Сейчас загружается

Не выклікаў даверу

Яблыкаў сёлета ў вёсцы многа. Урадзілі і “белы наліў”, і “малінаўка”, і “антонаўка”. Цяпер у гаспадароў адзін клопат – як рэалізаваць вырашчаны ўраджай і, хацелася б, па больш выгаднай цане. З апошнім, праўда, тугавата: мясцовыя нарыхтоўшчыкі не надта раскашэльваюцца. Усю “трасянку-мяшанку”, да прыкладу, ацэньваюць усяго крыху болей чым 200 рублёў за “кэгэ”.

І вось аднойчы ў вёску завітвае прыезджы нарыхтоўшчык. Такі паважны, прадстаўнічы мужчына, ва ўсім белым, на блакітнай “аўдзі”. У людных месцах спыняецца, вядзе далікатную, шматабяцаючую гаворку з патэнцыяльнымі здатчыкамі садавіны. Па яго словах, ён гатовы прыняць ад іх знятыя з дрэў яблыкі “белага наліву” па цане 350 рублёў за кілаграм, пры ўмове, што іх набярэцца не менш за 2,5 тоны – каб аўтамашыну цалкам загрузіць. Тут жа дае свой тэлефон для сувязі: маўляў, калі тавар будзе падрыхтаваны, пазваніце.

Уладальнікі садоў – “беланаліваўцы” – задаволены, аж свецяцца ад шчасця. Яшчэ б! Гэта вам не 165 рублёў за “кэгэ”, якія ў асноўным цяпер у хаду. Таму не могуць нахваліцца новым нарыхтоўшчыкам.

Раптам баба Іра нечакана цікавіцца:

– А што гэта ў яго на лацкану пінжака за два значкі былі пры­шпілены?

– Гэта не значкі, бабуля, а ромбікі, – тлумачыць яе “прадзвінуты” ўнук Андрэйка. – Значыць, чалавек мае дзве вышэйшыя адукацыі, два інстытуты закончыў.

– Як гэта два інстытуты? – перапытвае баба Іра. – Гэта што ж, ён такі няздатны да вучобы быў, што яго ў адным інстытуце не змаглі навучыць?

– Ды не! – рагоча Андрэйка. – Цяпер модна атрымліваць другую адукацыю. Вось твой зяць хто? Правільна, інжынер. А захоча падацца ў камерцыю, асвоіць там маркетынг, менеджмент, пойдзе зноў вучыцца, у другі інстытут.

Не, мой зяць не пойдзе, – упарціцца старая. – Ён і так разумны, талковы, яму два інстытуты не патрэбны, як гэтаму. А, зрэшты, чаму ён з двума інстытутамі нарыхтоўшчыкам працуе?

Нечаканае пытанне бабы Іры павісла ў паветры. Усе змаўкаюць, усталёўваецца падазроная цішыня. Першым не вытрымлівае дзед Уладэк:

– Сапраўды, чаму такі адукаваны чалавек займаецца нарыхтоўкай яблыкаў? Не, тут штосьці не так.

– Пэўна, махляр нейкі, прайдзісвет, – уступае ў гаворку баба Маня. – Наабяцае залатыя горы, а сам абмане – фальшывымі грашыма разлічыцца. І тады шукай ветру ў полі...

– А можа наогул не прыехаць за яблыкамі, – падлівае масла ў агонь бабулін унук. – Мы тут будзем чапляцца па дрэвах, як малпы, а ён не прыедзе. Згніюць яблыкі ў мяшках...

Ад такой намаляванай карціны ўсім становіцца не па сабе, млосна. Бабулькі тут жа мяняюць свае адносіны да дыпламаванага двойчы нарыхтоўшчыка і перадумваюць здаваць яму свае яблыкі. І трэба ж было таму паказацца ім на вочы са сваімі “ромбікамі”...

