Сейчас загружается

Франтавыя дарогі братоў Абрамовічаў

Сёння ўжо няшмат засталося ветэранаў. Яшчэ менш сярод іх  тых, хто прайшоў вайну ад першага да апошняга дня. Пераважная большасць нашых землякоў была мабілізавана летам 1944 г., і ваявалі яны да вясны 1945.  У многіх сем’ях з 2-3 мабілізаваных сыноў дадому вяртаўся толькі адзін, а часам не вяртаўся ніхто. На гэтым фоне сапраўды ўнікальным выглядае лёс братоў Абрамовічаў з Клецка. Трое з чатырох братоў былі на франтах. Двое з траіх пачалі вайну ў верасні 1939г., а скончылі ў маі 1945 г. На шляху да Перамогі дваім давялося змяніць мундзір улана Войска Польскага на савецкую гімнасцёрку і брытанскі “батледрэс” (гутарковая назва ваеннай формы англійскіх салдат – А.Б.). Сёння з чатырох братоў жывуць яшчэ двое. Старэйшы ў Манчэстэры (Вялікабрытанія), малодшы ў Клецку (на скрыжаванні Талстога і Першамайскай). На грудзях Мустафы і Хасеня ззяюць баявыя польскія, англійскія, савецкія ўзнагароды, юбілейныя медалі Рэспублікі Беларусь… Аднак для пачатку зробім невялікі экскурс у далёкую гісторыю.

Ужо ў XIV ст. на Беларусі з’явіліся першыя татарскія паселішчы. У XVI ст. татары з’явіліся на Клеччыне. Сярод іншых іх заняткаў пачэснае месца займала ваенная служба. Адданыя сваёй новай радзіме, беларускія татары праявілі сябе як умелыя ваяры, якія неаднаразова вызначыліся ў баях за незалежнасць. Вядома, што татарскія харугвы ўдзельнічалі  ў славутай Грунвальдскай бітве на баку Вялікага княства. Татарскія палкі выключна праявілі сябе ў войнах сяр. XVII ст. і ў  паўстанні 1794 г.  У 30-ыя гг. ХХ ст. польскія ўлады вырашылі адрадзіць былую славу татарскай кавалерыі, сфарміраваўшы ў складзе Віленскага ўланскага палка асобны эскадрон. Сюды, на сапраўдную воін­скую службу, накіроўвалі татар з усёй краіны. Праз яго шэрагі прайшлі і многія ўра­джэнцы Клецка, мусульманская  грамада якога была адной з буйнейшых у Заходняй Беларусі.

Восенню 1937 г. сюды быў прызваны Мустафа Абрамовіч, сын Ібрагіма і Фуршы з Клецка. Абрамовічы паходзілі са шляхецкага роду, на жыццё зараблялі гарбарствам – апрацоўкай скур. Гэтым займаліся бацька, маці, двое дачок і чацвёра сыноў, з якіх Мустафа быў старэйшы.  Праз год у эскадрон прыбыў  яго брат Бекір, якому належала служыць да 1940 г. У самога ж Мустафы тэрмін службы завяршаўся 15 верасня 1939 г. Да дэмабілі­зацыі заставалася менш за месяц, калі полк атрымаў загад аб перадыслакацыі да германскай мяжы. Бекір разам з большай часткай эскадрона накіраваўся ў раён Чанстохава. Мустафа застаўся рыхтаваць казармы для прыёма рэзервістаў. Наступны раз братам было наканавана ўбачыцца толькі праз трыццаць два гады.

Ужо 3 верасня 1939 г.  татарскі эскадрон уступіў у бой з нямецкімі танкамі  ды страціў значную частку коней і асабістага складу. Потым было адступленне, пераправа праз Віслу, бамбёжкі і сутычкі з праціўнікам. 23 верасня, пасля бою з нямецкай пяхотай, якую падтрымлівала артылерыя, эскадрон перастаў існаваць. Не маючы сувязі з камандаваннем, назіраючы развал фронту і гібель дзяржавы, салдаты пачалі ратавацца самастойна. Бекір Абрамовіч пераапрануўся ў цывільную вопратку і  пешшу прабраўся дадому. У кастрычніку ён быў у Клецку, дзе пачаў мірнае жыццё пры савецкай уладзе.

Інакш склаўся лёс Мустафы. Калі Чырвоная Армія ўступіла ў Заходнюю Беларусь, ён трапіў у савецкі палон.  Пасля дэталёвай праверкі, праведзенай супрацоўнікамі НКВД,  салдат адправілі на шахты Крывога Рога здабываць жалезную руду. Потым была Заходняя Украіна, будаўніц­тва дарог і аэрадромаў у прыгранічнай паласе. Адсюль Мустафа нарэшце  здолеў паслаць вестку аб сабе ў Клецк, стаў атрымліваць з дому харчовыя пасылкі. Лагернае начальства абяцала, што праз год-паўтара можна будзе вярнуцца дахаты,  але ўсе надзеі зноў перакрэсліла вайна. Пасля нападу Германіі ваеннапалонных пешшу і цягнікамі эвакуіравалі на ўсход. Хто не мог ісці, тых дабівалі на месцы. Знаходзячыся ў Старабельскім лагеры, людзі не ведалі, што чакае іх заўтра. А тым часам у Маскве ўжо была падпісана савецка-польская дамова аб фарміраванні ў СССР асобнай Польскай арміі. Ужо праз два месяцы яна налічвала звыш 40 тысяч байцоў. У яе шэрагах у верасні 1941 г. апынуўся і Мустафа Абрамовіч.

