У гісторыі кожнага народа, краіны, горада асаблівую ўвагу прыцягваюць постаці першых асоб. Першых па часе свайго з’яўлення на старонках гістарычных дакументаў або ў вусных паданнях – князёў, першапасяленцаў, легендарных пачынальнікаў роду. Гэта могуць быць як міфічныя, так і цалкам рэальныя асобы. У нашым выпадку постаць першага кляччаніна – князя Вячаслава Яраслававіча – не выклікае ніякіх пярэчанняў. Гэта імя зафіксавана на старонках летапісаў. Але ўся інфармацыя пра яго абмяжоўваецца адным радком. І тым не менш, паспрабуем больш дазнацца пра першага клецкага князя і пра час, у якім ён жыў.
Упершыню наш горад згадваецца ў летапісах у сувязі з чарговым паходам паўднёварускіх князёў на Полацкую зямлю. Полацкае княства ад самых першых часоў свайго існавання не падпарадкоўвалася Кіеву, які прэтэндаваў на першынства ў старажытнай Русі, што прыводзіла да частых войнаў. Амаль кожны полацкі правіцель мусіў збіраць войска для абароны сваёй дзяржавы. Перамогі змяняліся паражэннямі, за поспехамі ішлі няўдачы, аднак, нягледзячы ні на што, Полаччына заставалася незалежнай. На пач. ХІІ ст. кіеўскі князь Уладзімір Манамах захапіў і разрабаваў Менск – паўднёвы фарпост Полацкай зямлі. Але, улічваючы яе магутнасць, пастараўся кампенсаваць страту Менскай воласці ўсталяваннем мяжы са Смаленскім княствам у Верхнім Падняпроўі. Дасягнутыя дамоўленасці дзейнічалі пры жыцці Манамаха, але сітуацыя змянілася пасля смерці гэтага князя ў 1125 г. і ўсталявання ў Кіеве яго сына Мсціслава. Ужо праз два гады Мсціслаў сабраў вялікае войска для паходу на Полацк, пра прычыны якога летапісы маўчаць. Але можна дапусціць, што полацкі князь Давыд скарыстаў смерць Манамаха, каб вярнуць сабе Менск. Парушэнне ранейшых дамоўленасцей і выклікала такую жорсткую рэакцыю з боку новага кіеўскага ўладара.
Паход Мсціслава па сваім маштабе пераўзыходзіў усе папярэднія. У ім удзельнічалі чарнігаўскі, курскі, смаленскі, тураўскі князі, наўгародская дружына, наёмныя атрады качэўнікаў-торкаў. Па задуме Мсціслава войскі, якія ішлі з розных бакоў, павінны былі ў адзін дзень, 4 жніўня, нанесці ўдар па чатырох гарадах Полацкай зямлі: Ізяслаўлю (суч. Заслаўль), Барысаву, Лагойску і Друцку – і тым самым не даць магчымасці палачанам арганізаваць абарону.
У Лаўрэнцьеўскім летапісе сказана, што ў год 6635 ад стварэння свету (1127 паводле сучаснага летазлічэння) Мсціслаў: «посла съ братьею своею многы Кривичи четырьмя путьми, – Вячьславу ис Турова, Андрея из Володимеря, Всеволодка из Городка и Вячьслава Ярославича ис Клечьска. Тем повеле ити къ Изяславлю”. У гэтым кароткім паведамленні першы і апошні раз сустракаецца імя клецкага князя. Яго паходжанне дагэтуль выклікае пытанні. Сынам якога Яраслава ён быў? Як і калі апынуўся ў Клецку?
Рускі гісторык А.Грушэўскі і даследчык клецкай мінуўшчыны В.Пазднякоў лічаць Вячаслава сынам уладзіміра-валынскага князя Яраслава Святаполчыча. Гэты князь ажаніўся ў 1112 г., а значыць, на момант паходу Вячаславу было не больш за 14 гадоў. Ужо ў дзесяць ён застаўся без бацькі, магчыма, выхоўваўся пры двары свайго дзядзькі Мсціслава. Хутчэй за ўсё ад яго ж, у дванаццацігадовым узросце і атрымаў ва ўладанне Клецк – цэнтр удзельнай воласці Тураўскай зямлі. Перадача горада дзіцяці не павінна здзіўляць. Для ХІІ ст. гэта была нармальная практыка. Напрыклад, у 1189 г. кіеўскі князь Рурык ажаніў свайго дзесяцігадовага сына з васьмігадовай Верхаславай Суздальскай, а ў якасці вясельнага падарунка аддаў маладым горад Брагін. Да таго ж, пры Вячаславе, напэўна, знаходзіўся дасведчаны “дзядзька”-ваявода, які наглядаў за князем і вучыў яго ўсяму, што можа спатрэбіцца.
