Сейчас загружается

Вёсачка мая, мая чараўніца…

У кожнага з нас ёсць дарагі і любы сэрцу куточак, дзе нарадзіўся і вырас, дзе першы раз закахаўся, дзе сталі цябе паважаць і ўспрымаць як асобу… Родная вёска, знаёмая да болю вуліца, бераг возера, дзе так салодка марылася, сцяжынка, па якой ішоў з любай дзяўчынай… Усё гэта назаўсёды застанецца ў памяці, куды б ні закінуў лёс, колькі б ні мінула часу…

Усё гэта я перабірала ў памяці, калі прысутнічала на святочным мерапрыемстве ў Тучы. Традыцыя святкавання трэцяга Cпаса, які носіць назву арэхавага, зернавога, хлебнага, тут закладзена даўно. Толькі ў вёсцы Туча аднайменнага сельскага Савета адзначаецца ўрачыстасць пад назвай Роха (дзень заснавання Тучанскай царквы ў 1925 годзе), якая прыпадае на трэці па ліку жнівеньскі Спас, і менавіта ў гэты дзень тучанцы святкуюць Дзень вёскі.

Сучаснае немагчыма без мінулага, і гэта – правільна. З цікавасцю слухалі аднавяскоўцы ўспаміны былога старшыні сельвыканкама Анатолія Іосіфавіча Куракова аб той Тучы, якой яна была шмат гадоў назад. А дзівіцца сапраўды ёсць чаму. У 30-ых гадах яна ўяўляла сабою толькі адну вуліцу, на якой былі пабудаваны 70 хат з саламянымі стрэхамі. У вёсцы меліся 4-гадовая драўляная школа і крама (такія ж, як і хаты вяскоўцаў), царква, а асаблівасцю Тучы быў панскі двор: з гумнамі, стальмашняй, спіртзаводам, некалькімі дзесяткамі кароў і коней і 370 га зямлі. Пасля 1939 года Туча пачала расці, і да сямідзесятых гадоў стала ўжо даволі вялікай вёскай. Так, у 1975-76 гг. у Тучы было 334 падворкі, на якіх налічвалася 139 кароў, а яшчэ ў 33-ох дзяржаўных кватэрах пражывалі 1058 чалавек…

Самае галоўнае багацце вёскі – людзі. Гэта іх плённай працай здабыты  добры ўра­джай у гаспадарцы, адноўлены механічны парк, пабудаваны жывёлагадоўчыя фермы з улікам сучасных тэхналогій і патрабаванняў. Аб гэтым і гаварылі з удзячнасцю да вяскоўцаў дырэктар СВФ “Туча” РУП “Мінск Крышталь” Сяргей Андрэевіч Урбановіч і старшыня Тучанскага сельвыканкама Наталля Леанідаўна Бурак.

Зноў і зноў расказвала загадчыца Тучанскай СБ Валян­ціна Іосіфаўна Здрок пра землякоў, іх жыццёвы і працоўны шлях, а я думала: якая багатая і шчодрая на добрых лю­дзей тучанская  зямля!

Часам можна пачуць меркаванне, што наша моладзь – занадта ганаровая і чэрствая да праблем пажылых. На чым гэта было заснавана, не бяруся меркаваць, ды толькі я пераканалася ў адваротным. Тамара Янучок, Іна Кулеш, Алена Пілецкая, Аляксандр Кулеш… Іх ведаюць у Тучы ўсе, і асабліва тыя, каму па ўзросту і па стану здароўя  так патрэбна дапамога, бо яны – сацыяльныя работнікі. Добразычлівыя, чулыя і спагадлівыя, яны штодзень спяшаюцца да сваіх падапечных, каб прывесці ім прадукты, дапамагчы па хатняй гаспадарцы, управіцца на двары і ў агародзе. Іх добрасумленнасць бачаць вяскоўцы і мясцовая ўлада, за што сакратар сельвыканкама Л.А.Есіс уручыла сацыяльным работнікам сертыфікаты на 100 тысяч рублёў, з якімі яны могуць наведаць гандлёвую кропку і набыць штосьці на свой густ.

