Той, хто жыве ў вёсцы, ведае, наколькі нярвовым, турботным бывае для кожнага ўладальніка прысядзібнага ўчастка той час напрыканцы лета, калі трэба зжаць, абмалаціць уласную збажыну. І асабліва хвалююцца, перажываюць састарэлыя бабулькі, якія і спаць спакойна не могуць, пакуль жыта ці ячмень на корані стаіць, таго і глядзі – асыпацца пачне. Каб хоць яшчэ гадоў дзесяць таму, ніхто б з іх чакаць не стаў – сярпамі збажыну пазжыналі б, снапы ў бабкі паставілі, а пасля ў капе ўкрылі. Але цяпер амаль ва ўсіх балючыя рукі, не могуць той серп трымаць. А сваіх гарадскіх ужо дачок, унучак не навучылі сярпом жаць, разлічваючы на іх лепшую долю, вымольваючы ў Бога ім гэту долю, шчаслівейшую, лягчэйшую за сваю.
Такім чынам, цяпер уся надзея на камбайн, на тое, што старшыня сельгаскааператыва не забудзе пра іх, састарэлых, якія ўсё жыццё адпрацавалі на гэтай зямлі і нічога, акрамя мазалёў, падарванага здароўя, ніякага багацця не зарабілі. Вось і сядзяць яны на лавачцы, дый разважаюць, думку гадаюць: калі прыйдзе камбайн?
– Мабыць, не хутка яшчэ да нас чарга дойдзе, – уздыхае баба Надзя. – Ва ўсякім разе, пакуль у калгасе жніво не закончаць...
– Гэта, зразумела, – пагаджаюцца кабеты. – Хаця, як паглядзець... Памятаеце, некаторы год і жніво вялося, і адначасова на “сотках” адзін “Дон” працаваў.
– Мо, тады камбайнаў спраўных было болей, ці начальства не так ціснула на старшыню з завяршэннем уборкі, – выказвае слушную здагадку баба Іра.
– Хто ж яго ведае, як там усё на самой справе – нам жа ніхто не гаворыць, – зноў гучыць дружнае пагаджэнне. – Але калі што не так, то са старшыні ў першую чаргу за калгаснае спытаюць, а не за нашы палоскі...
У самы разгар дэбатаў да бабулек пад’язджае паштальёнка Іна.
– Усё, даражэнькія, хопіць мітынгаваць, – жартаўліва звяртаецца яна да прысутных. – Хутчэй па хатах – мяшкі на зерне рыхтаваць, заўтра да вас камбайн прыходзіць. А я, са свайго боку, пастараюся якраз заўтра пенсію вам прывезці. Так што двайное свята ў вас будзе.
Ох, ужо гэта Іна-Інэса! Ну, сапраўдная малайчына! Прыветлівая, жыццярадасная, умее яна, як заўжды, і добрым словам, і дзеяннем падтрымаць сваіх састарэлых падпісчыкаў, своечасова даставіць ім добрую навіну. Вось і ў гэты раз умомант ажывіліся, павесялелі бабулькі, сапраўды заспяшаліся ў свае хаты. Не, канешне ж, не мяшкі рыхтаваць – з гэтым у кожнай ужо даўно ўсё гатова. А вось пазваніць дзецям, унукам, падзяліцца з імі навіною, запрасіць на падмогу альбо проста прыехаць парадавацца свежанамалочанаму зерню, новаму хлебу – гэта абавязкова. А пасля ўпершыню пасля многіх хваляванняў, бяссонных начэй спакойна прылегчы на ложак – заўтра іх збожжа будзе абмалочана. І можна ўжо не перажываць да восені, пакуль не пачнецца копка бульбы.
Спрадвечнае кола сялянскіх турбот...
Які ў іх розум...
Баба Маня ў вялікай крыўдзе на свайго зяця – нейкіх “няправільных” куранят прывёз ён сёлетняй вясной. Напачатку, праўда, усё добра было – і елі ахвотна, і сваёй квахтухі пільнаваліся, і раслі прама на вачах. А праз нейкія два месяцы і несціся нечакана пачалі.
“Дык чаго тут засмучацца, радавацца трэба”, – скажа хтосьці. Яно-то гэтак, але неўзабаве некаторыя хуткаспелыя нясушкі пачалі “прасіцца” ў квахтухі.
– Ну, і хай садзяцца сабе, выводзяць новых куранятак, – не бачыць ніякай прычыны для роспачы зяць.
– Ты што, здурнеў?! – лаецца баба Маня. – Садзіць квахтух на восень?! Дый не высядзяць гэтыя скараспелкі. А высядзяць – што толку, малых пакідаюць. Які ў іх розум яшчэ?!
Апошні аргумент знаходзіць асаблівую падтрымку ва ўсёй старэчай кампаніі. А баба Ніна тут жа ўзгадвае чамусьці сваю ўнучку Свету, якая радзіла ў дзесятым класе і пайшла давучвацца, школу канчаць, а дачцэ прыйшлося з малым сядзець, гадаваць...
– Во-во, што я і кажу, – няма ў іх яшчэ розуму, – зноў “заводзіцца” баба Маня, акрыленая нечаканым паваротам ходу размовы.
І ўжо незразумела, аб чым ідзе гаворка – аб хуткаспелых куранятах ці дзяўчатах-падлетках, якія ў сваім першым пачуцці забываюцца пра ўсё і не гатовы да самастойнага, а тым больш сямейнага жыцця. Але відавочна адно: тут у бабулек усё ўзаемазвязана, зразумела – хацець не шкодна, толькі што з гэтага атрымліваецца...
Нічога добрага, пераканана баба Маня, і намерана ўстройваць для сваіх маладых “нясушак-куранятак” халодны душ. Кажуць, калі іх перыядычна акунаць у ваду, то неўзабаве імпэт да “выседжвання” ў тых прападзе. Ну, а наконт маладых дзяўчат-падлеткаў, то тут гатовых рэцэптаў у бабулек няма.
– Мо, таксама ў халодную ваду акунаць? – ледзь стрымліваючыся ад смеху, пытаюся ў сваіх суразмоўніц.
– Не дуры галавы! – не прымаюць яны майго жартаўлівага тону. – Табе абы жартачкі, а тут сур’ёзная справа.
Сапраўды, нешта мяне занесла. Абяцаю, што ў далейшым буду больш сур’ёзна ставіцца да нашых агульных гутарак. Прабачэнне прымаецца.
Іван Здрок. (Працяг будзе).
Отправить комментарий