Неўзабаве армія была пераведзена пад брытанскае камандаванне і эвакуіравана на Блізкі Усход. Разам з таварышамі М.Абрамовіч апынуўся ў Іране, потым у Іраку, Палесціне, Егіпце. На гэтым шляху былы кавалерыст змяніў спецыяльнасць – стаў вадзіцелем танка. У складзе 2-ой танкавай брыгады вясной 1944 г. ён быў пераведзены на Італьянскі фронт, дзе польскі корпус заняў пазіцыі перад нямецкай абаронай  пад Монтэ-Касіна. У сваіх успамінах М.Абрамовіч піша: “Усе мы ў поўнай баявой гатоўнасці чакалі загад пачаць наступленне. Мы ведалі, што калі авалодаем узвышшам, то навекі праславім польскага салдата. Нічога больш мы не жадалі, акрамя перамогі і помсты за тое гора, якое прынеслі нам немцы пад час вайны. Цэлыя суткі перад наступленнем наша авіяцыя бамбіла нямецкія пазіцыі. Ноччу пачалася артылерыйская атака з дальнабойных гармат. Раніцай на штурм пайшла пяхота. Мы ваявалі з лозунгам на вуснах і ў сэрцы: “За нашу і вашу перамогу”. Мы неслі вялікія страты, але хацелі найхучэй прымусіць ворага да капітуляцыі. І нам гэта ўдалося. Дасюль помню, з якім гонарам і шчасцем мы глядзелі, як на самым узвышшы ўзняўся белчырвоны сцяг, многія не маглі стрымаць слёз”.

У гэты час бацькі і браты Мустафы жылі ў Клецку пад акупацыяй. Хасень Абрамовіч, якому ў 1941 г. споўнілася толькі 16 гадоў, прыгадвае:  “Татары баяліся вайны і стараліся трымацца ўбаку. Наш мула: “Хлопцы, вы маладыя. Не гарачыцеся і нікуды не лезьце”. Аднак знаходзіцца ўвесь час убаку было немагчыма. Аднойчы ў кузню, дзе працаваў Хасень, немцы прывялі коней і загадалі іх падкаваць. Навучаны партызанам, Хасень прыбіў падковы так, што цвікі выйшлі не на знешні бок, а пайшлі каням у нагу. Нямецкі абоз ледзьве дайшоў да Навінак, далей коні ісці не маглі. Каб пазбегнуць пакарання, хлопец быў вымушаны ўцякаць да сястры ў Навагрудак і там чакаць, пакуль усё супакоіцца.

Пасля вызвалення Клецка Чырвонай Арміяй у ліпені 1944 г. Хасень падаўся ў Баранавічы, там на чыгунцы працаваў чацвёрты брат Аляксандр (Алей). Яго аформілі на працу і ўжо рыхтаваліся выпісаць “бронь” ад арміі.  Аднак прыехаў знаёмы шафёр з Клецка і сказаў, што праводзіцца мабілізацыя, усе суседзі, знаёмыя атрымалі павесткі і рыхтуюцца ісці ў войска. “І я падумаў, –  прыгадвае Хасень Ібрагімавіч, – яны ўсе пойдуць, а што я буду рабіць адзін? Усё роўна забяруць, як час пады­дзе. Як я адзін пайду? Куды?”. Хлопец сеў у машыну і вярнуўся дадому. 14 ліпеня 1944 г. разам з астатнімі ён рушыў на зборны пункт у вёску Заямнае Стаўбцоўскага раёна. Побач з ім быў старэйшы брат Бекір, якому амаль праз пяць гадоў давялось  вярнуцца на вайну.

