Сельскія Саветы, несумненна, з'яўляюцца тым цэнтрам улады на вёсцы, куды грамадзяне ідуць і ў радасці, і ў бядзе, бо тут разглядаецца і вырашаецца вялікае кола пытанняў, якія турбуюць людзей. Часцей за ўсё вяскоўцаў хвалюе добраўпарадкаванне вуліц і праездаў, няспраўнасць або адсутнасць водаправодаў, асвятленне населеных пунктаў. Усе яны знаходзяцца ў полі зроку мясцовай улады, аднак іх вырашэнне патрабуе не толькі значных фінансавых рэсурсаў, але і сумленнага падыходу да спраў. Менавіта аб гэтым сённяшняя размова са старшынёй Заастравецкага сельскага Савета Віктарам Мікалаевічам САДКОЎСКІМ. З’яўляючыся дастаткова вопытным гаспадаром па прызванні, ён шмат увагі ўдзяляе пытанням далейшага паляпшэння жыццёвага ўзроўню насельніцтва, поўнаму і комплекснаму ажыццяўленню праграм жыллёвага будаўніцтва, добраўпарадкаванню тэрыторый і навядзенню парадку на зямлі, а галоўнае – збалансаванаму развіццю і падтрыманню ўсёй неабходнай сацыяльнай інфраструктуры вёсак.
- Віктар Мікалаевіч, ведаю, што на пасадзе старшыні сельскага Савета Вы працуеце з сакавіка 2003 года, г.з. восьмы год. З чаго давялося пачынаць?
- Мабыць, не памылюся, калі скажу, што няма такіх навучальных устаноў, дзе б вучылі на старшынь сельскіх Саветаў. Пачынаў з набыцця вопыту работы з насельніцтвам, знаёмства з кіраўнікамі арганізацый і прадпрыемстваў, якія знаходзяцца на тэрыторыі сельсвета, з вывучэння нарматыўна-прававой базы аспектаў дзейнасці сельвыканкама, сельскага Савета дэпутатаў, умацавання матэрыяльна-тэхнічнай базы. Прыслухоўваўся да парадаў старэйшых калег у пытаннях, па якіх узнікалі сумненні.
- Здагадваюся, што не абыходзілася без пэўных праблем. Як іх вырашалі?
- Востра стаялі пытанні добраўпарадкавання, землекарыстання, водазабеспячэння, стан дарог і вуліц сельскіх населеных пунктаў патрабаваў змены ў лепшы бок, былі нараканні ў людзей на вулічнае асвятленне, забеспячэнне цвёрдымі відамі паліва домаўладанняў грамадзян. У адзін міг усё вырашыць немагчама. Але калі ставіць перад сабой задачу, штодзённа рабіць хаця б крок да яе вырашэння, то абавязкова прыйдзеш да пастаўленай мэты. Добра памятаю, што пачынаў з замены зямельных участкаў, выдзеленых для вядзення асабістай падсобнай гаспадаркі ў палях севазвароту для працаўнікоў не сельскагаспадарчых арганізацый, якія не мяняліся каля 10 гадоў, ад чаго большая частка іх пуставала. Цяпер у нас практыкуецца замена зямельных участкаў праз кожныя 3 гады, а пры неабходнасці і часцей. Яшчэ быў распачаты рамонт вуліц з асфальтавым пакрыццём, якія ў 2004 годзе перадалі на баланс дарожнай службы. У 2005 годзе на вуліцы Леніна ў вёсцы Заастравечча быў выкананы цякучы рамонт. У год будаўніцтва аграгарадка па цэнтральных вуліцах і дарогах праклалі новы асфальт, а таксама забяспечылі іх насельнікаў вадой ад водазаборнай свідравіны мясцовай школы. Але вада, на жаль, была кепскай якасці, здараліся частыя паломкі водазабора, і ўсё гэта адмоўна адбівалася на нармальным водазабеспячэнні вучняў школы і жыхароў вёскі. Было прынята рашэнне аб падключэнні дадзенай водаправоднай сеткі да водазабора КУП “Клецкая ЖКГ”, для чаго давялося пракласці водаправод працягласцю 450 метраў. У фінансаванні прымалі ўдзел мясцовыя арганізацыі і прадпрыемствы, а таксама самі жыхары. Крыху пазней для больш аператыўнага забеспячэння вяскоўцаў дровамі, а таксама паляпшэння якасці аказваемай паслугі ў 2006 годзе на базе пустуючага будынка майстэрняў аўтабазы быў адкрыты ўчастак ад Клецкага філіяла ГУ “Мінаблпаліва”. Колатыя дровы завозяцца не толькі жыхарам нашага сельсавета, але і суседніх.
