Учора, 20 ліпеня, традыцыйны абрад “Зажынкі”, што сабраў хлебаробаў на шчодрых нівах СВК “Грыцэвічы”, даў афіцыйны старт жніву-2010 на Клеччыне. Але, не чакаючы раённага свята першага снапа, яшчэ ў пятніцу-суботу некаторыя сельгаспрадпрыемствы вывелі тэхніку на рапсавыя палеткі і выспелыя надзелы збожжавых культур. Дарэчы, сёлетняе жніво распачалося на тыдзень раней, чым летась, і першыя намалоты, нягледзячы на капрызы надвор’я, радуюць хлебаробаў. Спецыялісты сцвярджаюць: калі зжатыя 5% уборачных плошчаў, то ўжо можна гаварыць аб масавым жніве. Менавіта столькі па стану на 20 ліпеня ўбрана збожжавых культур у сельгаспрадпрыемствах раёна, а азімы рапс абмалочаны на 58% падлягаючай уборцы плошчы. І намалоты важкія. У засекі ўжо паступіла 4161 тона збажыны, сярэдняя ўраджайнасць на круг складае пакуль 39,9 ц, па 28,2 ц/га дае масланасенне рапсу.
У суботу два магутныя “Палессі 12-18”, адзін 2007 года выпуска, другі – толькі з завадскога канвеера, і “ДОН-1500 Б” СВК “Агракамбінат “Клецкі” прыступілі да абмалоту масланасення рапсу. Для гэтай культуры сёлетні год, дакладней – умовы для яе перазімоўкі, склаліся не зусім спрыяльна. Таму немалыя плошчы паўсюдна па Беларусі давялося ўвогуле адворваць і перасяваць яравымі збожжавымі. Не песціла надвор’е і нашых рапсаводаў. Нягледзячы на гэта, у агракамбінаце трэба ўбраць 110-гектарны клін высокатэхнічнай алейнай культуры. Як сведчыць аператыўная зводка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама, па стану на раніцу ўчарашняга дня тут ужо абмалочана 78 га, што складае 71% ад агульнага рапсавага надзелу гаспадаркі. Вопытныя камбайнеры В.П.Калейнік, В.В.Жданюк і А.М.Кулік забяспечваюць высокую якасць уборкі, што спрыяе немалым намалотам. На дапрацоўку з палеткаў накіравана 226 тон, а гэта значыць, што кожны ўбраны гектар дае ў сярэднім па 29 ц масланасення. Дастаўленае на збожжаток драбнюткае, але такое каштоўнае, зернейка пералапачваецца (здымак 1), дасушваецца на КЗС-15 і, даведзенае да кандыцыі, будзе рэалізоўвацца на дзяржаўныя патрэбы.
Адначасова з рапсаводамі на пшанічнае мора свае збожжаўборачныя караблі “Лексіён-530” і “Bison Z-110” вывелі А.С. Жданюк, Л.І.Конан і яго памочнік М.В.Жданюк (на здымку 2 справа налева). Намалочанае імі налітае залацістае зерне адразу паступае на новенькі зернесушыльны комплекс КЗС-30, які эксплуатуецца толькі другі год і вельмі ашчадна дасушвае збажыну (здымак 3). Пшаніца тут урадзіла неблагая, сярэдняя ўраджайнасць на гэты дзень складае 42,6 ц. Але хлебны марафон толькі пачынаецца. Няхай надалей намалоты будуць яшчэ больш важкімі, і ціхае сонечнае надвор’е дапамагае спорнай працы.
Вольга Русіновіч.
Фота Юрыя Мысліцкага.
Отправить комментарий