Ва ўсе часы эканоміку аграрнага сектара вызначаў стан спраў у жывёлагадоўлі. Не губляюць актуальнасці напрацоўкі галіны і на сённяшні дзень. Таму так важна вынікова спрацаваць у пераходны перыяд пасля зімоўкі, забяспечыць максімальную аддачу пагалоўя на зялёных, адносна танных кармах. Як дабіцца жаданага, абмеркавалі спецыялісты ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама, кіраўнікі, тэхнолагі фермаў і ветурачы сельгаспрадпрыемстваў на прайшоўшай днямі нарадзе па падвядзенні вынікаў работы жывёлаводаў за чатыры мінулыя месяцы.
Адзначалася, у прыватнасці, што валавая вытворчасць жывёлагадоўчай прадукцыі ў супастаўных цэнах за справаздачны перыяд склала 33207 млн. рублёў. Добрыя паказчыкі ў гэтым накірунку дасягнуты вытворчымі кааператывамі “Заастравечча”, “Лазавічы”, “Кухчыцы”, зніжаны ў параўнанні з аналагічнымі мінулага года – калектывамі СВК “Морач”, “Грыцэвічы”, РУСП “Племзавод “Чырвоная зорка”, МАУ ПГП “Зубкі”. Прыбытковай застаецца толькі праца малочнага цэху галіны; свінагадоўля (- 5,1%) і вытворчасць ялавічыны (-32,9%) пакуль стратныя. Не ў дастатковай меры вытворцы выкарыстоўваюць фінансавыя магчымасці паказчыкаў якасці рэалізуемага малака на стабілізацыю эканомікі. Пры наяўнасці ў раёне значнай колькасці новых малочнатаварных фермаў, абсталяваных сучаснымі даільнымі і халадзільнымі ўстаноўкамі, лічба 3,68% рэалізацыі малака класа экстра, згадзіцеся, нязначная. Страты толькі па прычыне зніжэння сортнасці “белай валюты” за справаздачны перыяд склалі каля 260 млн. рублёў. Спецыялісты канстатавалі, што расход кармоў на вытворчасць 1 ц малака – 0,96 ц.к.адз., гэта ніжэй за аналагічны перыяд 2009 г. на 0,04 ц.к.адз. У той жа час у СВК “Заастравечча” расход кармоў на 1 ц прадукцыі – 1,10 ц.к.адз., ПУП “АФ “Арда” – 1,09, “Лазавічы”, “Чырвоная зорка”, “Морач” – па 1,04. Гэта зноў жа нявыкарыстаны рэзерв для павелічэння прадукцыйнасці працы жывёлаводаў.
Тым не менш, валавая вытворчасць малака склала 24,8 тыс.тон, што больш леташняга на 735 тон. Надой на карову ўзрос на 53 кг і дасягнуў адзнакі ў 2092 кг. У тройцы лідэраў значацца жывёлаводы СВК “Лазавічы” – 2430 кг на карову, СВФ “Туча” – 2310, СВК “Кухчыцы” – 2297.
Аднак нормы прынятай раней пакрокавай стратэгіі развіцця малочнай жывёлагадоўлі выкананы толькі на 96,9 %. Што стала таму прычынай? Хутчэй за ўсё тое, што спецыялісты не спрацавалі належным чынам у плане аднаўлення статкаў: за 4 месяцы недаатрымана 581 галава цялят, па сутнасці, усе сельгаспрадпрыемствы спрацавалі ў гэтым пытанні з мінусам. Тры гаспадаркі ўжо ў лютым выкарыстоўвалі прывазныя кармы, тым не менш, выхад пагалоўя на пашу запазніўся дзён на 10. Нявыкарыстаныя рэзервы ёсць яшчэ і ў арганізацыі тэхналагічнага працэсу вытворчасці малака.
Усе гаспадаркі, за выключэннем СВК “Кухчыцы”, не справіліся з заданнем па вытворчасці ялавічыны. Самы нізкі працэнт яго выканання ў МАУ ПГП “Зубкі” – 77,9. Сярэднясутачныя прывагі БРЖ дасягнулі ўзроўню 651 г (-4 г). Ніжэй сярэднераённага паказчыка спрацавалі вытворчыя кааператывы “Грыцэвічы”, “Морач”, РУСП “Племянны завод “Чырвоная зорка”, МАУ ПГП “Зубкі”, ЗП “Налібокі-Нёман”. А вось у свінагадоўлі 7 прадпрыемстваў выйшлі з ростам прадукцыі вырошчвання да 2009 года. Сярэднясутачныя прывагі ўзраслі на 7 грамаў і склалі 475. Асноўным вытворцам свініны ў раёне з’яўляецца свінаводчы комплекс “Яжавічы” ААТ “Клецкі камбікормавы завод”, удзельная вага прадукцыі якога ў валавой вытворчасці свініны складае 56%. За справаздачны перыяд тут атрымана 1030,9 тон валавых прываг, рост да мінулагодняга – 107%.
Як бачна, у рабоце жывёлаводаў раёна шмат станоўчых момантаў, аднак хапае і недапрацовак. Каб ліквідаваць маючыя месца хібы і выканаць заданні завяршальнага года пяцігодкі, неабходна сканцэнтраваць намаганні і аптымальна выкарыстаць перавагі пашавага перыяду для росту вытворчасці.
Вольга Русіновіч.
Отправить комментарий