да яго працы, нацыянальнай годнасці. У дзень прафесійнага свята аб рабоце ДУ “Музей гісторыі Клеччыны” мы вядзем гутарку з дырэктарам Марынай Анатольеўнай Бобка.
– Вы – музейныя работнікі – захавальнікі гісторыі, вы даеце магчымасць сучаснікам зазірнуць у яе ўчора. Хацелася б ведаць, які ж сённяшні дзень узначальваемай Вамі ўстановы?
– Развіццё музейнай справы ў наш час – прыярытэтны напрамак па захаванні і зберажэнні багатай культурнай спадчыны як усёй Беларусі, так і асобнага рэгіёну. Любы раённы музей сёння – гэта рэгіянальны навуковы цэнтр, які валодае найбольш поўнай інфармацыяй аб гістарычных і этнаграфічных асаблівасцях свайго рэгіёну. Асноўная задача супрацоўнікаў музея – сабраць і захаваць гістарычнае багацце нашай Клеччыны. Любы куточак беларускай зямлі мае сваю адметнасць, цікавую гісторыю, і Клеччына ў гэтым плане, зразумела, не выключэнне. Значнай акалічнасцю з’яўляецца тое, што з кожным годам зыходзяць з жыццёвай дарогі сведкі, што ведалі свой край, знікаюць носьбіты традыцыйнай культуры. Таму даследаваць, зафіксаваць успаміны, запомніць, перадаць гэта для нашчадкаў – першасная задача музейшчыкаў.
– І што ў гэтым плане робіцца фактычна?
– У гэтым накірунку мы праводзім значную работу. Супрацоўнікі музея бываюць у шматлікіх вёсках раёна з мэтай збору гістарычнага, этнаграфічнага матэрыялу і папаўнення музейных калекцый разнастайнымі прадметамі. Менавіта яны – дакументы, фотаздымкі, прадметы побыту і г.д. – з’яўляюцца той жыватворнай крыніцай, на аснове якой фарміруюцца аб’ектыўныя адносіны да гісторыі. З іх дапамогай ствараюцца музейныя экспазіцыі і выставы. Для паглыбленага вывучэння гісторыі краю наладжана праца з архівамі, падтрымліваецца супрацоўніцтва з іншымі музеямі, назапашваюцца ўласныя навуковыя напрацоўкі.
– Але ж і экспазіцыйная, і выставачная дзейнасць таксама з’яўляюцца значнай часткай вашай работы?
– Безумоўна. Ствараюцца новыя музейныя экспазіцыі і праводзяцца рээкспазіцыі існуючых раздзелаў. Штомесяц арганізуюцца разнастайныя зменныя выставы. Працуюць музейшчыкі і ў навукова-асветніцкім накірунку. Арганізуюцца музейна-педагагічныя заняткі і экскурсіі для навучэнцаў агульнаадукацыйных школ па разнастайных гістарычных тэмах.
Аб выніках нашай працы, дзякуючы вашаму выданню таксама, мы пастаянна расказваем кляччанам. Не сумняваюся, што руплівыя краязнаўцы і проста чытачы з цікавасцю праглядаюць нумары раённай газеты з тэматычнай старонкай “Карані” – своеасаблівай краязнаўчай энцыклапедыяй па гісторыі раёна, дзе можна знайсці цікавыя рознатэматычныя звесткі, дзе годна асвятляюцца падзеі і факты гераічнага мінулага, расказваецца пра тыя гістарычныя карані, якія паўнакроўна сілкуюць крону нашай культуры, нашай будучыні.
– Што новае плануеце прапанаваць сваім наведвальнікам у далейшым?
– Хачу сказаць, што работа музейшчыкаў, на першы погляд – сціплая і непрыкметная, а наогул – важная і запатрабаваная, заўсёды была і застаецца тым маяком, які асвятляе шлях да пазнання свайго краю, яго ўнікальнай і самабытнай культуры, багатай гісторыі. Музей – як непарыўны ланцужок паміж мінулым і будучым. І менавіта на музейных работнікаў ускладзена задача працаваць так, каб гэты ланцужок застаўся непарыўным. Таму працуем мы і ставім перад сабой задачы на будучыню зрабіць музей прывабным для наведвальнікаў, запатрабаваным у грамадстве турыстычным аб’ектам. У сённяшніх рынкавых умовах, эпоху інфарматызацыі музей павінен быць адкрытым ва ўсіх значэннях гэтага слова і прывабліваць да сябе развітай інфраструктурай і найноўшымі інфармацыйнымі тэхналогіямі. Сучаснаму наведвальніку хочацца не толькі пачуць і ўбачыць пэўную інфармацыю ад экскурсавода – яму хочацца дакрануцца да аўтэнтычных рэчаў, віртуальна вярнуцца ў мінулае. Зразумела, што без камп’ютарных тэхналогій тут не абысціся. Таму ў нашых планах – набыццё камп’ютарнага абсталявання, які адпавядае патрабаванням для перадачы дадзеных аб стане музейнага фонду (фонд ДУ “Музей гісторыі Клеччыны” налічвае амаль 9000 адзінак асноўнага фонду і звыш 3000 – навукова-дапаможнага) у Дзяржаўны каталог Музейнага фонду Рэспублікі Беларусь, набыццё мультымедыйнай сістэмы для правядзення прэзентацый і музейна-педагагічных заняткаў, адкрыццё сваёй старонкі ў Інтэрнэце і шмат чаго іншага.
– Праца музейшчыкаў варта прызнання, яна карысная і патрэбная – аб гэтым сведчаць шматлікія запісы ў кнізе водгукаў, лісты, падзякі і проста добрыя словы ад наведвальнікаў вашага музея. Шчырае дзякуй. Новых творчых праектаў вашаму калектыву, цікавых знаходак, шырокай выставачнай дзейнасці.
– Дзякуй. У дзень прафесійнага свята мне таксама хочацца выказаць словы прызнання супрацоўнікам музея за іх працу і творчыя намаганні, дзякуючы якім усё новае ў краязнаўстве становіцца здабыткам людзей, неабыякавых да гісторыі і культуры сваёй малой Радзімы. Пажадаць моцнага здароўя, дабрабыту, натхнення, поспехаў у іх пачэснай працы на ніве захавання і адраджэння нацыянальнай гісторыі, творчых здабыткаў, шчаслівых здзяйсненняў і новых адкрыццяў.
Падрыхтавала
Вольга Русіновіч.
Отправить комментарий