Народныя рамёствы не згубяцца на гістарычных прасторах, яны будуць мець лагічны працяг у творчасці маладых. У гэтым меў магчымасць пераканацца кожны наведвальнік горада майстроў, які раскінуў у адзін з выхадных дзён свае імправізаваныя майстэрні сярод зялёных шатаў гарадскога парку. Вось ужо на працягу пяці гадоў установамі культуры Міншчыны вядзецца мэтанакіраваная работа па выкананні праграмы “Традыцыйная культура і дзеці”. І ў яе рамках – шыкоўнае першае абласное свята-конкурс дзіцячай творчасці “Калыска талентаў” на клецкая зямлі. Яго ўдзельнікі – больш за 400 рабят, якія вучацца ў гуртках і студыях дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, займаюцца ў фальклорных калектывах раённых цэнтраў культуры. Яны прыехалі да нас, каб паказаць сваё майстэрства, падзяліцца адзін з другім набытымі вопытам і ведамі. Цікава, прыгожа, ярка, самабытна... І гэта усё – пра свята юных талентаў.
Багатыя экспазіцыі прадставілі прадаўжальнікі народнай творчасці Клеччыны. Толькі прадстаўнікі Зубкаўскай раённай дзіцячай школы мастацкіх рамёстваў вынеслі на суд гледачоў і кампетэнтнага журы больш за 60 вырабаў з саломкі. Зачаравалі ўсіх без выключэння саламяныя касцюмы, створаныя выхаванцамі апантанага майстра-выкладчыка В.Л.Ждановіч. Юныя модніцы адкрылі шэсце фестывалю, а затым прадэманстравалі свае саламяныя дзівосы на сцэне амфітэатра. Выклікалі захапленне арыгінальныя, звязаныя кручком сукенкі, прадстаўленыя Кухчыцкім СДК. Шмат наведвальнікаў прыцягнула да сябе выстава раённага Цэнтра рамёстваў. Тут можна было падзівіцца майстэрству разьбяроў па дрэву, мастакоў і вышывальшчыц, палюбавацца вырабамі з саломкі і лазы.
З цікавымі работамі прыехалі да нас госці з усіх раёнаў Міншчыны. Размаляваны прыгожы шкляны посуд – “канёк” выхаванцаў аматарскага аб’яднання “Пчолка” з Узды. Не маглі пакінуць раўнадушнымі рознакаляровыя роспісы на тканіне – тэхніка бацік, – выкананыя рабятамі са Стаўбцоўскай школы мастацтваў. Зачароўвала арыгінальнасцю задумы экспазіцыя “Уся справа ў капелюшы”, дзівосы з саламянага куфра, вырабы з бісеру Салігорскага раённага Цэнтра рамёстваў. Плешчаніцкая дзіцячая школа мастацтваў уразіла яркімі роспісамі па дрэве, Дружненская з Пухавіцкага раёна – вырабамі з гліны, Дзераўнянская са Стаўбцоўшчыны – драўлянымі шкатулкамі, пано, лыжкамі... Хіба ўсё пералічыш?! Скажу толькі, што можна было палюбавацца яшчэ і работамі такіх накірункаў творчасці, як вышыўка, гільяшыраванне і арыгамі, пляценне і ткацтва паясоў, валянне, кераміка, выцінанка, салома-, лаза- і бісерапляценне, вязанне, выраб габелену і лялек... Увогуле, цікавых, работ дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва было вельмі многа. Нават складана паверыць у тое, што створаны яны рукамі юных майстроў. Але што гэта сапраўды так, можна было ўпэўніцца ўвачавідкі, бо прама тут, у парку, на працягу трох гадзін хлопчыкі і дзяўчынкі ткалі паясы і ручнікі, плялі з бісеру, малявалі карціны, выразалі на дошках адмысловыя ўзоры... А якія народныя песні спявалі! Якія абрады дэманстравалі! Здзівілі, зачаравалі, уразілі галасістыя, звонкія напевы дзіцячых фальклорных калектываў, якія з гонарам прадстаўляюць сталічную вобласць на рэспубліканскім і міжнародным узроўнях. Сярод іх наша “Марачаначка” – узорны ансамбль народнай песні Морацкага сельскага Дома культуры, ансамбль народнай песні “Дзянніца” Клецкай дзіцячай школы мастацтваў... Можна быць упэўненымі, што ў нашай роднай Беларусі захаваюцца і сакрэты традыцыйнага мастацтва, і песенная народная спадчына, і будуць аднаўляцца прызабытыя вясковыя абрады.
Высока ацаніла майстэрства юных талентаў журы на чале з дэканам факультэта мастацтваў прыватнай установы адукацыі “Інстытут сучасных ведаў імя Шырокава” кандыдат педагагічных навук А.А.Макарава:
– У нас на Беларусі – цудоўныя, таленавітыя і прыгожыя маладыя людзі. Гэта ў чарговы раз пацвердзіла “Калыска талентаў”. Шчыра жадаю, каб поруч з імі праз усё жыццё крочылі мастацтва і творчасць. Сардэчнае дзякуй іх настаўнікам, якія далучаюць дзяцей да каштоўнасцей беларускай нацыянальнай культуры, майстрам, якія перадаюць свой мастацкі талент, прывучаюць захоўваць, беражліва ставіцца да каштоўнасцей нашай культуры. Упэўнена, мы – сведкі нараджэння новай прыгожай акцыі. Няхай жа гэта свята стане сапраўднай калыскай для талентаў, якія панясуць далей багатыя традыцыі і перададуць іх потым сваім дзецям і ўнукам.
Так, “Калыска талентаў” – гэта першае свята ў накірунку дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, мэта якога – далучэнне моладзі да сваіх вытокаў, да фальклорнай спадчыны. Але, упэўнена, яно стане традыцыйным, бо ў нас ёсць што паказваць, ёсць чаму павучыцца, ёсць апантаныя сваёй справай настаўнікі і зацікаўленыя вучні. Аб гэтым сведчыла безліч дыпломаў і ўзнагарод, уручаных пры падвядзенні вынікаў першага абласнога свята-конкурсу дзіцячай творчасці.
Вольга Русіновіч.
Фота Яўгеніі Семянчук.
Отправить комментарий