Сейчас загружается

…І за таварышаў, што не дажылі да Перамогі

У пачатку чэрвеня за святочным сталом сабралася радня М.С.Мацейкі. Падстава для гэтага была проста цудоўная – ветэрану Вялікай Айчыннай вайны споўнілася 90 гадоў. Седзячы на чале стала, пяшчотна глядзеў ён на сваіх дачок, 4 ўнукаў і 2 праўнукаў. І зашчаміла ў горле: жонка Зінаіда Міронаўна, равесніца Мікалая Сцяпанавіча, не дажыла да шаноўнага юбілея свайго мужа. Ды і, увогуле, гэтага юбілея магло б і не быць…

М.С.Мацейка родам з в.Заельня (раней вёска называлася Бурачкі), дзе і цяпер жыве. Маці Мікалая Сцяпанавіча памерла ў 1935 годзе, пакінуўшы мужу чацвёра дзяцей. Нягледзячы на тое, што сям’я мела 5 гектараў зямлі, жыла бедна. І таму сярэдні з дзяцей Мікалай, паспеўшы закончыць пяць класаў польскай школы, дапамагаў бацьку па гаспадарцы: і касіў, і араў, і за плугам адмыслова хадзіў, і пра малодшых клапа­ціўся. Учэпістая памяць ветэрана да драбніц захавала той чэрвеньскі дзень, калі фашысцкая чорная навала абрынулася на нашу зямлю. Стаяла гарачае лета 1941-га. Нясцерпна пахла сенам, босыя ногі «танулі» ў гарачым пяску, клікала да сябе вадзяная прахалода. І раптам – вайна, якая пераблытала ўсе планы і мары 21-гадовага юнака. Цяпер жыццё пакацілася у другім рытме, імкнучыся прыстасавацца да варожай небяспекі.

– Немцы, здавалася, бясконцай шарэнгай ішлі па дарозе на Грыцэвічы, – успамінае Мікалай Сцяпанавіч. – Фашысцкія танкі няспынна білі па вёсцы. Цяжка жылося ў акупацыі, але ўсё вы­трымалі, пераадолелі, верылі ў перамогу і дапамагалі набліжаць яе.

У 1944 годзе, пасля вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, Мікалая Сцяпанавіча прызвалі ў армію. Са  Стоўбцаў навабранцаў павезлі ў Кіеў. Пехацінец М.С.Мацейка разам з байцамі чацвёртага Украінскага фронту прайшоў з вызваленчымі баямі праз Закарпацкую Украіну і Чэхаславакію. Неаднаразова цішыню парушаў няроўны бой з праціўнікам. І тады ажывала артылерыя. Неба прачэрч­валі кулі, зусім побач рваліся міны. Мікалай Сцяпанавіч неаднойчы рызыкаваў жыццём.

– Памятаю адзін цяжкі бой на тэрыторыі Чэхаславакіі, – працягвае ўспаміны ветэран. – Варожыя снарады рваліся над самай галавой. Дзецца не было куды. Я ўпаў на зямлю, закрыў галаву рукамі. Сэрца адчайна білася. Нарастаў грукат. Нейкая сіла адарвала мяне ад зямлі і панесла. Але праз некалькі метраў я зноў упаў, падкошаны варожай куляй. З раненнем трапіў у шпіталь. Затым мяне і яшчэ некалькі параненых салдат перавезлі ў Польшчу.  Калі паправіўся, некаторы час быў санітарам у шпіталі. Грузілі эшалоны з цяжкапараненымі ў Расію. А затым – шпіталь пайшоў пад Кракаў, бліжэй да фронту.

Пасля Мікалай Сцяпанавіч яшчэ два разы быў паранены. У Празе ён  сустрэў Перамогу. Чэхі радасна віталі сваіх вызваліцеляў, дарылі ім кветкі. Але не абышлося і без недарэчнасцей. 9 мая нямецкая куля абарвала жыццё 27-гадовага камандзіра іх батальёна. І ўжо без гэтага маладога байца, прабыўшы ў сталіцы Чэхаславакіі яшчэ тры тыдні, савецкія салдаты, у тым ліку і кляччанін М.С.Мацейка, пешшу накіраваліся ў Заходнюю Украіну – Івана-Франкоўск. Ішлі адзін месяц і 22 дні, пераадолелі звыш тысячы кіламетраў. Але, нягледзячы на гэтыя акалічнасці, дарога была няцяжкай, бо яна вяла на родную зямлю.

У Заельню М.С.Мацейка вярнуўся толькі 9 мая 1946 года. Яшчэ год ён ваяваў з бандэраўцамі ў Заходняй Украіне.

Дэмабілізаваўшыся, Мікалай Сцяпанавіч спаўна акунуўся ў стваральную мірную працу на роднай зямлі. А калі ўтварыўся калгас, яго прызначылі першым старшынёй. Пасля, амаль 30 гадоў, франтавік даглядаў коней у сваёй сельскай гаспадарцы.

На клецкай зямлі М.С.Мацейка сустрэў сваю другую палавінку. З  жонкай Зінаідай Міронаўнай яны пражылі ў міры, згодзе і ўзаемаразуменні шмат шчаслівых гадоў, выгадавалі дваіх дачок. Старэйшая Лідзія жыве ў Крупках, малодшая Ірына – педагог па прафесіі – у Клецку. Вось ужо 16 гадоў, як не стала любай жонкі Мікалая Сцяпанавіча, але  ён не адчувае сябе адзінокім. У святы і  будні прыязджаюць дзеці і ўнукі. Малодшая дачка Ірына Мікалаеўна ў апошнія гады клапатліва даглядае бацьку, утрымлівае ў чысціні і парадку прысядзібны ўчастак, дзе расце шмат кветак.

А сам ветэран не любіць успамінаць пра вайну. У цяжкіх, крова­пралітных баях у яго не было страху, а цяпер, іншы раз расказваючы аб тых далёкіх падзеях, з жахам разумее, што цудам выжыў. За праяўленыя мужнасць і смеласць нездарма мае ордэны і шмат медалёў. Прайшоўшы цяжкімі дарогамі вайны, Мікалай Сцяпанавіч пражыў доўгае жыццё. Быццам і за таварышаў, якія не дажылі да Перамогі…

Ірына Уласень.

Фота Юрыя Мысліцкага.

Отправить комментарий

Возможно, пропустили