Сейчас загружается

Клецкі здымак з амерыканскага альбома

У 1-й палавіне ХХ ст.  значныя абшары Беларусі ўспрымаліся іншаземцамі, як суцэльная экзотыка. Некранутая прырода, традыцыйны спосаб гаспадарання і старадаўнія традыцыі выклікалі вялікую цікавасць у заходніх гасцей. Некаторыя вусна выказвалі сваё захапленне і здзіўленне, іншыя стараліся занатаваць убачанае і пачутае. Да ліку апошніх належала прадпрымальніца і падарожніца з ЗША Луіза Арнэр Бойд (1887-1972), якая наведала Клеччыну ў 1934 г.

Дачка буйнога прадпрымальніка з Сан-Францыска, яна паспяхова кіравала інвестыцыйнай кампаніяй, выдзяляючы пры гэтым значныя сродкі на дабрачыннасць і падтрымку культуры. Аднак у Амерыцы ёй было сумна. У 20-30-ыя г.г. Л.Бойд з навуковымі мэтамі наведала некалькі еўрапейскіх краін, здзейсніла экспедыцыі на Шпіцберген і ў Грэнландыю, прымала ўдзел у пошуках палярнай экспедыцыі Руаля Амундсэна, якая знікла. Са жніўня да кастрычніка 1934г. яна знаходзілася ў Польшчы. Прыехала на міжнародны кангрэс географаў, ды не ўтрымалася ад чарговай вандроўкі. На сваім аўтамабілі, з фотаапаратам у руках, Луіза пра­ехала звыш 10000 кіламетраў па т.зв. “усходніх крэсах” – Заходняй Украіне і Заходняй Беларусі. Шлях пачаўся з Перамышля і скончыўся каля мяжы з Латвіяй. Вынікам вандроўкі сталі 2500 фотаздымкаў, на якіх адлюстраваны края­віды, архітэктурныя помнікі і побыт мясцовага люду. У 1993 г. у Варшаве выйшаў яе фотаальбом “Крэсы”, дзе змешчана 155 фота­здымкаў. Тры з іх маюць пэўнае дачыненне да нашага раёна.

На двух – адлюстраваны жылыя і гаспадарчыя пабудовы па дарозе з Нясвіжа ў Клецк. На жаль, дакладнае месца іх размяшчэння не ўказана. А вось трэці здымак лакалізаваны досыць добра. Подпіс гаворыць: “Паблізу Навасёлак у дарозе да Клецка. 2,7 мілі на поў­нач ад шашы Масква-Варшава. Вулей з калоды, усталяваны ў садзе. Дужа стары спосаб пчалярства”. Навасёлкі, пра якія ідзе гаворка, у 1961 г. былі аб’яднаны з Русаўшчынай у адну вёску. Наконт старажытнасці зафіксаванага промыслу Бойд не памылілася. Бортніцтва на нашых землях вядома з даўніх часоў.  Яшчэ ў XV ст. актавыя дакументы згадваюць “мядовую даніну” на Клеччыне. І з часам колькасць пчаляроў усё павяліч­валася. Для нашых людзей вы­гляд вулля-калоды быў звыклым і па-свойму нецікавым, а вось амерыканку ён ўразіў.

Цікава, а колькі ўвогуле здымкаў гэта падарожніца зрабіла на Клеччыне? Вядома, што ў Нью-Йорку ў 1937 г. з’явілася яе кніга “Ускраіны Польскай краіны”, дзе было змешчана 500 фотаздымкаў. У тры разы больш, чым увайшло ў “Крэсы”! Магчыма, варта пашукаць там.

Аўтар выказвае падзяку ганароваму старшыні Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў прафесару Адаму Мальдзісу за магчымасць выкарыстання альбома “Крэсы”.

2 comments

comments user
Редакция

Почти все вопросы, касающиеся проекта “Карані” курирует Андрей Блинец, автор проекта.

Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

comments user
michaliszki

А где можно посмотреть эту книгу Ускраіны Польскай краіны. ?

Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

Отправить комментарий

Возможно, пропустили