Не гледзячы на тое, што аддзяленне сувязі в.Морач знаходзіцца воддаль ад аб’ектаў сацкультбыту, яго работнікам хапае працы. У невялікае па плошчы памяшканне ідуць людзі са сваімі справамі і патрэбамі. Загадчык аддзялення Ніна Мікалаеўна Чарановіч уважліва выслухоўвае кожнага наведвальніка, дае парады па тэлефоне, выплачвае пенсію, зарплату па пластыкавых картках, прымае ўзносы па крэдытах, выконвае іншую неадкладную работу. Людзей прыцягваюць з густам размешчаныя на паліцах прадуктовыя і прамысловыя тавары, якіх налічваецца каля 100 найменняў: крупы, цукеркі, пячэнне, кава, чай, мука, цукар, алей, сода, таматны соус, пральны парашок, мыла, тэлефонныя апараты, шампунь, ручнікі, пасцельная бялізна, коўдры і многае іншае. Вядзецца сшытак уліку попыту насельніцтва. Усё гэта спрыяе выкананню плана. За яго лічбамі – добрасумленная праца ўсяго калектыву, пераадоленне цяжкасцей, сустрэчы з людзьмі. Правай рукой Ніны Мікалаеўны і яе памочніцай у выкананні ўсіх вытворчых спраў з’яўляецца Р.М.Сасіновіч, якая працуе аператарам. Раіса Мікалаеўна хутка, без прамаруджвання, ажыццяўляе ўсе плацяжы, афармляе падпіску на перыядычныя выданні, прадае газеты і часопісы ў розніцу. У любы момант яна гатова замяніць начальніка аддзялення сувязі.
Побач з рабочымі месцамі Н.М.Чарановіч і Р.М.Сасіновіч кожную раніцу пакуюць свае сумкі свежымі газетамі і часопісамі паштальёны. За дзень яны рэдка ў які дом не зойдуць, бо абслугоўваюць вяскоўцаў Морачы, Узногі, Колак. Данута Іванаўна Дудук, Тамара Паўлаўна Кашуба, Марыя Іванаўна Вільчык, Аліна Сяргееўна Ахрыменя добра ведаюць жыхароў сваіх участкаў, іх патрэбы. Заўсёды прапануюць выпісаць тое, што цікавіць людзей. І даволі часта сярод перыёдыкі – раённая газета «Да новых перамог», якая карыстаецца вялікай папулярнасцю ў вяскоўцаў.
Зараз работы ў паштальёнаў намнога больш, чым было раней. У іх абавязкі ўваходзіць афармленне аплаты за электраэнергію, тэлефон, газ, радыёкропку. Ніколі не палянуюцца жанчыны разам са свежай перыёдыкай прывезці на веласіпедзе неабходны людзям прамысловы ці прадуктовы тавар. Разлік тут жа на месцы – за атрыманую пенсію. І людзі чакаюць сваіх паштальёнаў, гасцінна ім адчыняюць веснічкі. Бо сустрэча з жанчынамі – толькі ў радасць.
Ірына Уласень.
Фота Юрыя Мысліцкага.
Отправить комментарий