Цыганы – адзін з самых старажытных і таямнічых народаў свету. Іх своеасаблівы лад жыцця стварыў вакол “ромаў” непаўторны рамантычны арэол, які дзіўным чынам суседнічае з насцярожанасцю і недаверам да прадстаўнікоў гэтага этнасу. Аднак не час і не месца займацца ацэнкай іх традыцыйнага спосабу існавання. Гэты артыкул – усяго толькі спроба прасачыць гісторыю цыган на Клеччыне і прыўзняць завесу над трагедыяй, якую перажыў гэты народ у часы вайны.
Першая дакументальная згадка пра цыганскае паселішча ў Беларусі датавана 25 мая 1501 г. Размяшчалася яно зусім блізка ад нас, у Нясвіжы. У гэтым жа дакуменце згадваецца і цыганскі кіраўнік – старшы войт Васіль. Першыя цыганскія табары прыйшлі ў Вялікае Княства Літоўскае з Польшчы, а туды трапілі з Заходняй Еўропы праз Германію. Стаўленне да «ромаў» на Беларусі спачатку было досыць лаяльным. У некаторых маёнтках шляхта ахвотна наймала іх на службу ў якасці конюхаў, паколькі ў гэтай сферы з імі мала хто мог сапернічаць. Аднак неўзабаве сітуацыя змянілася. Цыган пачалі выганяць з маёнткаў, абвінавачваць у шпіянажы і злачынстве. Даваць прытулак такім выгнаннікам катэгарычна забаранялася. У Статуце ВКЛ 1588 г. з’явіўся нават адмысловы артыкул “Аб цыганах”, які сцвярджаў: “Паколькі цыганы – людзі непатрэбныя, якія не толькі ніякай карысці нікому не прыносяць, але і ўвогуле наносяць шкоду ашукваннем простых людзей і крадзяжы чыняць, а часам варожымі шпіёнамі з’яўляюцца, загадваем, каб іх нідзе ў панстве нашым – Вялікім Княстве Літоўскім – не прымалі”. Але самі цыганы на гэты закон ніякай увагі не звярталі. Думаю, што яны нават не чыталі яго, а сачыць за вандроўнымі табарамі, якія не затрымліваліся доўгі час на адным месцы, было цяжка. Таму і ў XVII, і ў XVIII стагоддзях іх кібіткі можна было бачыць у розных кутках краіны.
Цікавую спробу паразумецца з гэтым вандроўным народам зрабіў адзін з Радзівілаў, утварыўшы ў Міры сваеасаблівае цыганскае “каралеўства” на чале з выбарным “каралём”. Нейкая частка цыган асела ў гэтым горадзе, нават заснавала тут шэраг майстэрняў: кузні, сукнавальні і інш. Як бачым, галоўныя асяродкі цыганскага жыцця знаходзіліся ў радыусе нейкіх паўсотні кіламетраў ад Клецка, таму з’яўленне табараў у ваколіцах нашага горада выглядае цалкам натуральным.
У ХІХ ст. этнограф Павел Шпілеўскі вызначыў асноўныя цэнтры цыган на Беларусі, да якіх аднёс ваколіцы Гродна, Слоніма, Міра, Мінска, Барысава і амаль увесь Слуцкі павет, часткай якога была і Клеччына. У самім Клецку «ромы» з’яўляліся, як правіла, па пятніцах, пад час кірмашоў. Той жа Шпілеўскі называе “чарнавалосага цыгана і белазубую смуглую цыганку” сярод пастаянных тыпажоў Рыначнай плошчы. Асабліва яны любілі конскія базары. Продаж ці пакупка каня з удзелам цыгана часам ператвараліся ў сапраўднае тэатральнае відовішча, якое збірала безліч гледачоў. Каня запрагалі ў воз, у задняе кола ўстаўлялі кол, на воз залазіла 5-6 чалавек і каня бязлітасна паганялі. Так правяралася яго вынослівасць і здольнасць да працы. Усё гэта суправаджалася каларытнымі дыялогамі і ўгаворамі наконт цаны.
Перад вайной некалькі цыганскіх сем’яў асела ў Клецку. Яны пасяліліся ў самым канцы Татарскага завулка (суч. вул.Заслонава). У адрозненні ад татар і яўрэяў, з якімі ў беларусаў усталяваліся дабрасуседскія адносіны, да цыган ставіліся з недаверам і нават з насцярожанасцю. З імі стараліся лішні раз не сустракацца і вельмі рэдка ішлі на кантакт. Аднак нават самыя зацятыя нядобразычліўцы напярэдадні 1941 г. не маглі ўявіць, які лёс чакае «ромаў».
Вайна і акупацыя разбурылі звыклы цыганскі лад жыцця. Кірмашы не праводзіліся, свабода руху была абмежавана. Ніхто не ведаў, чаго чакаць ад гітлераўцаў. А між тым, акупацыйная адміністрацыя ўжо вырашыла для сябе “цыганскае пытанне”. У снежні 1941г. імперскі камісар Лёзэ ў сакрэтным лісце на імя начальніка СС і паліцыі прапаноўваў ставіцца да цыган таксама, як і да яўрэяў, іначай кажучы, знішчаць. Паводле слоў камісара, вандроўныя цыганы былі пераносчыкамі заразных хвароб, распаўсюджвальнікамі “варожых звестак” і “ненадзейным элементам”, які нельга прымусіць да карыснай працы. А загад каменданта Густава фон Бехтэльсгайма ад 25 лістапада 1941 г. недвухсэнсоўна сцвярджаў: “Захопленыя цыганы падлягаюць расстрэлу на месцы”. Пра выяўленыя табары належала інфармаваць камендатуры вермахта або начальнікаў СС і паліцыі.