З Заямнага браты трапілі ў 45-ты запасны полк у в.Булькова пад Брэстам. Пасля кароткай падрыхтоўкі Хасеня накіравалі на 1-шы Беларускі фронт  у       124-ы  мінамётны полк 5-й артылерыйскай дывізіі 4-га корпуса прарыва Рэзерва Галоўнага Камандавання нумарам мінамётнага разліку. Корпус прарыву заўсёды перакідвалі на самыя важныя ўчасткі. Туды, дзе рыхтавалася вялікае наступленне.  У лістападзе 19-гадовы баец апынуўся на Сандамірскім плацдарме, дзе і атрымаў баявое хрышчэнне. Ён хутка стаў сапраўдным асам у сваёй спецыяльнасці: спачатку быў зараджаючым, потым наводчыкам. Вызначыўся пры фарсіраванні Віслы, вызваленні Варшавы, у баях пад Шчэцінам. Праз 65 гадоў пасля вайны ён расказвае: “У Шчэціне нам моцна дасталося! Мы падышлі пад самы горад, занялі прыгарады. Рухаліся вельмі і вельмі хутка. Выехалі на пазіцыі, адкрылі агонь, тут нашы самалёты ляцяць. Мы ўзрадаваліся, ну, думаем, гэта нам падмога. А яны, не далятаючы да немцаў, пачынаюць бамбіць нас! Мы кіламетраў дзесяць адтуль уцякалі. Потым аказалася, што мы заўчасна занялі нямецкія пазіцыі, якія ў лётчыках на картах былі пазначаны як цэлі. А потым – зноў штурм. Мы б’ём па горадзе з сушы, а караблі з мора. Здаралася, што дальнабойныя снарады да нас даляталі. Страшна было, якая розніца, хто цябе заб’е: немцы ці свае! Трэба было хутчэй увайсці ў гэты Шчэцін. А немцы моцна заселі, прыйшлося іх «выкурываць» ужо гранатамі, аўтаматамі…”.

За мужнасць у баях пад Шчэцінам радавы Х.Абрамовіч быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі. Цікава, што яму, як добраму мінамётчыку, прапаноўвалі перайсці ў Войска Польскае, але ён адмовіўся, матывуючы гэта вельмі проста: “Надаела  мне гэта Польшча яшчэ да вайны!”.

Тым часам яго старэйшы брат Мустафа рухаўся ў складзе Польскага корпусу ўздоўж Адрыятычнага ўзбярэжжа Італіі. Трэба  ад­значыць, што па многіх параметрах саюзныя войскі ўтрымліваліся лепш, чым савецкая армія. Англічане рэгулярна забяспечвалі свае аддзелы гарачым харчаваннем, байцы атрымлівалі грашовыя выплаты і рэчавы паёк, куды ўваходзілі цыгарэты, піва, мыла, лязы для брытвы, зубная паста і шчотка. У мемуарах М.Абрамовіч піша: “Дакладная арганізацыя забеспячэння ў англійскіх войсках не пераставала нас здзіўляць. Як ім удавалася так усё арга­нізаваць, нават пад абстрэлам нямецкіх кулямётаў і артылерыі, так і засталося для нас загадкай”. Аднак вайна і тут была вайной. Немцы займалі добра ўмацаваныя, загадзя падрыхтаваныя пазіцыі, танкам даводзілася рухацца па небяспечных горных дарогах, часта пад агнём праціўніка.  У палякаў з немцамі былі асаблівыя рахункі. Немцы справядліва баяліся, што тыя будуць помсціць за ўсё, што стала з іх радзімай, і стаялі да апошняга. Нават у палон стараліся здавацца не палякам, а англічанам. Жорсткія баі ў Італіі ішлі да 1 мая 1945 г.

28 красавіка 1945 г. Хасень Абрамовіч разам са сваёй батарэяй увайшоў у Берлін. На адной з вуліц проста перад аўтамабілем, на якім рухаліся артылерысты, раза­рваўся нямецкі снарад. Машыну выкінула на ўзбочыну, але на шчасце нікога з байцоў не зачапіла нават асколкамі. На зыхо­дзе таго дня нашы войскі пачалі штурм Рэйхстага. З берага ракі Шпрэе агонь па апошняй крэпасці Трэцяга Рэйха вёў і мінамётны разлік Х.Абрамовіча. А раніцай 2 мая на вуліцы ўбачылі калону немцаў: “Калона доўгая, не відно ёй ні пачатку, ні канца. Ледзьве ногі цягнуць, а за сабою валакуць вінтоўку або аўтамат. Падыходзяць да пляцоўкі, кідаюць зброю і ідуць далей. Ніхто іх не суправаджае. І ўсё ціха, спакойна. Нідзе ніводнага выстралу. Аж неяк няёмка стала”. У штурме Берліна прымаў удзел і Бекір Абрамовіч. Цяпер ён мог адпомсціць за гібель свайго эскадрона ў верасні 1939 г.

Пасля Перамогі, здабытай агульнымі намаганнямі, сям’я Абрамовічаў так і не ўз’ядналася ў поўным складзе. Бекір і Хасень вярнуліся ў Клецк;  Мустафа пера­ехаў жыць у Вялікабрытанію. Толькі ў 1971 г. ён змог нарэшце наведаць радзіму. Пасля таго прыязджаў яшчэ некалькі разоў.  Напісаў і выдаў за ўласны кошт кнігу “Жыццёвая вандроўка” пра свае ваенныя прыгоды, дапамог адбудаваць у Клецку мячэць. Хасень Абрамовіч – чалавек досыць вядомы ў горадзе і ў татарскім, і ў ветэранскім асяроддзі.  Вось толькі часам крыўдуе, што рэдка згадваюць ягоных братоў, якія таксама былі на вайне. Думаю, што цяпер у яго стане менш прычын для крыўды.

Андрэй Блінец,

краязнаўца, пазаштатны аўтар газеты.

Отправить комментарий

Возможно, пропустили