Лаўры лідарства ў масштабах рэспублікі працаўнікам малочнага цэху жывёлагадоўчай галіны Клеччыны ўдаецца ўтрымліваць ужо не адзін год. Быць у пяцёрцы мацнейшых раёнаў Беларусі па надоях малака на карову, вядома, справа пачэсная, але і адказная. Таму жывёлаводы пастаянна знаходзяцца ў пошуку прагрэсіўных метадаў работы, крок за крокам удасканальваюць тэхналагічны працэс, да дробязей разлічваюць рацыёны кармлення пагалоўя і забяспечваюць аптымальныя ўмовы яго ўтрымання.
Дарэчы, што існуючыя на фермах сацыяльна-бытавыя і санітарна-тэхналагічныя рэаліі прама прапарцыянальна ўздзейнічаюць на павышэнне прадукцыйнасці працы і прадуктыўнасці пагалоўя, з дня ў дзень пацвярджаецца вытворчымі паказчыкамі. Бадай, у нашым раёне ўзорам добраўпарадкавання прыфермскіх тэрыторый, саміх вытворчых збудаванняў, стварэння належных умоў для працы можна лічыць жывёлагадоўчыя аб’екты СВК “Лазавічы”. Адпаведна не выклікаюць тут нараканняў і вынікі работы. Шмат станоўчага ў гэтым накірунку на новых фермах: “Дунайчыцы” СВК “Кухчыцы”, “Сякерычы” СВК “Агракамбінат “Клецкі”, “Мервіны” СВК “Грыцэвічы” і іншых. У прыватнасці, на мервінскай літаральна днямі давялося пабываць мне самой. Уражанні самыя прыемныя. Радуе тое, што разам з адпрацоўкай тэхналогіі ўтрымання пагалоўя тут знайшлі сродкі, а галоўнае, жаданне займацца навядзеннем парадку на прылягаючай тэрыторыі. Верыцца, што зусім хутка тут зашумяць зялёнымі шатамі высаджаныя вясною ўздоўж пад’язной дарогі (здымак 1) і на самім прыфермскім двары 120 дрэўцаў. Сакавітай рунню разраслася трава між кароўнікаў, а на газонах – туя, піхта, дзве грушкі (здымак 2), загадчык плануе ў хуткім часе ўзвесці тут і альтанку для адпачынку работнікаў. Дарэчы, кожная незаасфальтаваная лапінка зямлі, участкі наўкола воданапорных вежаў ужо таксама засеяны травою, значыць, месца для пустазелля проста не пакінута. Вядуцца работы і па абгароджванні па перыметры чатырохгектарнай плошчы (здымак 3), замацаванай за малочнатаварнай фермай. Спецыялісты падлічылі, што давядзецца ўзвесці плот даўжынёю 1 кіламетр 200 метраў. А выкарыстоўваюць для гэтага жалезабетонныя пліты ў спалучэнні са штакетнікам. Словам, робіцца ўсё па-гаспадарску, з поглядам на перспектыву.Упэўнена, што ўкладзеныя ў гэта сродкі хутка акупяцца з лішкам.
На жаль, падобнае становішча існуе не паўсюль, аб гэтым мы пісалі ў адным з майскіх нумароў у артыкуле “Трэба быць гаспадаром”. Крытычны матэрыял выклікаў пэўны рэзананс, на прыведзеныя заўвагі гаспадарнікі даслалі ў рэдакцыю свае рэагаванні, якія мы таксама давялі да ведама чытачоў. А па дамоўленасці з упраўленнем сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама днямі правялі паўторны рэйд, у якім прыняла ўдзел і галоўны заатэхнік упраўлення В.А.Бурак. Варта адзначыць, што пэўныя аб’ёмы работ па ліквідацыі ўказаных у папярэднім артыкуле недахопаў і ўвогуле па навядзенні парадку наўкола фермаў выкананы. У прыватнасці, толькі ў дзень паўторнага аб’езду на ферме для вырошчвання БРЖ “Загорнае” РУСП “Племянны завод “Чырвоная зорка” было вывезена 350 тон гною, вялася падсыпка пляцовак для яго захоўвання, абкошвалася пустазелле. Як паведаміў нядаўна прызначаны на пасаду кіруючага справамі аддзялення “Загорнае” племзавода М.М.Казакевіч, вызначана месца для складзіравання будаўнічых плітаў, што надасць двару больш ахайны выгляд. І ўсё ж спраў тут яшчэ – непачаты край. Не буду расказваць пра гэта падрабязна, адзначу толькі, што Мікалай Мікалаевіч рэальна ацэньвае сітуацыю і плануе пэўныя мерапрыемствы па добраўпарадкаванні вытворчых зон фермаў. Аднак звярніце ўвагу на здымкі 4 і 5. На іх бачна, як пад плотам валяюцца разарваныя поліэтыленавыя рулоны, у якіх захоўваецца (?) сянаж, прыгатаваны па эка-тэхналогіі. Падкрэслю, корм даволі дарагі, і незразумела, па якой прычыне “гаспадары” давялі яго да стану гною, не інакш. Лічу, не пасуе “Чырвонай зорцы” (!), каб амаль кожная жэрдачка ў агароджы выгульнага двара была прывязана звычайным шпагатам для цюкоўкі (здымак 6).
Колькі слоў аб выгульных дварах. Для многіх гаспадарак гэта – “балючае месца”. Для СВУ “Шчэпічы” – таксама. На аднайменнай малочнатаварнай ферме вытворчага ўчастка пасля папярэдняга рэйду гной, што “красаваў” з чырвонага увахода, вывезлі. Вычысцілі і некаторыя выгульныя двары, толькі замест пяску, якім варта было б засыпаць ямы, ды саламянай пярыны тут стаіць вада (здымак 7). Выклікае жах стан агароджы – старой, касабокай, неахайнай... Так, каровы пакуль не стаяць у дворжыках, але ж калі, як не ў гэта пераджніўнае зацішша рыхтаваць фермы да зімоўкі? Суцэльнае чорнае возера з астраўкамі буяючага пустазелля разлілося ззаду кароўнікаў аж да самай агароджы, за якой – збожжавы склад (здымак 8). Плошчы, адваяваныя гнойнай жыжай, што адкатваецца з фермы ў такзваныя чэкі, якіх ужо даўно нават не бачна, проста ўражвае сваімі памерамі. Такое становішча спраў даўно перарасло ў экалагічную праблему, толькі чаму ні гаспадарнікі, ні эколагі не б’юць у званы? А калі і спрабуюць рабіць гэта, то вельмі ж няўпэўнена, аб чым сведчаць памеры рукатворнага “возера”.
Не ўсё даведзена да ладу і на МТФ “Даматканавічы” СВУ “Шчэпічы”, ёсць да чаго прыкласці рукі і працаўнікам МТФ “Урведзь” СВК “Морач”. Адзначу толькі, што на многіх фермах пры існуючым дэфіцыце саломы стварыліся яе залежы, аднак шкада: яны падобныя хутчэй на гурбы гною, чым на якасны падсціл (здымак 9). Можа, адсюль і дэфіцыт склаўся? Паціху “заваёўвае” прыфермскія прасторы пустазелле, а касароў ні на адной з фермаў мы не заўважылі, як і яркіх кветнікаў.
Вольга Русіновіч. Фота аўтара.
Отправить комментарий