Сведкі прыгадваюць, што ў першы год акупацыі досыць вялікі табар з’явіўся ў Клецку і размясціўся ў парку насупраць Меляўні. Таксама гавораць, што значная колькасць цыганоў асела ў Кухчыцах. Хучэй за ўсё, гаворка ідзе пра адзін і той жа табар, які немцы ссялілі з горада бліжэй да Старыны. Цыганы занялі пустыя дамы, якія засталіся пасля дэпартацыі польскіх асаднікаў на ўскрайку Кухчыц і Жужалі. Невядома, ці быў за імі нейкі кантроль, сцвярджаюць толькі, што немцы адабралі ўсіх коней. Як бы там ні было, уцякаць цыгане не спрабавалі. Хаця, верагодна, прабылі ў Кухчыцах даволі працяглы час. Цікавую згадку пра гэты табар я знайшоў у краязнаўча-культурным часопісе “Бельскі гостінэць” (№4, 2004), які выдаюць беларусы Беласточчыны. У артыкуле пра настаяцеля Свята-Уваскрасенскай царквы Клецка. Канстанціна Байко сцвярджаецца, што аднойчы да яго з’явіліся цыганскія дэлегаты і папрасілі ахрысціць сваіх дзяцей. З аднаго боку такая просьба выглядае некалькі дзіўна, калі ўлічыць, што асаблівай набожнасцю вандроўныя цыганы не вызначаліся. Аднак цалкам верагодна, што, прадчуваючы хуткі канец, яны спрабавалі такім чынам даць дзецям хоць нейкі шанец уратавацца. Канстанцін Байко ахрысціў 40 ці 50 цыганят, хроснай была яго жонка матушка Ларыса. Падчас аднаго з наведванняў табара разам з бацькамі была маленькая дачка Зоя, з сабой дзіця несла любімую ляльку. Трохгадовая цыганка не зводзіла з гэтай лялькі вачэй, і Зоя, паслухаўшы маці, падарыла ёй сваю лепшую цацку. Праз некалькі дзён у дом Байко прыбегла ўсхваляваная суседка і расказала, што немцы расстралялі ўсіх цыган. “А адно дзіцятка такую прыгожую ляльку ў руках сціскала,” – дадала яна да свайго расказа. Дзе адбыўся гэты расстрэл, у артыкуле не сказана. Але з успамінаў тых, хто перажыў акупацыю, недвухсэнсоўна вынікае – магілай цыган стаў вялікі роў, выкапаны на ўскрайку Старыны летам 1942 г. Гэта трагедыя адбылася ў першай палове ліпеня, за некалькі дзён да ліквідацыі гета ў Клецку. А вось колькасць знішчаных назваць цяжка. Уліку ніхто не вёў. У сур’ёзных даследаваннях, прысвечаных генацыду цыган, фігурыруе лічба 60 чалавек. Адкуль яна ўзялася?
На судовым працэсе супраць начальніка Баранавіцкага СД Макса Эстапара нямецкія сведкі паведамілі, што пры ліквідацыі гета ў Клецку былі забіты яўрэі, якія працавалі на пілараме, з-за чаго прадпрыемства засталося без рабочых рук. Тады было вырашана прыцягнуць да гэтай справы цыган. Яны адпрацавалі ўсяго тры дні, пасля чаго былі расстраляны. Там жа і была названа колькасць ахвяр – 60 чалавек.
Як бачым, знішчэнне цыган адбывалася ў два этапы. Спачатку – перад ліквідацыяй гета – былі растраляны жанчыны, дзеці і непрацаздольныя мужчыны. Потым – пасля знішчэння яўрэяў – надышла чарга астатніх. Такі падыход цалкам характэрны для акупантаў, якія па-свойму старанна рыхтаваліся да кожнай карнай акцыі. Загадзя падрыхтавалі вялікі роў каля Старыны, загадзя “паклапаціліся” пра тое, хто заменіць яўрэйскіх рабочых… Вось толькі лічба 60 выклікае пэўныя сумненні. Паводле ўспамінаў Зоі Байко ў табары было некалькі соцень чалавек. Зрэшты, дзіця магло і памыліцца ў сваіх ацэнках, як дарэчы і ў колькасці ахрышчаных яе бацькам. З іншага боку, нельга выключаць, што нямецкія сведкі самі былі не да канца ўпэўнены ў гэтай справе. Мясцовыя жыхары гавораць, што цыган было шмат, а вось нават прыблізную колькасць назваць не могуць. Напэўна, дакладную лічбу мы ўжо ніколі не даведаемся. Прынята лічыць, што ўсяго ў Беларусі загінула каля 3000 цыган. Аднак даследчыкі мяркуюць, што рэальная іх колькасць была большай у некалькі разоў.
Магіла на ўскрайку Старыны ўжо трывала асацыіруецца з ахвярамі клецкага гета. Зорка Давіда і яўрэйскі надпіс на помніку ўмацоўваюць гэта перакананне. А вось пра трагедыю цыган не нагадвае нішто. Але ж калі мы памятаем пра Халакост, то не варта забывацца і пра “Пожаймос” (Вынішчэнне) – так цыганы называюць трагедыю свайго народа ў гады Другой Сусветнай вайны.
На фота: настаяцель Свята-Уваскрасенскай царквы Клецка Канстанцін Байко, які ў гады акупацыі хрысціў цыганскіх дзяцей.
Отправить комментарий