“У бягучым годзе ёсць усе перадумовы для збору добрага ўраджаю збожжавых і нарыхтоўкі кармоў у поўным аб’ёме”, – канстатаваў Прэзідэнт краіны ў час нядаўняй сустрэчы з губернатарамі Брэсцкай і Гомельскай абласцей, дзе ўжо вядзецца ўборка хлеба. Кіраўнік дзяржавы паставіў задачу правесці жніво ў максімальна кароткія тэрміны. Важна, адзначыў Аляксандр Лукашэнка, каб да 20 ліпеня ўсе рэгіёны краіны поўнасцю ўключыліся ў работу. Пачынаючы з гэтай даты, ён будзе асабіста інспектаваць ход кампаніі. “Важна не прапусціць і пачаць уборку адразу, як толькі гэта стане магчымым, што абумоўлена ў першую чаргу надвор’ем, якое не дазваляе траціць час. Хлеб добры, і яго трэба ўбраць своечасова і без страт”, – сказаў Аляксандр Лукашэнка. Аб ходзе падрыхтоўкі сельскагаспадарчых арганізацый Клеччыны да заключнага этапа гадавога цыкла ўсёй земляробчай справы наша размова з першым намеснікам начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама, начальнікам аддзела вытворчасці і перапрацоўкі сельгаспрадукцыі Аляксандрам Іванавічам Пляшэвічам.
– Да масавага жніва засталіся лічаныя дні. Што можаце сказаць аб гатоўнасці сельскагаспадарчага комплексу раёна, ды і абслугоўваючых сялян арганізацый, да працы ў напружаным жніўным рытме?
– Адзначу, што ўсе патрэбныя сілы будуць задзейнічаны ў поўным аб’ёме для якаснага і своечасовага правядзення ўборкі вырашчанага ўраджаю. Райвыканкамам ужо зацверджаны тэхналагічныя групы кантролю за якасцю падрыхтоўкі збожжаўборачнай тэхнікі і зернесушыльнай гаспадаркі, а таксама за якасцю ходу ўборкі. Адказныя работнікі райвыканкама і спецыялісты ўпраўлення для аказання практычнай дапамогі замацаваны за кожнай гаспадаркай. Механізатарамі і аператарамі КЗС сельгасарганізацыі ўкамплектаваны поўнасцю. Распрацаваны ўмовы раённага спаборніцтва, аплаты працы, рэкамендацыі па дакументальным афармленні паступаючага ў засекі зерня. У сельгаспрадпрыемствах зацверджаны распарадак рабочага дня, арганізуюцца дзяжурствы адказных работнікаў, каб аператыўна прымаць меры па ліквідацыі няспраўнасцей тэхнікі і вырашэння пэўных арганізацыйных момантаў. Як і ў мінулыя гады, штодзённа да выканаўцаў будуць даводзіцца працоўныя заданні, падводзіцца вынікі работы, запаўняцца наглядныя стэнды і кніжкі механізатараў. Асаблівую ўвагу надаем забеспячэнню пажарнай бяспекі на ўсіх аб’ектах, задзейнічаных ва ўборачных работах, ахове працы механізатараў і рабочых збожжатакоў. Работнікамі ўстаноў аховы здароўя будзе арганізавана пастаяннае медыцынскае абследаванне механізатараў перад пачаткам рабочага дня, а пры неабходнасці – і часцей. Падоўжыцца работа сельскіх магазінаў. Захаваюцца і добрыя традыцыі арганізацыі харчавання працуючых у час уборкі.
– А аб’ёмы работ прадстаіць выканаць вялікія?
– Сёлета належыць убраць 19101 гектар збожжавых, у тым ліку 8506 – азімых і 10595 – яравых, а таксама 587 га азімага і 1336 яравога рапсу. Аб’ёмы даволі значныя, і для іх выканання трэба будзе прыкласці немалыя намаганні. Нагрузка на адзін камбайн па раёне складае 179 гектараў, а дзённая выпрацоўка – 1160 га. Па стану на 12 ліпеня атрыманы яшчэ 8 новых збожжаўборачных камбайнаў КЗС-1218, што дазволіць скараціць тэрміны ўборкі.
– Скажыце, быўшая ў эксплуатацыі тэхніка ўжо падрыхтавана да работы на хлебных нівах? Ці гатовы прыняць ураджай на перапрацоўку зернесушыльныя комплексы?
– Для правядзення ўсяго аб’ёму ўборачных работ мы маем 107 збожжаўборачных камбайнаў і 43 зернеачышчальна-сушыльныя комплексы. Па стану на 12 ліпеня былі спраўныя 99 камбайнаў, што складае 93% ад агульнай колькасці, і 39 КЗСаў (91%). Маюць месца пэўныя нараканні на ход падрыхтоўчых работ СВК “Заастравечча” (86%), “Грыцэвічы" (75%), ААТ “Камбікормавы завод” (67%) – гатоўнасць зернесушыльных комплексаў). У той жа час хочацца адзначыць станоўчую работу ў гэтым накірунку СВК “Лазавічы”, СПФ “Туча” РУП “Мінск Крышталь”. Але, упэўнены, да жніва прыступім усе арганізавана, бо кожны хлебароб, кожны, хто мае хоць нейкае дачыненне да ўборкі ўраджаю, разумее, што экзамен прадстаіць вытрымаць даволі складаны, таму трэба сканцэнтраваць на гэта ўсе намаганні. А першымі на палеткі азімага рапсу ўжо вывелі камбайны працаўнікі райаграсэрвіса.
– Толькі вельмі хацелася б, каб Яе Вялікасць Прырода садзейнічала спорнай працы. Гэтага жадаем усім працавітым і руплівым клецкім хлебаробам.
Вольга Русіновіч.
Отправить комментарий