Яшчэ доўга будзе жыць у памяці прыхільнікаў гэты неадназначны, трагікамічны, нечаканы ў сваіх манеўрах «Мундыяль-2010» (чэмпіянат свету па футболе). Мабыць, толькі наступны топавы турнір здолее прыглушыць шалёнае рэха паўднёваафрыканскіх вувузелаў…
Мяне асабіста заўжды больш цікавіў удзел у спаборніцтве, а не назіранне за ім: проста «заводзішся» на трыбуне або перад тэлевізарам, а пасля невядома куды гэты азарт падзець. Тым не меней, «зачапіўшы вокам» колькі эпізодаў канца групавога турніру, адчуў, што «хварэю»… Каля дзесяці матчаў праглядзеў у першай палове ліпеня. Зважаючы на сказанае трошкі вышэй, – своеасаблівы рэкорд.
Прызнаюся: «хварэў» за Германію, хоць у сілу абставін здолеў паглядзець толькі тры поўныя матчы гэтай каманды. Але – падрабязней… Спачатку здзівіла перамога немцаў над родапачынальнікамі футболу: адна з наймацнейшых каманд свету прайграла 4:1, з чым і вылецела з турніру на свой Туманны Альбіён. Даведаўся я пра гэта postfactum, а ўжо матч з аргенцінцамі глядзеў уласнымі вачамі, набраўшы ўсяго-ўсякага з халадзільніка ды зручна ўладкаваўшыся перад экранам. Ой, перахваліў скандаліст Марадона і сябе, і сваіх падапечных: дружына Іяхіма Лёва абрушыла імідж яшчэ аднаго фаварыта турніру. 4:0, і гэць дадому – да раз’юшаных ганьбай фанатаў! Нельга пазайздросціць, дарэчы, і такім «правадырам сусветнага футбола», як бразільцы і французы: «сто пудоў» – без медалёў іх дома не чакалі. Відаць, будзе чыстка спартыўнаму чынавенству на месцах…
Далей жа, у паўфінале, «мае» немцы паўсталі твар да твару з «чырвонай фурыяй». Іспанскія ігракі апраўдалі мянушку каманды: пасля пэўнага футбольнага «какецтва» і вытанчаных – «дамскіх» – інтрыг з абаронай зборнай Германіі – трапны, нечаканы, глыбокі ўкол у самае сэрца надзеі на фінал… 1:0, і бурная агонія апошніх 15-ці хвілін матча нічога не ўратавала. Іспанія робіць перадапошні крок да будучага «золата», а Германія яшчэ рэабілітуецца ў вачах прыхільнікаў у «бітве» за «бронзу».
…Можна разняволіцца – бо нават у прамежках паміж «баталіямі» не спадала напружанне чакання: «а як будзе далей?», «а раптам!..». Цяпер засталося рэзюміраваць: што зроблена, тое зроблена – не выправіш. А хацелася б! Добра яшчэ, што прэзідэнт ФІФА (сусветнай футбольнай федэрацыі) папрасіў прабачэння за працу арбітраў, якія не заўважылі гол у матчы Германія – Англія, напрыклад, дый наогул, невядома куды глядзелі ў шматлікіх эпізодах парушэння правіл, нібы не чэмпіянат свету, а нейкі заштатны турнір судзіць прыехалі! Так што я салідарны з тым, хто ў вельмі эмацыянальныя моманты гульні крыкам прапаноўваў суддзю на больш карысны ў побыце прадукт.
Запомнілася і своеасаблівая трагедыя каманды Ганы. Апошняя на турніры афрыканская дружына мела ўсе шанцы апынуцца ў чацвёрцы найлепшых, але, мабыць, уругвайскі шаман аказаўся мацнейшым. І небарака Г’ян, прабіўшы пенальці напрыканцы апошняй хвіліны сустрэчы, трапіў... у перакладзіну лацінаамерыканцаў. Апошніх гэта ўдача значна ўзбадзёрыла, і серыя пасляматчавых адзінаццаціметровых дарэшты размяла надзеі «чорнага кантынента». Уругвай – Гана (4:2).
Нельга не згадаць і Пауля, нямецкага васьмінога-празорцу: проста, але на 100 працэнтаў дакладна ён прадказаў вынікі 9-ці матчаў сваёй зборнай плюс вынік фіналу. Было трывожна за лёс жывёліны, калі ўгневаная тарсіда (супольнасць фанатаў футболу ў пэўнай краіне) абяцала парэзаць Пауля на кавалкі, засмажыць і выкінуць акулам за неабачліва праўдзівы прагноз паражэння нямецкай дружыны ў сустрэчы з іспанцамі. Згаданыя, што цікава, чатыры апошнія матчы на шляху да кубка выйгралі з мінімальным адрывам 1:0.
Уразіла (не вельмі прыемна) рэзкая і грубая гульня галандцаў у фінале: 9 (!) жоўтых картак і 1 выдаленне з поля. Але Ін’еста, які на працягу сустрэчы сам не аднойчы атрымаў па нагах ад «аранжавай зборнай», усё ж адпомсціў хуліганам і эфектна паставіў клічнік у канцы «Мундыяля-2010». Іспанцы, заваяваўшы тытул чэмпіёнаў Еўропы, неўзабаве даважылі сваю скарбонку званнем чэмпіёнаў свету – упершыню ў гісторыі. Шыкоўна!
СМІ актыўна і масіравана праводзяць «разбор палётаў», радавыя прыхільнікі футбола паступова пераключаюць увагу на менш значныя турніры. Ды і я за кампанію, таму што падчас паўднёваафрыканскага чэмпіянату (які вельмі ўдала ўпісаўся ў тэрмін майго законнага адпачынку) трывала асталяваўся на арбіце гэтай сапраўды ВЯЛІКАЙ гульні, імя якой – Футбол.
Ігар Канановіч, г.Клецк.
7 comments