- Аб’ёмы выкананага ўражваюць. Хто падтрымліваў вашы пачынанні, дапамагаў ажыццяўленню задум?
- Ёсць прыказка “Адзін у полі не воін”, сапраўды, толькі згуртаванасць, разуменне кіраўнікоў арганізацый і прадпрыемстваў, актыўнасць дэпутацкага корпусу дазваляюць “разрульваць” наспелыя праблемы, аказваць дапамогу у вырашэнні сацыяльна-бытавых пытанняў грамадзян. Справядліва будзе сказазаць, што сувязь падтрымліваецца з усімі арганізацыямі і прадпрыемствамі, якія знаходзяцца на тэрыторыі сельсавета, але найбольш хочацца адзначыць ДУП “Клецкае ПМС” – кіраўнік А.В.Шчурскі, СВК “Заастравечча” – кіраўнік Л.У.Бялаш, УА “Заастравецкая СШ” – кіраўнік А.А.Бялаш, наша медыцынская ўстанова – кіраўнік Г.М.Жданко. Асобна патрэбна сказаць пра наш дэпутацкі корпус, дзе, магу запэўніць, няма выпадковых людзей. Аб гэтым сведчыць высокі працэнт прагаласаваўшых “за” кандыдыта ў дэпутаты – у сярэднім 80%, а ёсць і 100%. Гэта зайздросны паказчык даверу насельніцтва да сваіх выбраннікаў. Ні адзін з дэпутатаў не застаецца абыякавым да зваротаў сваіх выбаршчыкаў, таму выдзеліць кагосьці цяжка. На сённяшні дзень Заастравецкі сельскі Савет налічвае 13 дэпутатаў, 5 з якіх былі выбраны ўпершыню. Мясцовыя жыхары могуць звярнуцца да свайго дэпутата з любымі надзённымі пытаннямі, і калі дэпутат не можа вырашыць яго сам, то яно накіроўваецца ў сельскі Савет, дзе сумесна і працуем над яго вырашэннем.
- Але ж ўзаемакантакт з насельніцтвам гэтым не абмяжоўваецца, і я, як мясцовая жыхарка, добра пра тое ведаю, але чытачам з усёй Клеччыны давайце раскажам падрабязней.
- Сапраўды, арганізоўваюцца сустрэчы па месцы жыхарства і сельскія сходы, вядзецца прыём грамадзян, наладжваюцца сустрэчы ў працоўных калектывах і выезды інфармацыйных груп, што дазваляе своечасова вывучыць абстаноўку, патрэбы грамадзян, і прымаць меры для іх вырашэння. Усяго за 2009 год паступіла 17 пісьмовых і 103 вусных зваротаў грамадзян, а за першае паўгоддзе 2010 года – 6 пісьмовых і 55 вусных . Вось толькі адзін прыклад. У канцы 2009 года паступіла калектыўная заява ад жыхароў вуліцы Чапаева агр. Заастравечча па пытанні абрэзкі пяці аварыйных дрэваў. Яе задавальненне ўскладнілася блізкім размяшчэннем жылых пабудоў і электрычнай сеткі. Нельга было абысціся без дапамогі тэхнікі, якую своечасова прадаставіў СВК “Заастравечча”, і без удзелу супрацоўнікаў МНС.
- Віктар Мікалаевіч, давайце спынімся на тым, якую дапамогу сельскі Савет аказвае пенсіянерам, удзельнікам Вялікай Айчыннай вайны?