Дапускаю, што ў 1127 г. Клецк стаў месцам збору тураўскай, уладзіміра-валынскай і гарадзенскай дружын (гісторыкі ўжо выказвалі меркаванне, што пад летапісным “Городком” трэба разумець не сённяшні Гродна, а в.Гарадня на Піншчыне). Калі б атрады рухаліся паасобку, цяжка было б дасягнуць скаардынаванасці і з’явіцца пад сценамі Ізяслаўля ў адзін дзень. Адметна, што клецкая дружына дзейнічала на галоўным напрамку паходу. На Ізяслаўль былі пасланы войскі чатырох князёў, на Барысаў – два атрады, на Лагойск і Друцк – па адным. Гэта тлумачыцца значэннем Ізяслаўля ў тагачасным ваенна-палітычным раскладзе. Пасля спусташэння Менска ён стаў галоўным фарпостам Полаччыны на паўднёвай мяжы і адначасова з’яўляўся цэнтрам полацкай экспансіі на зямлі гістарычнай Літвы (Верхняга Панямоння). Для палачан Літва была не толькі аб’ектам каланізацыі, але і крыніцай вярбоўкі наёмных дружын, а яе густыя лясы – надзейным сховішчам на выпадак небяспекі. Падзенне Ізяслаўля адкрывала шлях на Полацк з паўднёвага захаду і разрывала такую важную сувязь гэтага горада з Верхнім Панямоннем. Цікава, што Клецк адыгрываў у дачыненні да Літвы тую ж ролю, што і Ізяслаўль, толькі з боку Кіева. Яшчэ з часу пабудовы Клецкага замка Яраславам Мудрым горад выступаў як цэнтр экспансіі на Літву. А ўся яго гісторыя на працягу гэтага тэрміну – гісторыя крэпасці на літоўска-рускім памежжы. Плануючы вайсковую кампанію, Мсціслаў Кіеўскі, напэўна, ўлічыў і баявыя якасці клецкай дружыны. Паўднёварускія войскі пераважна сутыкаліся з качавымі плямёнамі ў стэпах, на адкрытай мясцовасці. А тут належала дзейнічаць сярод пушчаў, перарэзаных мноствам рэк, балотаў і азёр. Такая мясцовасць была чужой для валынян, кіяўлян, чарнігаўцаў, але з’яўлялася звыклай для клецкай дружыны. Таму накіраванне Вячаслава Яраслававіча ў паход выглядае цалкам заканамерным. Хучэй за ўсё, менавіта кляччане ішлі наперадзе войска на шляху да Ізяслаўля. Для іх Панямонскія лясы былі знаёмай арэнай баявых дзеянняў, а ў складзе дружыны маглі быць літоўскія наёмнікі. Камандаваў аб’яднаным войскам Вячаслаў Тураўскі, другой па значэнні і магутнасці была дружына Андрэя Уладзімірскага. Вячаслаў з “Клечьска” і Усевалад з “Городка” – гаспадары невялікіх удзелаў – знаходзіліся на другасных ролях.
4 жніўня 1127 г. войска з’явілася пад Ізяслаўлем і пачало штурм. Становішча акружаных ускладнялася тым, што іх князь – Брачыслаў – разам з часткай дружыны папярэдне пакінуў горад і накіраваўся ў Полацк. Нягледзячы на гэта, ізяслаўцы на працягу двух дзён мужна бараніліся, разлічваючы пратрымацца да падыходу дапамогі. Але замест гэтага на трэці дзень убачылі ў варожым лагеры свайго князя… ў якасці палоннага. Справа ў тым, што адзін з удзельнікаў паходу Ізяслаў Курскі падышоў да Лагойска на дзень раней вызначанага тэрміну і тут перахапіў Брачыслава з дружынай. Апошні, убачыўшы колькасную перавагу праціўніка, здаўся ў палон. Даведаўшыся аб гэтым, жыхары Лагойска здалі горад без бою. Ізяслаў з палонам і багатымі трафеямі паспяшаўся да асноўных сіл. Страціўшы ўсялякую надзею на дапамогу і ўбачыўшы, што з палоннымі лагажанамі абыходзяцца без залішняй жорсткасці, ізяслаўцы вырашылі адкрыць вароты. Перад гэтым Вячаслаў Тураўскі як старэйшы князь даў клятву, што горад не будзе ўзяты “на шчыт” (г.зн. разрабаваны).
