Сейчас загружается

Нясцерпны боль сціскае сэрца…

Нясцерпны боль сціскае сэрца вось ужо шмат дзён, глыбокі смутак ахінае душу, адольвае жаданне вярнуць час, адхінуць падзеі назад, папярэдзіць трагічныя хвіліны і... адчай ад бездапаможнасці. Жэнькі ўжо няма. І ніколі з ім не сустрэцца, не пачуць яго голас: “Прывітанне, Тамара Лявонцьеўна! Як жыццё?”.

Яно ў Жэні Кішко, нашага калегі, было кароткім – 20 гадоў і 3 месяцы, – але яркім, насычаным, імклівым.

Першае вершаванае чатырохрад­коўе Жэнька напісаў у 11 гадоў. Яно і паслужыла падставай для нашага знаёмства.

...Пастукаўшыся, у кабінет зайшоў маленькі, як тады мне здалося, кучаравенькі хлопчык. Прывітаўся на беларускай мове (дарэчы, Жэня размаўляў і пісаў на роднай мове) і, падзякаваўшы за за­прашэнне прысесці, запытаў:

– Я вось тут склаў вершык да фота­здымка “Што б гэта значыла?”, можа б, хто-небудзь пачытаў?

Прачытала і была ўражана трапна­сцю думкі, вобразнасцю, таму не стрымалася, зацікавілася:

– Сам пісаў, ці, можа, хто дапамагаў?

– Сам. Мама чытала і сказала: “Занясі ў рэдакцыю”.

У тую сустрэчу мы размаўлялі з ім доўга. Ён расказваў пра свае захапленні, пра СШ №2 г.Клецка,  дзе вучыўся, пра маці Зою Канстанцінаўну, бабулю і дзядулю. І столькі было цеплыні, захаплення ў яго голасе, дзіцячай непасрэднасці і шчырасці! Здзівілі ў хлопчыку сталасць і мудрасць думак не па гадах, назіральнасць.

З таго дня Жэнька смела заходзіў у кабінет, прыносіў свае вершы, а пазней – матэрыялы. Удзельнічаў як член школы юнкораў  у абласных конкурсах сярод маладых аўтараў і заўсёды займаў у іх прызавыя месцы.

Часта наведваўся ў рэдакцыю і проста для таго, каб разам адшукаць тэму для напісання артыкула, параіцца.

Закончыўшы базавую школу, вырашыў прадоўжыць вучобу ў Клецкім сельскагаспадарчым ліцэі, дзе таксама праяўляў разнастайную актыўнасць і ініцыятыўнасць, якія, варта адзначыць, заўважаліся і станоўча ацэньваліся педкалектывам, дырэкцыяй. Чаму менавіта ліцэй? Сам Жэнька растлумачыў так: буду набываць прафесію і адначасова рыхтавацца для паступлення на журналісцкі факультэт. Ён марыў стаць прафесіянальным журналістам. Мару юнака мы  падтрымлівалі, а ў тайне ад яго самога і маці асабіс­та я бачыла Жэню сярод мясцовых раёншчыкаў-калегаў, бо ў  творчым крэда хлопца ярка вырысоўваліся задаткі ўдумлівага,  няўрымслівага журналіста, і таму пасля паспяховага заканчэння ім ліцэя прапанавала пасаду карэспандэнта рэдакцыі. Жэня з радасцю згадзіўся і ў тое ж лета паступіў на завочнае аддзяленне Інстытута журна­лістыкі БДУ. Сёлета ён закончыў бы ўжо два курсы, заставаліся літаральна лічаныя дні да пачатку сесіі, але трагічны выпадак абарваў маладое жыццё, мары і здзяйсненні, паспяховае будучае журналіста. Што яно было б паспяховым, я ніколькі ў гэтым не сумнявалася. Жэня настой­ліва, удумліва, вынаходліва працаваў над словам, яго трапнасці іншы раз па-добраму зайздросціла сама і радавалася. Радавалася яго прафесійнаму росту, яго ўменню назіраць і бачыць, слухаць і чуць, яго бязмежнай любові да роднай вёскі Цапэрка, дзе ён бавіў шмат часу ў бабулі і дзядулі, якім дапамагаў па гаспадарцы як узмужнелы юнак, бо ўмеў і касіць, і каня запрэгчы, і араць.

Хоць і жыў у горадзе з маці,  добра ведаў сельскае жыццё, яго будні і святы, цаніў і любіў аднавяскоўцаў, прысвячаў ім замалёўкі,  вершаваныя радкі, трапна перадаючы малюнкі вясковага быцця. А той першы верш-подпіс пад фотаздымкам знайшоў працяг на яго прафесійным шляху. Ужо будучы карэспандэнтам рэдакцыі, Жэня разам з фотакорам  адкрыў новы праект у газеце і сам прыдумаў да яго рубрыку: “З паэтычным фота­прыцэлам”.   Працаваў над ёю, іншы раз і над стварэннем фотасюжэтаў, з творчым агеньчыкам. Аўтарскі праект быў станоўча адзначаны ў абласным конкурсе сярод рэдакцый раённых газет.

У кабінет Жэнька заходзіў заўсёды з якой-небудзь ідэяй:

– Я вось тут нешта прыдумаў, ці рэальна гэта, паслухайце, Тамара Лявонцьеўна.

І пачынаўся творчы пошук, вуснае расследаванне тэмы, ідэі... Яго чыталі, менавіта яго, бо аўтар Я.Кішко стаў ужо любімым у многіх чытачоў. Яго слухалі са сцэны і горача апла­дзіравалі...

...Школа, СПЛ, без малога два гады працы ў рэдакцыі нашай раённай газеты і такі ж перыяд вучобы  на завочным аддзяленні Інстытута журналістыкі БДУ, супрацоўніцтва з газетай “Беларуская ніва”, часопісам “Вожык”, абласным клубам паэтаў і кампазітараў “Жывіца”, граматы, дыпломы за творчыя работы як пераможцу конкурсаў, спаборніцтваў – іх “назбіралася”, калі рыхтаваў дакументы  для паступлення, на цэлы альбом ... Усё гэта ўмясцілася ў яго кароткае дваццацігадовае жыццё. Нават паспеў стаць у чаргу на будаўніц­тва кааператыва. ...Ён нібы спяшаўся жыць, баючыся, што не паспее ўсё задуманае ажыццявіць.

Жэня любіў жыццё, людзей, у яго было шмат сяброў. Ён верыў у чэснасць, справяд­лівасць, дабрыню, бо сам быў такім – добрым, адкрытым, шчырым, сумленным,  клапатлівым сынам, унукам, не раўнадушным да ўсяго, што адбывалася побач.

Паэт, сельскі журналіст, менавіта так яго называла пры жыцці, такім Жэнька для мяне і за­стаўся, бо за тыя гады, што ведала яго, паспела палюбіць як сына і ўскладвала вялікія надзеі як на прафесіянала. У яго магло быць яркае будучае. Але.. не будзе. Застаецца вечная памяць і смутак, боль, спачуванне маці, бацьку, родным.

Тамара Калейнік, былы галоўны рэдактар ДУ “Рэдакцыя газеты “Да новых перамог”.

Отправить комментарий

Возможно, пропустили