- Маецца банк дадзеных па гэтых катэгорыях насельніцтва, на кантролі трымаюцца сацыяльна-бытавыя ўмовы іх пражывання, жыццёвая сітуацыя, якая складваецца вакол кожнага канкрэтнага чалавека. Аказваецца дапамога ў набыцці паліва, распілоўцы дроў, абкошванні тэрыторый домаўладанняў. Сумесна з ТЦСАН пры неабходнасці замацоўваецца сацработнік, выконваюцца работы па рамонту электраправодкі, пячнога ацяплення, з удзелам с/г арганізацый апрацоўваюцца прысядзібныя ўчасткі. За 5 месяцаў 2010 года аказана гуманітарная дапамога няпоўным сем’ям, пражываючым на тэрыторыі сельсавета на суму 70,9 тыс. рублёў, малазабяспечаным сем’ям на суму 633,9 тыс. рублёў, інвалідам І і ІІ групы на суму 77,7 тыс. рублёў, адзінокім пенсіянерам на суму 82,7 тыс. рублёў.
- У 2007 годзе вёска Заастравечча набыла статус аграгарадка. Як гэта адбілася на Вашай працы і на жыцці жыхароў вёскі?
- Думаю, не толькі нашы жыхары, але і госці без цяжкасці заўважаюць, што вёска набыла зусім іншае аблічча. На якасна іншы ўзровень падняліся ўмовы пражывання грамадзян. Былі адрамантаваны аб’екты сацыяльна-бытавой і вытворчай сферы, заасфальтаваны большасць вуліц і пад’ездаў да дамоў, пракладзены тратуары, расшыраны інжэнерна-тэхнічныя сеткі. Усё гэта палепшыла ўмовы працы і быту нашых грамадзян. Сённяшняя задача заключаецца ў тым, каб захаваць і памножыць тое, што створана. Будаўніцтва аграгарадка не завяршылася ў 2007 годзе, праца працягваецца – гэта ўзвядзенне жылля, пракладка водаправода, тратуараў, устаноўка жалезабетоннай агароджы, рэканструкцыя электрычных сетак па цэнтральных вуліцах аграгарадка, наладжванне вулічнага асвятлення.
- А цяпер жыхары аграгарадка з нецярпеннем чакаюць падвядзення прыроднага газу. Калі гэта адбудзецца?
- Адным з асноўных пытанняў сённяшняга дня з’яўляецца менавіта гэта. У цяперашні момант на зацвярджэнні ў аблвыканкаме знаходзіцца план газіфікацыі населеных пунктаў Мінскай вобласці на 2011-2015гг., у якім мы “стаім” на 2011 год. Спадзяёмся, што праграма будзе зацверджана без змен.
- Якія яшчэ планы на будучыню?
- Як і раней, усе намаганні будуць прыкладзены на паляпшэнне дабрабыту насельніцтва.
- А бюджэт сельсавета гэта дазволіць ажыццявіць?
- Бюджэт сельскага Савета складаецца з даходнай і расходнай часткі. Даходная – гэта асабістыя даходы, якія фарміруюцца за кошт падаткаў на зямлю і нерухомую маёмасць, іншых пералічэнняў у адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь, дзяржаўнай пошліны і датацый з раённага бюджэту. Усяго запланавана грашовых сродкаў у памеры 154143 тысячы рублёў, з якіх агульнадзяржаўная дзейнасць – 92243 тысячы рублёў, жыллёва-камунальныя паслугі, а гэта вулічнае асвятленне, добраўпарадкаванне, утрыманне дарожнай сеткі – 59900 тысяч рублёў.
- Не магу ўтрымацца, каб не закончыць размову з вамі пытаннем асабістага характару. Віктар Мікалаевіч, паколькі Вы “дзяржаўны чалавек”, то шмат часу праводзіце, як кажуць, на службе. Як да гэтага ставіцца Ваша сям’я?
- Заўсёды з разуменнем, больш таго, я адчуваю падтрымку родных людзей. У асноўным усе гаспадарчыя пытанні ляглі на плечы маёй жонкі, хаця і яе прафесія (яна працуе фельчарам Заастравецкай участковай амбулаторыі) займае дастаткова шмат часу.
- Дзякую за шчырую размову. Поспехаў Вам у працы!
Старонку падрыхтавала Наталля Чыркун, студэнтка БДПУ імя М.Танка.
Отправить комментарий