Аднак, даючы прысягу, ён мала верыў у магчымасць яе стрымаць. Воіны, раззлаваныя няўдалым штурмам, прагнулі помсты і здабычы. Таму ноччу ў горад патаемна былі ўведзены найбольш надзейныя аддзелы – дружына ўладзімірскага ваяводы Вараціслава і атрад тураўскага тысяцкага Іванкі. Іх задачай было абараніць горад ад рабунку. Як бачым, клецкая дружына не належала да найбольш дысцыплінаваных аддзелаў. А магчыма, менавіта яна панесла найбольшыя страты падчас штурму, і князі нават не спадзяваліся на літасць з боку кляччан.
Калі раніцай наступнага дня воіны ўбачылі на сценах сваіх учарашніх саратнікаў і зразумелі, што жаданая здабыча ад іх уцякае, яны самавольна ўварваліся ў Ізяслаўль і пачалі яго рабаваць. Жыхароў, якія хацелі абараніць маёмасць, бязлітасна забівалі. Князі спрабавалі суняць рабаўнікоў з дапамогай зброі, аднак тыя пусцілі ў ход свае мячы. Неўзабаве на гарадскіх вуліцах ішла сапраўдная бітва паміж нядаўнімі паплечнікамі. Асабліва зацята воіны Вараціслава і Іванкі абаранялі княжацкі церам. Справа ў тым, што ізяслаўская княгіня была… дачкой вялікага князя Кіеўскага – арганізатара пахода. Вось яны – парадоксы часоў міжусобіцы! І менавіта сюды прагна ірваліся аматары здабычы. Жудасная карціна дапаўнялася пажарам, які пачаўся ў розных канцах і хутка паглынаў драўляныя пабудовы. Яго арганізавалі самі рабаўнікі, агонь і дым былі іх саюзнікамі, паколькі стваралі спрыяльную атмасферу для грабяжоў. Удалося ўратаваць толькі княжацкі двор, астатні горад быў спалены і разрабаваны. Летапісы маўчаць, як разгортваліся падзеі ў Барысаве і Друцку, але можна меркаваць, што яны не адрозніваліся ад тых, што былі ў Ізяслаўлі. Вельмі цьмяна гаворыцца і пра вынікі такога вялікага паходу. Палачане выгналі князя Давыда, а на яго месца паставілі Рагвалода і, нібыта, выказалі пакорнасць волі Мсціслава Кіеўскага. Задаволіўшыся гэтым, войскі кааліцыі пакінулі Полацкую зямлю і “возратишася с многым полоном». У тым ліку і дружына Вячаслава Яраслававіча.
Наступны раз Клецк згадваецца ў летапісах у 1142 г. у сувязі з яго перадачай Святаславу Чарнігаўскаму. Як бачым, у гэты час свайго князя ў горадзе ўжо не было. Што стала з Вячаславам Яраслававічам? Ён наўрад ці загінуў на вайне. Такі факт быў бы адзначаны летапісцам. Нідзе не згадваюцца і яго нашчадкі. Хучэй за ўсё першы клецкі князь пайшоў з жыцця ў маладым узросце, так і не паспеўшы ажаніцца. Магчыма, ён памёр ад нейкай хваробы ці загінуў на паляванні. Не станем гадаць. Проста канстатуем факт. Чарговы клецкі князь упамінаецца ажно ў 1398 г. Гэта быў Ямант Тулунтавіч – намеснік Вітаўта Вялікага. Але гэта ўжо іншы час, іншая гісторыя…
Матэрыялы на старонку прадаставіў Андрэй Блінец, краязнаўца, пазаштатны аўтар газеты.
Отправить комментарий