Сейчас загружается

Жэнік

Тры дні... Дзевяць дзён...Сорак дзён... Баліць душа. І сэрцу не дапамагаюць таблеткі. Так са мной было, калі паміралі мае блізкія.

А ён і быў для мяне блізкім чалавекам. Ён часта жартам называў мяне “мама”. Лёс зблізіў нас гадоў 5-6 таму, калі ён быў яшчэ падлеткам, але ўжо заслугоўваў увагі. Штосьці такое ў ім... было. Не толькі вершы. Ён усім цікавіўся, за ўсё хапаўся, яму ўсё ўдавалася. А там, дзе не хапала адукаванасці, жыццёвага вопыту, літаратурнага майстэрства, там спрацоўвала яго асабістае абаянне – і быў поспех. Тады, гадоў пяць таму, мне здавалася, што ўвесь яго імідж нібы ствараецца сам сабою, падсвядома. Але аднойчы ён сказаў мне: “Калі я чытаю што-небудзь на публіцы, я пралічваю рэакцыю. І ведаеце як? Я выбіраю ў зале самага змрочнага чалавека. І даб’юся-такі, што рас­таплю яго дрэнны настрой!”. Я ледзь не падскочыла. Вось табе і дзіцячая непасрэднасць!

Ён ужо тады зусім не быў сямікласнікам-прастачком. Ён не проста ўступаў у зносіны – ён ставіў задачу. Асэнсавана. І выконваў яе. Нават калі рэзультат часам быў не зусім такім, якога ён чакаў, – яго гэта амаль не бянтэжыла: важна, што рэзультат!

З гадамі вынікі яго творчай працы станавіліся больш сур’ёзнымі і важкімі. Я крытыкавала многія яго байкі і гумарэскі за празмерную зацягнутасць і шматзначнасць – і ён паступова адышоў ад гэтага жанру. Ён умеў прыслухоўвацца. Ён наогул быў паслухмяным хлопчыкам.

“Сынок, уставай! – нема крычала маці над яго труной. – Уставай, сынок, годзе ўжо спаць! Ну, чаму ж ты сёння такі ўпарты, ты ж заўсёды слухаў мяне!..”.

Было жудасна глядзець, як яна ішла з могілак, – павольна, нібы сонная, на непаслухмяных нагах, абдымаючы яго партрэт. Трымала партрэт ласкава-асцярожна, беражліва, нібы ікону.

Ён і быў для яе амаль іконай: прыгожы, разумны, таленавіты, майстар на ўсе рукі, адзіны сынок, як вока ў ілбе – надзея і апора, і гэта не проста дзяжурныя словы. Мама мела ўсе падставы для таго, каб ціха ганарыцца ім, радавацца яго поспехам. Што ж датычыцца яго, то мама была заўжды для яго высокім аўтарытэтам, сапраўдным анёлам-ахоўнікам. Не кожная мама магла б быць такой кулінаркай, вязальшчыцай, майстрыхай, кандытарам, суразмоўцам і дарадцам. Яны ўдваіх былі прыкладам ўзаемнай любові і падтрымкі, яны адчувалі адно другога на адлегласці. Ноч 10 мая зрабіла адлегласць паміж імі трагічна непераадольнай. Далей ён пайшоў адзін. Засталіся няскончаны другі курс журфака, недабудаваная кватэра, нерэалізаваныя планы, неадбыўшыся творчы вечар, няствораная кар’ера. І прос­та – непражытае жыццё, што так цудоўна пачыналася. Ён не па­спеў раскрыцца нават напалову – як тыя бутоны чырвоных руж, якія прынесла для яго Зінка Кернажыцкая...

А мы ўсе засталіся без яго: рэдакцыя раёнкі, літаб’яднанне “Голас”, абласны клуб “Жывіца”, Клецкі СПЛ і Клецкая ДАСШ №2, яго шматлікія сябры, суседзі, прос­та чужыя людзі, ад якіх цесна было на могілках. Адна засталася мама. Адна засталася ў службовым ка­бінеце Верачка Кавалеўская – сам-насам з яго партрэтам.

Ніколі болей я не ўбачу гэтага вясёлага аптымістычнага твару, не пачую ў тэлефоне: “Алё, мама, гэта малы. От, тут у мяне нешта напісалася, але, здаецца, другі радок слабаваты. Паслухаеце?”.

Ніколі больш... Nevermore. Ён застаўся навечна дваццацігадовым. Як застанецца навечна ў памяці людзей дзень 11 мая з тым катафалкам ад Віктара Фёдаравіча, з тым бясконцым картэжам машын, вянкамі, кветкамі, яблыневай квеценню ўздоўж вуліцы Леніна і тым буслам, што праводзіў Жэніка да самых могілак.

... Зусім яшчэ малады, ён ужо ўвайшоў у некалькі калектыўных абласных зборнікаў, пастаянна друкаваў свае вершы ў нашай раённай газеце. Ён стварыў паэтычны цыкл “Загадкі для дзіцяткі” (мы з ім планавалі апублікаваць іх у раёнцы пад Дзень настаўніка). Прадметам яго законнай гордасці быў праект “З паэтычным фотапрыцэлам”, які стаў для яго сапраўднай школай да­кладнага і афарыстычнага пісьма.

На абласным семінары маладых паэтаў у Рудні “Слова Купалы да творчасці кліча” ў 2005 годзе Леанід Дранько-Майсюк весела называў яго “мой любімы паэт з Клецка Яўген Кішко”.

Яшчэ ў мінулым годзе ён сам знайшоў сабе кіраўніка дыпломнай работы – факт проста фантастычны для першакурсніка. А для яго – норма...

У 2009 годзе ён заваяваў трэцяе месца на абласным конкурсе маладых журналістаў.

Ён марыў аб уласным творчым вечары. Яму ўжо было з чым на такі вечар выйсці. 16 мая ён збіраўся выступіць на пасяджэнні абласнога клуба “Жывіца” са сваім “Фотапрыцэлам”. 22 мая павінен быў ехаць на сесію.

Паэт, журналіст, прыроджаны акцёр. Так шмат усяго. Таму і ня­проста. Ён адпавядаў. Ён спраўляўся з сітуацыяй. Весела. Пакутліва. Адказна. Пад знешняй прастатой у зносінах, адкрытасцю і светлым імкненнем паглынуць усю прыгажосць свету дзесьці глыбока ў яго істоце жыла і пульсавала каласальная мэтанакіраванасць, здаровая амбіцыёзнасць. Ён меў рэальныя магчымасці для хуткага і высокага ўзлёту.

Пад яго творамі стаяў подпіс Я.Кішко. І ў гэтым была своеасаблівая сімвалічнасць. Ён нібы шчыра і радасна прапаноўваў сябе свету: “Прывітанне, людзі! Я Кішко. А вы хто? Я люблю вас”.

Лілія Мялешка.

Отправить комментарий

Возможно, пропустили