Пастановай калегіі Мінсельгасхарча Рэспублікі Беларусь №25 ад 14 мая 2010 года падведзены вынікі рэспубліканскага спаборніцтва за дасягненне высокіх паказчыкаў у вытворчасці жывёлагадоўчай прадукцыі ў 2009 годзе. Прыемна адзначыць, што сярод яго пераможцаў названы таксама арганізацыі і імёны працаўнікоў нашага раёна.
У прыватнасці, у спісе лідараў спаборніцтва сярод райветстанцый Беларусі пачэснае месца займае “Клецкая раённая ветэрынарная станцыя”, якая ўзнагароджана Ганаровым дыпломам і грашовай прэміяй у суме 15 млн. рублёў. Віншуем калектыў гэтай установы і жадаем яе спецыялістам новых вытворчых дасягненняў.
Падводзіліся вынікі і сярод адпаведных катэгорый работнікаў жывёлагадоўчай галіны. У прыватнасці, між лепшых заатэхнікаў-селекцыянераў краіны названа наша зямлячка Валянціна Аляксандраўна Лобка з СВК “Кухчыцы”, сярод брыгадзіраў малочнатаварных фермаў – Валянціна Аляксееўна Жданко з СВК “Лазавічы”. А двум прадстаўнікам Клеччыны – лідарам у кагорце галоўных заатэхнікаў і ветурачоў рэспублікі – калектыў рэдакцыі першым прынёс такую радасную навіну і павіншаваў з высокімі дасягненнямі асабіста. Гэта – галоўныя спецыялісты СВК “Морач” Пётр Іванавіч Даўбнюк і Станіслаў Станіслававіч Чарняўскі. Абодва ўжо доўгі час працуюць на морацкай зямлі, добра ведаюць яны і мясцовых людзей, аднойчы, і назаўсёды абраную справу – жывёлагадоўлю, бо ўсё іх працоўнае жыццё звязана толькі з гэтай галіною. Спецыялісты ўзначальваемых імі службаў працуюць у цесным тандэме, што і садзейнічае высокім вытворчым напрацоўкам. У мінулым годзе ім удалося давесці сярэдні надой на карову да 6500 кілаграмаў малака, сярэднясутачныя прывагі на вырошчванні і адкорме БРЖ узраслі на 102 %, свіней – на 105. Атрымана на 100 кароў і цялушак 127 цялят – гэта ўнікальны паказчык, дасягнуты дзякуючы значнаму ўводу першацёлак у асноўны дойны статак. А вось меркаванні саміх “віноўнікаў”, чаму стала магчымым такое высокае прызнанне на рэспубліканскім узроўні.
Пётр Іванавіч Даўбнюк, галоўны заатэхнік СВК “Морач”:
– Шлях да дасягнутага быў, бе-зумоўна, нялёгкім. Шмат давялося зрабіць па навядзенні элементарнага парадку на фермах, усталяванні нармальнай працоўнай дысцыпліны ў калектывах вытворчых падраздзяленняў. І ўсё ж аснова поспеху ў тым, што нам удалося накарміць жывёлу так, як трэба: заклалі паўтарагадовы запас кансерваваных травяністых і, што вельмі важна, якасных (!) кармоў. Уключылі ў рацыёны кармлення канцэнтраты, і тым самым стварылі падставы для росту прадуктыўнасці статкаў. На высокім узроўні спрацавалі селекцыянеры. Вынікам іх мэтанакіраванай дзейнасці стала забеспячэнне прыросту прыплоду на 119%. Гэта важная акалічнасць стварыла спрыяльныя ўмовы для ўводу ў асноўны дойны статак большай колькасці першацёлак і забяспечыла падставы для росту вытворчасці малака і колькасці пагалоўя маладняку БРЖ на адкорме. Вядома, атрымаць такі высокі выхад цялят стала магчымым толькі пры ўмове, што жывёла здаровая і мае высокі генетычны патэнцыял. А гэта ўжо – справа майстэрства і прафесіяналізму ветэрынарнай службы. Як бачыце, усё ўзаемазвязана.
Станіслаў Станіслававіч Чарняўскі, галоўны ветэрынарны ўрач СВК “Морач”:
– Складаемых дасягнутага поспеху нямала. І ўсё ж лічу, што дасягнуты ён толькі дзякуючы прадуманай сумеснай працы ўсіх службаў гаспадаркі, каардынатарам якой выступае кіраўнік кааператыва А.У.Філіпчанка. Ветэрынарная служба, у прыватнасці, сканцэнтравала свае намаганні на правядзенні прафілактычнай работы. Асабліва сачылі за тэрмінамі планавых вакцынацый, не дапускалі ўспышак інфекцыйных ці іншых захворванняў. Таму ўдалося пазбегнуць і лейкозу, і туберкулёзу, і лішаю... Добра тое, што заўсёды былі забяспечаны патрэбнымі лекавымі прэпаратамі, гэта дало магчымасць поўнасцю выканаць планы супрацьэпізаатычных мерапрыемстваў. Недапушчана таксама невытворчае выбыццё сельскагаспадарчай жывёлы. Многае тут залежыць ад прафесіяналізму і адказнасці ветэрынарных спецыялістаў. Нам у гэтым плане пашчасціла, бо і ветфельчары, і ўрачы – вопытныя работнікі, усе – мясцовыя, мы з дзяцінства ведаем адзін аднаго, давяраем і стараемся не падвесці калег. Словам, працуем камандай.
А гэтымі днямі тэхнолагі жывёлагадоўчай галіны СВК “Морач” шчыруюць над арганізацыяй высокарэзультатыўнага пашавага ўтрымання пагалоўя, пільна сочаць за закладкай кармоў на наступны зімова-стойлавы перыяд, дбаюць аб іх якасці, бо лічаць гэту ўмову – адной з найбольш важных у дасягненні высокіх вытворчых паказчыкаў у далейшым.
Вольга Русіновіч.
На здымку: С.С.Чарняўскі і П.І.Даўбнюк (злева направа).
Фота Юрыя Мысліцкага.
Отправить комментарий