Каб не страціць святое штосьці

Бываючы ў вёсцы, стараюся, па меры магчымасці, наведвацца на могілкі. І хаця знаходзяцца яны далекавата (па якой дарозе ні пойдзеш, менш трох кіламетраў не будзе), усё роўна сюды цягне. Бо тут пахаваны мае бацькі, родныя, знаёмыя, бо сюды імкнецца стомленая нягодамі душа. І просяцца з яе нявыказаныя словы шкадавання, удзячнасці, словы прабачэння. А ў адказ – ціхі шолах бяроз ды адзінокі скрып пагнутай агароджы над суседнім магільным курганчыкам.

Мае бацькі былі простыя сяляне, шчырыя працавітыя людзі, гатовыя аддаць сваім дзецям апошняе. Іншая справа – што яны маглі аддаць, калі ў калгасе ўсе атрымлівалі голыя працадні, а пасля –лічаныя капейкі. Таму маці ў дадатак да ўсяго карпела яшчэ амаль усю ноч над швейнай машынкай, брала заказы на пашыў жаночага адзення ад кліентак не толькі сваёй вёскі. І ўсё для таго, каб пракарміць нас, траіх дзяцей, вывучыць, вывесці ў людзі. Яна ніколі не скардзілася, не жалілася, успрымала жыццё такім, як яно ёсць. Колькі б няшчасцяў ні выпадала на яе, прама скажу, нялёгкую долю, маці не пераставала маліцца, дзякуючы Богу за ўсё: за радасць і слёзы, за пакуты і лад, за цёплае сонейка і шчодры ўраджай. І сёння ўсё, што ў мяне ёсць, чым багата мая душа, – усё ад бацькоў, ад маці, якая, маючы добрыя здольнасці і творчую іскрынку яшчэ ў польскай школе, перадала іх мне. Таму і кажу, седзячы на лавачцы каля магілы бацькоў, шчыра і ўголас: “Дзякуй вам, мае дарагія, за ўсё, і нізкі па­клон! Даруйце, што я рэдкі госць тут, на апошнім вашым прыстанішчы, што не так часта выпадае мне пагаварыць з вамі. Але ведайце: я любіў і люблю вас, я малюся за вас! Спачывайце сабе спакойна...”.

– А мы яшчэ крыху на гэтым свеце затрымаемся, – чую за спіной нечакана чыйсці голас.

Паварочваюся і бачу свайго аднагодка Уладзіміра Бацяна, які таксама жыве ў горадзе, але рэгулярна прыязджае на могілкі, праведаць пахаваных тут бацькоў. Апошні раз мы з ім сустракаліся каля гэтай каплічкі, здаецца, на Вялікдзень. Шматлюдна тады было, многіх знаёмых упершыню за многія гады пабачылі...

– Гэта правільна, што наведваемся, трэба бываць тут часцей, – нібы ўгадаўшы ход маіх думак, гаворыць Уладзімір Іванавіч. – Па-рознаму складаліся нашы ўзаемаадносіны з бацькамі, часам, як сам ведаеш, не ўсё гладка было, але ўсё роўна мы перад імі ў даўгу неаплатным...

Я пагаджаюся са сваім сябрам, і наша гаворка аб усім пакрысе працягваецца доўга, успаміны наплываюць адзін за другім. І амаль усе яны ў асноўным шчымлівыя, сумныя. Яно і зразумела: успамін на могілках не можа быць радасным, ён толькі сумны. Бо ўспамін тут – гэта пражытае і перажытае. Тое, што не вернеш. Як бы ні хацеў...

У ходзе гутаркі даведваюся і пра такую сумную гісторыю. У другім канцы вёскі жыла адна сям’я – муж, жонка, дзеці былі. Жылі так сабе, пераважна замкнута, адасоблена. Дзеці выраслі, параз’язджаліся хто куды, у вёску наведваліся рэдка. І вось летась жанчына памерла, нядоўга працягнуў у адзіноце і муж – нейкі месяц назад таксама адышоў у свет другі. Зноў сабраліся родныя для пахавання, а дзе матчына магілка – ніхто толкам і не ведае. Прыйшлося ехаць да чужога чалавека – капальніка, каб паказаў месца захавання.

Ну, што тут скажаш? А ці варта наогул штосьці гаварыць? Мёртвыя, як вядома, сораму не маюць. А жывыя?..

Іван Здрок.

(Працяг будзе).

Отправить комментарий

Возможно, пропустили