Днямі адміністрацыя ААТ “Клецкая крыначка” правяла сустрэчу з лепшымі малаказдатчыкамі і малаказборшчыкамі раёна. На падставе дадзеных камісіі па падвядзенні вынікаў спаборніцтва па закупу малака за 2009 год прызнаны пераможцамі: сярод малаказдатчыкаў за найбольшую колькасць прададзенага малака базіснай тлустасці (3,6%) на адну карову жыхары Грыцэвіцкага сельсавета: Іван Іванавіч Кішко, які здаў 9320 кг малака; Зінаіда Аляксееўна Крыцкая – 7375 кг; Ніна Андрэеўна Крыцкая – 7276 кг. Спецыяльную прэмію за найбольшую абсалютную колькасць прададзенага малака базіснай тлустасці з аднаго вясковага двара атрымаў Дзмітрый Канстанцінавіч Лабажэвіч (Шчэпіцкі сельсавет), які здаў 60300 кг малака;
сярод малаказборшчыкаў за найбольшую колькасць сабранага ў насельніцтва малака базіснай тлустасці ад адной каровы, што маецца на абслугоўваемым участку, Уладзімір Уладзіміравіч Крыцкі (СВК “Грыцэвічы”), які сабраў па 5820,9 кг малака ад кожнай з 17 кароў; Людміла Генадзьеўна Лабажэвіч (ПУП “АФ “Арда”) – па 4611 кг ад кожнай з 26 рагуль, якія знаходзяцца на яе абслугоўванні; Мікалай Цімафеевіч Цімавец – 4547 кг ад 21 каровы. Спецыяльная прэмія за найбольшую колькасць сабранага на абслугоўваемым участку малака прысуджана таксама Л.Г.Лабажэвіч (119897 кг);
сярод сельскагаспадарчых арганізацый: за найбольшую колькасць закупленага малака базіснай тлустасці ад адной каровы: старшыня ПУП “АФ “Арда” А.У.Чэкан – за мінулы год закуплена 116,8 тон малака, што складае 4490,9 кг у разліку на адну карову, заданне выканана на 130%; старшыня СВК “Грыцэвічы” М.М.Галубовіч – 252,7 тон, што складае 3771,3 кг у разліку на адну карову (108%); дырэктар ААТ “Клецкі камбікормавы завод” А.Я.Аляксейчык – 310,8 тон малака, што складае 3744,1 кг у разліку на адну карову (107%).
За найбольш актыўнае садзейнічанне ў арганізацыі закупу малака ў насельніцтва адзначаны старшыні Шчэпіцкага – М.М.Паўлоўскі, Грыцэвіцкага – І.А.Галубовіч і Заастравецкага – В.М.Садкоўскі сельсаветаў. За праводзімую рэзультатыўную работу па вызначэнні якасных паказчыкаў малака сярод лабарантаў прызнаны пераможцамі Т.А.Грыцаль (ЗП “Налібокі-Неман”), Н.Я.Лембіеўская (СВФ “Туча” РУП “Мінск Крышталь”), Н.М.Савош (СВУ “Шчэпічы” ААТ “Клецкі камбікормавы завод”).
Па ўсіх названых намінацыях у адпаведнасці з занятым месцам кожны ўзнагароджаны грашовай прэміяй (ад 6 да 10 базавых велічынь).
На здымку: дырэктар ААТ “Клецкая крыначка” М.М.Рубанік уручае прэмію малаказборшчыцы Людміле Генадзьеўне Лабажэвіч, якая разам з мужам Дзмітрыем Канстанцінавічам у асабістай падсобнай гаспадарцы ўтрымлівае 11 кароў і здае лішкі малака дзяржаве: за мінулы год – больш за 60 тон.
Фота Вольгі Русіновіч.
Отправить комментарий