А сем’і! Якія дружныя і цудоўныя сем’і жывуць у Тучы! Нават цяжка было ўявіць, што ў рамках аднаго мерапрыемства можна ўшанаваць адразу столькі юбіляраў! Залатое,  жамчужнае, срэбранае, фарфоравае і шкляное вяселлі адзначылі тучанцы на сцэне мясцовага СДК (дырэктар В.М.Здрок)! Урачыста былі зарэгістраваны залатыя юбіляры – Аляксандр Апанасавіч і Валянціна Пятроўна Шлапаковы. Пры рэгістрацыі залатых "маладых" усё было па-сапраўднаму: ручнік, подпісы ў ганаровай кнізе, абмен залатымі пярсцёнкамі, моцны пацалунак  і вясельны вальс. А больш за ўсё былі хвалюючымі віншаванні дзяцей, даўно ўжо дарослых, дзвюх дачок і сына, якія  маюць свае сем’і. Таксама пакінулі свае подпісы ў ганаровай кнізе Тучанскага сельскага Савета  Аляксандр Васільевіч і Фаіна Васільеўна Патапчыкі (45 гадоў сумеснага жыцця, сапфіравае вяселле), Георгій Юльянавіч і Ларыса Іванаўна Ціханы (35 гадоў разам, палатнянае вяселле), адзначылі таксама 30-гадовы юбілей сумеснага жыцця – жамчужнае вяселле – Вячаслаў Густавіч і Ніна Кузьмінічна Вандровічы, Мікалай Іванавіч і Галіна Васільеўна Велічы, Пётр Аляксандравіч і Яўгенія Аляксандраўна Касцюкевічы. Таксама ў гэтым годзе срэбранае вяселле святкуюць Мікалай Міхайлавіч і Святлана Міхайлаўна Клубовічы, Аляксандр Аляксандравіч і Ірына Іванаўна Янучкі; 20-годдзе сумеснага жыцця (фарфоравае вяселле) у Віктара Міхайлавіча і Ірыны Міхайлаўны Карнейчыкаў, Валерыя Казіміравіча і Наталлі Яўгенаўны Лембіеўскіх. Шкляныя юбіляры (15-гадоў у шлюбе) – Сяргей Аляксандравіч і Антаніна Васільеўна Гулякі. Усім сямейным парам, якіх віталі вяскоўцы на свяце роднага сяла, былі ўручаны салодкія падарункі – тарты, з якімі можна было выпіць гарачай гарбаты  халаднаватым жнівеньскім вечарам, сабраўшыся дружнаю сям’ёю.

Не магу не назваць прозвішчы яшчэ двух пачэсных жыхароў Тучанскага сель­скага Савета. Самай сталай жыхарцы вёскі Рудкі споўнілася днямі 90 гадоў, і з гэтай нагоды  Ганне Мітрафанаўне Анікей падарунак адрасаваў Клецкі ТЦСАН. Самая ж маленькая тучанка нядаўна адлічыла тры месячыкі з дня нараджэння, і хочацца пажадаць Альбінцы Буднік моцнага здароўя, расці дужанькай і вялікай разумніцай на радасць бацькам.

Многа гучала на свяце вёскі ў Тучы добрых слоў і прыгожых песень у выкананні і мясцовых самадзейных артыстаў, і калектыва мастацкай сама­дзейнасці Галынкаўскага СДК. Не адарваць было позірка ад вышыванак Валянціны Аляксееўны Нупрэйчык і Аляксандры Іосіфаўны Нупрэйчык. І ўсе гэтыя пачуцці і выказванні можна аб’яднаць адным сэнсам: любімая вёска, мілыя сэрцу людзі, землякі…

Дык няхай доўгім будзе твой век, вёска Туча, ажыўленымі – вуліцы, квітнеючымі – сады, і шчаслівымі – людзі гэтага слаўнага кутка Клеччыны…

Валянціна Сянкевіч.

Фота аўтара.

Отправить комментарий

Возможно, пропустили