Вось і адышло лета ў сваё чарговае небыццё. Адышло ціха, спакойна, неяк адухаўлёна, пакідаючы пасля сябе яшчэ на каторы час цяпло і сонечнае надвор’е. Мне асабліва сумна развітвацца з ім, бо яно нагадала апошняе лета вясковага юнацтва. Роўна сорак пяць гадоў назад пяць дзяўчат і адзін хлопец нашай вёскі, атрымаўшы атэстаты сталасці ў Грыцэвіцкай сярэдняй школе, сабраліся разам пад Ганчынымі бярозамі, каб пажадаць адзін аднаму на развітанне шчасця, удачы ў самастойным жыцці, абяцаючы не забываць усіх і кожнага, рэгулярна сустракацца.
Ах, як многа б я даў, каб вярнуць тое лета, яшчэ раз перажыць той вечар... Калі здавалася, што ўсе шляхі-дарогі нам адкрыты, падуладны, што аніякіх праблем, страт на іх ніколі не будзе, калі сэрца заходзілася ад першага кахання... Адным словам, калі дрэвы былі вялікімі, а ты – шчаслівым. Толькі пра гэта не здагадваўся, не цаніў, не аберагаў.
Жыццё аказалася, як гэта банальна ні гучыць, куды больш складаным, непрадказальным, а нярэдка і жорсткім выпрабаваннем для кожнага з нас, чым гэта ўяўлялася. Паразлятаўшыся па свеце, нарабіўшы нямала памылак, сутыкнуўшыся са шматлікімі нягодамі, крыўдамі, мы на ўласным вопыце пераканаліся ў справядлівасці народнага сцвярджэння: жыццё пражыць – не поле перайсці...”.
Не ведаю, як каго, а мяне заўжды ў самых складаных жыццёвых сітуацыях цягнула на вёску. Бо быў упэўнены: тут – святло і дабрыня, вера і надзея, падтрымка і дапамога. Тут многія гады не патухаў для мяне агеньчык бацькоўскай хаты, тут не пераставалі чакаць мяне самыя дарагія, родныя і блізкія людзі. А яшчэ я ведаў, што менавіта тут, на маленькай радзіме, хутчэй за ўсё магу сустрэцца з сябрамі, аднагодкамі, дзяўчатамі свайго юнацтва. І нярэдка гэтыя чаканні збываліся – амаль кожнае лета, калі самая пара водпускаў, дзве-тры сустрэчы такія адбываліся абавязкова.
І вось гэтым летам мне пашчасціла пабачыцца адразу з усімі сваімі сяброўкамі-аднагодкамі. І калі з Вольгай, Нюсяй, Глафірай мы і раней сустракаліся больш-менш часта, то Галю Лямеш удалося ўбачыць (цяжка нават сабе ўявіць) упершыню з таго памятнага развітальнага лета. У ходзе кожнай сустрэчы цёплым, добрым словам успаміналі нашу любіміцу Танюшку, якая так раптоўна пакінула гэты свет, шкадавалі, што агульны збор выпускнікоў школы шэсцьдзесят пятага перанеслі на 50-гадовы юбілей. Хто ведае, каго тады яшчэ не далічымся пры такім нашым сённяшнім няпростым і непрадказальным жыцці.
А яшчэ ў ходзе кожнай сустрэчы мне даводзілася адказваць на адно і тое ж самае пытанне: “Ну, як я выглядаю? Сапраўднай бабулькай стала?”. Ды не, вядома ж, не, мілыя мае, дарагія дзяўчаты! Ніякія вы не бабулькі, ва ўсякім разе, для мяне. Вы былі і застанецеся для мяне заўжды такімі ж мілымі, абаяльнымі, прыгожымі, якімі былі сорак пяць гадоў назад, на зыходзе нашага развітальнага лета. Я і сёння, здаецца, бачу кожную вяснушку, ямку на шчацэ, лагодную ўсмешку на вашых тварах, магу адшукаць той самы непаслухмяны завіток у вашых валасах, што выбіваўся калісьці з-пад касынкі ці моднага капялюшыка. Не, вы ніяк не змяніліся, і адзін я толькі ведаю – наколькі вы маладыя!
Усё гэта я мог сказаць сваім субяседніцам, а абмяжоўваўся, чамусьці, дзяжурнымі словамі аб непадуладнасці гадоў у адносінах да жанчыны, яе прыгажосці, жыццястойкасці. І тут я ніколькі не крывіў душой, хаця, паўтаруся, хацелася сказаць іншае, пра тое, аб чым вельмі трапна, на мой погляд, напісаў вядомы наш паэт:
Дзяўчаты майго юнацтва,
Зялёнай, бяссоннай пары...
Змаглі вы такімі ж застацца,
А я –
Беззваротна стары.
Так, я буду сумаваць па адышоўшым леце, якое, нягледзячы ні на якія прыродныя катаклізмы, падарыла мне нямала незабыўных сустрэч з цікавымі, шчырымі, працавітымі людзьмі, маімі аднавяскоўцамі, узбагаціла новымі назіраннямі, роздумамі. Я буду ўспамінаць усё гэта шэрымі восеньскімі днямі, калі бясконцыя дажджы і голыя дрэвы будуць наганяць тугу, і захочацца знайсці хоць які-небудзь паратунак. Летнія сустрэчы, гутаркі будуць саграваць мяне і зімой, калі мароз і холад зноў паспрабуюць забрацца ў маю гарадскую кватэру, каб зусім сапсаваць настрой. Толькі гэтага не будзе – лета застанецца ў маёй душы.
Іван Здрок.
Отправить комментарий